Ідзе Кім вясноваю вуліцаю — вунь ужо як парэчкі ды смуроднік ля платоў зелянеюць! — вытылінгвае сабе пад нос тую ж «Кахоўку» (цяпер яна ўжо, лічы, на ўвесь дзень у галаву ўбілася, калі толькі ўсё добра будзе), і на душы ў яго светла і бясхмарна, як у небе маёвым. Анягож, як той казаў! Яму сорак чатыры гады, ён здаровы і дужы, ёсць у яго разумная і прыгожая жонка, такая ж разумная і прыгожая дачка — амаль студэнтка, расце гультаяваты, але таксама не дурны, самастойны мужчына, сын, ёсць у яго акрамя гэтага і яшчэ шмат-шмат чаго, дык чаму, скажыце, не будзе ў яго добрага настрою? «И жизнь хороша, и жить хорошо!» Не дурныя людзі, гэтыя паэты. Недарэмна і Лера ўсё каля іх ды каля іх. З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Правільна людзі кажуць. Абы толькі... «Толькі б ціха на свеце было, толькі б ціха на свеце...» Таксама ж паэт сказаў.
І ўсё ляцела і ляцела кудысьці гарачая куля, і ўсё стаяў і стаяў браняпоезд на запасным пуці...
ЛІПЕНЬ 1981 ГОДА
Яны збіраліся ўсёй сям'ёй на бераг Нарачы, у дом адпачынку...
Асабліва радавалася Валерыя Віктараўна. І найперш таму, што паедуць не абы-куды, а на славутую Нарач. Столькі чытала пра гэтае беларускае мора, столькі разоў расказвала пра яго вучням, а сама ні разу не была на ягоных берагах. Дзеці быццам аберагалі, ашчаджалі яе гонар, так ні разу і не папытаўшы, ці была яна сама там. Ёй чамусьці было б сорамна прызнацца, што — не была. З малых гадоў занатоўвала ў сэрцы мясціны на Беларусі, дзе з гадамі збіралася абавязкова пабываць. Назбіралася такіх мясцін нямала: Белавежская пушча, Свіцязь і Навагрудак, купалаўскія Вязынка і Акопы, коласаўскія Мікалаеўшчына і Альбуць, вёска Нізок на Уздзеншчыне, Цімкавічы на Капыльшчыпе, Полацк, Брэсцкая крэпасць, Хатынь... Сярод гэтых мясцін была, вядома, і Нарач. Яна лічыла, што кожнаму беларусу трэба пабываць у гэтых мясцінах. Грэшна не пабываць. Сорамна не пабываць. Гэта непавага да самога сябе, да свайго народа і да роднай зямлі. На Нарачы яна ўсё яшчэ не была. І калі ёй упершыню за дваццаць гадоў ледзь не сілком уручылі сямейную пуцёўку ў дом адпачынку, яна абрадавалася найперш таму, што той дом адпачынку на Нарачы.
Яны паедуць туды ўсе, учацвярох. Раз яна так доўга чакала стрэчы з Нараччу, хай гэтая стрэча будзе асаблівая — стрэчаю для ўсіх іх, у тым ліку і для Юлькі, хоць яна ўжо ж была там: ездзіла з аднакурснікамі ці то на экскурсію, ці то на двухдзённы адпачынак на турбазу. Такой бяды! Тады яна бачыла Нарач у кампаніі сябровак і сяброў, а цяпер пабачыць разам з імі і, пэўна ж, пабачыць крышачку не так, як мінулы раз. Тут ёй будуць памагаць іхнія вочы — татавы, маміны, брацікавы.
Увогуле дык яна не рвалася ехаць куды-небудзь у адпачынак. Яе неяк не закранула ўсеагульная мода — можа, нават не мода, а сверб, пошасць, якая захліствае ўсіх, асабліва апошнім часам — з'ездзіць улетку на поўдзень, да мора. Вядома, калі каму трэба, калі каму тое самае мора і крымскае ці чарнаморскае паветра паправіць здароўе — што ж, мо і трэба з'ездзіць, хоць яна пры гэтым заўсёды са шчымлівым смуткам згадвала хворага юнага Максіма, якога не падняла на ногі далёкая сіняя бухта, а ўсё роўна як даканала яго. Зусім няшмат сярод летняга паўднёвага патоку хворых — адзінкі, лічы. І аформленымі адпачыванцамі, і дзікунамі едуць пераважна маладыя і здаровыя, а калі пажылыя і старыя, дык таксама, дзякаваць богу ці каму іншаму, здаровыя, крамяныя, нават загарэлыя. А едуць, бо — мода, прэстыж. Ужо і сюды, у вёску, дакацілася гэтая чарговая адзнака надта важнай і ганаровай прэстыжнасці. Яшчэ зусім маладыя таты і мамы ў школьных сачыненнях на тэму «Як ты правёў лета» пісалі аб тым, як пасвілі статак, памагалі калгасу палоць буракі ці сушыць сена, а іхнія дзеці пішуць аб тым, як купаліся ў Чорным моры, як хадзілі з рукзакамі па Каўказе, як збіралі кропелькі бурштыну на Рыжскім узмор'і.
Яе не захліснула гэтая хваля, не закрануў гэты нясцерпны сверб. Яна кожнае лета вадзіла дзяцей туды, дзе, лічыла, ім пабываць куды больш карысна. Пешшу, на веласіпедах, на аўтобусе, на цягніку яна пабывала з дзецьмі амаль ва ўсіх тых мясцінах, якія назапашвала ў сэрцы змалку. У гэтых паездках і паходах яны загартоўвалі не толькі цела. Яны наталялі і душу. І апошняе яна лічыла куды больш важным, чым атупляючае, шашлычнае — з боку на бок — самападсмажванне на чарнаморскім пляжы. З паездак і паходаў яны абавязкова прыносілі ў школу альбом фотаздымкаў і дарожных уражанняў, і гэтыя альбомы ў школьных шафах — як прыступкі росту і сталення вучнёўскіх душ. І яе, разам з вучнёўскімі,— таксама.