Ну, а Кім... Яму, пэўна, не падабалася, што жонка вельмі часта ахвяруе сваім часам дзеля грамадскай работы. Вядома ж, не падабалася. Ці нарадзіўся той мужык, які б радаваўся, што жонка пакідае яго з дзецьмі дома, а сама, ці бачыце, ідзе ў паход з чужымі дзецьмі? Але Кім не паказваў выгляду. Адзінае, што ён дазваляў сабе, гэта паблажлівыя посмешкі з яе, якімі ён, мусіць, і прыхоўваў сваю незадаволенасць. Калі яна вярталася з паходу ці з экскурсіі і лягала спаць у такія дні раней, ён, суцішаючы дзяцей, мог быццам і нязлосна, нават лагодна папікаць яе, кажучы дзецям: ціха, не падымайце гвалту, мама выконвала дзяржаўнае заданне асаблівай важнасці, яна страшэнна стамілася і хоча спаць... І ёй, чуючы гэта, хацелася заплакаць ад крыўды і злосці, бо стамілася яна сапраўды страшэнна, нервы і ўсё цела прасілі спакою і спачыну, і ў горле перасядаў даўкі камяк ад таго, што і ён, яе Кім, не разумее ўсё ж яе да канца, быццам мімаходзь падпускае шпількі. Але яна не давала волі слязам. Наадварот, прымушала сябе ўсміхнуцца з ягоных слоў і заснуць.
Пачуўшы ж пра тое, што яны ўсе разам паедуць на Нарач, Кім таксама не прамінуў падкалоць Валерыю Віктараўну. Звяртаючыся нібы да дзяцей, сказаў:
— Ну, нарэшце дажылі! І мы дачакаліся, што мама павядзе нас у паход! Ура!
Яна дакорліва сказала:
— Кім, навошта ж так? Хоць бы што новае прыдумаў!
Ён як збянтэжыўся:
— А мы нічога, мы рады. Юля, Юрка, мы рады?
— Рады! — закрычаў Юрка.
Зрэшты, і ён, і яна разумелі, што ўсё гэта дробязі, што ён ніколі ўсур'ёз не абураўся тым, што жонка, як маладзён, у якой ні хаты, ні сям'і, гойсае то на колах, то пешшу сюды-туды з дзецьмі, і яна ніколі не ўспрымала яго посмехі інакш, чым бяскрыўдныя падначкі. Ён ведаў, што яна іначай не можа, што калі б яна так не рабіла, то, значыць, не была б Валерыяй Віктараўнай, настаўніцай і завучам-арганізатарам, той Валерыяй Віктараўнай, якую і ён упадабаў за тое, што яна была не такой, як усе, што ў ёй сядзіць усярэдзіне нейкі сімпатычны чорцік, які казычыць яе і не дае спакою, і праз гэтага добрага чорціка яна сама глядзіць з усмешкаю жыццю ў вочы і зapaджae іншых глядзець на свет весялей, дабрэй, ласкавей. А яна, у сваю чаргу, ведала, што ён кахае яе, і гэта галоўнае, бо калі чалавек кахае, ён ва ўсім, што робіць каханы ім чалавек, бачыць добрае і прыгожае, ну, а калі ён усё ж зрэдзь часу пабурчыць, дык трэба ж зразумець і яго, ён жа мужчына, сутыкаецца з іншымі мужчынамі, а яны, мужчыны, ахвочыя абгаварыць сваіх і чужых жонак не менш, чым жанчыны сваіх і чужых мужыкоў, і таму яму таксама трэба трымаць марку і паказваць, што, нягледзячы на ўсё, ён у сям'і галава, што ён проста церпіць да пары да часу гэтыя жончыны выбрыкі, тым больш, маўляў, што і Карней Васільевіч, і Іван Фёдаравіч асабіста прасілі яго, Кіма, не злавацца на Валерыю Віктараўну, не папракаць яе частымі ўцёкамі з дому, бо ў гэтай справе яна чалавек незаменны, гэта не падлягае сумненню, ён, Кім, разумее гэта, вядома, лепш за іншых, не яму пра гэта гаварыць, і яны, дырэктар з завучам, пачалі гэтую гаворку з ім толькі дзеля таго, каб сказаць ёй, Валерыі Віктараўне, вялікі дзякуй і не менш вялікі дзякуй яму, Кіму, што ён таксама так глыбока разумее іхнія школьныя клопаты і турботы...
Яны збіраліся выправіцца з дому дзесятага ліпеня. Валерыя Віктараўна прапанавала была ехаць на веласіпедах — два веласіпеды ў іх былі, а два можна было б пазычыць у суседзяў. Але рэшта — усе трое — з ходу адмовіліся: яны паедуць, як усе людзі, на аўтобусе, дзе будзе і ў дождж суха, і ў вецер ціха і цёпла. Яна вымушана была пагадзіцца, хоць і сказала, што самая брыдкая, агідная, паскудная, недарэчная, нават варожая прымаўка — жыць, рабіць, думаць, як усе. Кім і Юрка на гэта прамаўчалі, а Юля запярэчыла, падрабляючыся пад той жа тон і інтанацыю, сказала, што, як бы яны ні арыгінальнічалі, усё адно прыдумаць што-небудзь новае не змогуць, бо людзі зараз падарожнічаюць пешкі, на веласіпедах, на аўтамашынах, на байдарках, на конях, на сабаках, на каньках, роліках, седзячы, лежачы, на руках і нават на галаве. Валерыя Віктараўна канчаткова падняла рукі і пагадзілася на аўтобус. Праўда, яна была заікнулася пра самалёт, чула, што на Нарач лятае з Мінска і ў Мінск кукурузнічак, але Юля, якая цяпер ведала больш за астатніх траіх, разам узятых, аўтарытэтна заявіла, што на тым самалёціку лятаюць рэдкія камандзіровачнікі, а яшчэ тыя, хто спяшаецца да хворага, хто імчыцца скласці кампанію добраму другу і напоўніць яго апусцелую кішэню, хто ляціць на злом галавы выкрыць у здрадзе легкадумна адпушчаную ў дом адпачынку супругу ці наадварот, чуткі аб чым чамусьці заўсёды даходзяць да пакінутага дома супруга раней, чым той (тая) на Нарачы паспела (паспеў) здрадзіць...