Кожную такую паездку, кожны пешаходны ці веласіпедны паход яна памятае да драбніц. Памятае, як захварэла аднойчы ў паходзе Лена Бычкоўская. Яны начавалі ў палатках на беразе лясной рачулкі. Спыніліся заначаваць. І тут высветлілася, што Лена захварэла — падскочыла тэмпература. Яна, настаўніца, на нейкі момант разгубілася. На дварэ ноч, да вёскі — кіламетры тры. Хлопчыкі ж, яе сямікласнікі, не пабаяліся цемнаты, збегалі ў вёску, прывялі фельчарку, а пасля, калі яна паставіла Лене гарчычнікі і пакінула лекі, гэтак жа дружна правялі фельчарку дадому, потым тры дні па-брацку выходжвалі хворую сяброўку.
Яе заўсёды ў паходах здзіўляла, уражвала тое, як сямікласнікі, шасцікласнікі, пазбавіўшыся штохвіліннай апекі дарослых, рабіліся на вачах сталейшымі — разважлівымі, сур'ёзнымі людзьмі. Яны самі, без яе падказкі, рабілі такое, што яна толькі ціха радавалася.
Памятае, ехалі на веласіпедах у Багушэвічавы Кушляны. Халодны, з дажджом вецер лупіў у твар. І хлопчыкі папераменна ўзначальвалі доўжанькі ланцужок веласіпедыстаў, не дазваляючы ні ёй, настаўніцы, ні дзяўчынкам ехаць першымі і прымаць на сябе ўсю сілу ветру. А з якой дабрынёю, нават з пяшчотаю адносіліся ў паходах большыя, старэйшыя да меншых, малодшых! Яна і па сёння памятае Лёву Кунскага. Ён тады перайшоў у дзевяты. У лесе ім трэба было перайсці нешырокую і неглыбокую рачулку. Парашылі ў ваду не лезці, а перакінуць з берага на бераг сухастоіну. Так і зрабілі. І шчасліва перабраліся на другі бераг, за выключэннем ментуза-пяцікласніка Толіка Гарустовіча. Яму трэба было паслізнуцца і вывіхнуць нагу. І так няўдала, што не мог на яе прыступіць. І Лёва Кунскі добрыя чатыры кіламетры нёс Толіка — ён быў досыць цяжкі, пульхны такі, сапраўдны мянтуз! — на спіне.
Рэдка які паход ці паездка абыходзіліся без прыгод, няхай гэта былі і невялікія прыгоды. У аднаго падарожніка раптам пачыналі прасіць кашы чаравікі, у другога не аказвалася з сабой запасных шкарпэтак, у трэцяга не было лыжкі — згубіў па дарозе ці забыўся на прывале, у чацвёртага на пяце вырастаў мазоль, у пятага ламаўся веласіпед... Прадугледзець усё гэта не было ніякай магчымасці. І калі спачатку яна палохалася, дык пасля навучылася ўспрымаць гэтыя прыкрыя дробязі спакойна: ведала, што яе хлопчыкі і дзяўчынкі з такімі бедамі справяцца.
Аднаго разу давялося перадрыжаць-перакалаціцца страшэнна. Паход быў, па сутнасці, аднадзённы, але з начлегам у палатках. Восенню. У канцы верасня. Увечары яны весела сядзелі на ўзлеску вакол высокага кастра, спявалі песні, чыталі вершы і не думалі ні аб чым благім. І некаму ўзбрыло падсмажыць на вогнішчы на ражончыку сала. Неўзабаве ўжо ўсе, абступіўшы шчыльна вогнішча, стаялі з ражончыкамі. Ёй таксама падалі дубчык і скрылёк сала з лустачкай хлеба. Падсмажанае на полымі сала было надзвычай смачнае. Захапіўшыся, яна не ўгледзела, як сёй-той пачаў падсмажваць і грыбы. Яна спалохалася: якія грыбы? Усе запэўнілі, што падсмажвалі і елі яны апенькі. Але ў яе як закраўся халадок трывогі, так і не праходзіў. Урэшце яна не стрывала і загадала збіраць лагер і спешна ісці дадому. Дзеці ўпарціліся, угаворвалі яе застацца, кляліся, што ім нічога не баліць і не будзе балець, але яна не паддалася, настаяла на сваім. Прыйшлі яны ў Чырвоны Бор недзе апоўначы. І правільна зрабілі, што прыйшлі. Чацвёра хлопчыкаў яшчэ па дарозе пачалі скардзіцца на слабасць і на галавакружэнне. Яна падняла з пасцелі Насцю, расказала, што здарылася. Насця загадала неадкладна везці ўсіх, хто еў грыбы, у бальніцу. Бяды не здарылася, скончылася ўсё добра. Але з той пары яна зразумела, што расслабляцца з дзецьмі няможна.
Яна, вядома, стамлялася ў тых паходах. Адчувала яна сваю віну і перад Кімам, бо ў тыя дні яму даводзілася нялёгка, асабліва пасля таго, як паявіўся Юрка. Але яна ніколі не шкадавала ні страчанага часу, ні загубленых нервовых клетак. Яна разумела, што паходы давалі дзецям нямала — і ведаў, і эмоцый, і вопыту. Але яшчэ болей, пэўна, яны давалі ёй самой. Акрамя таго, што яна такім неспадзяваным чынам ажыццяўляла сваю дзіцячую і юначую мару — пабываць ва ўсіх слаўных мясцінах краю, яна спазнавала дзяцей. Дні паходаў давалі ёй у гэтым сэнсе куды больш, чым тыдні і нават месяцы будзённай вучобы. Дзеці раскрываліся зусім з іншага боку, нечакана і ўражліва. І часта яна, расчуліўшыся, шаптала малітву свайму педагагічнаму богу, які абраў яе ў свае памочнікі.