Значыць, дзесятага ранічкаю яны першым аўтобусам едуць у Мінск, там хуценька, не затрымліваючыся, на аўтавакзал і недзе к абеду, як абяцае расклад, будуць на Нарачы. Зразумела, што і напярэдадні, дзевятага ліпеня, ва ўсіх чатырох быў ужо дарожны, як кажуць, чамаданны настрой. Зрэшты, не ва ўсіх. Кім Вікенцьевіч яшчэ зранку пайшоў на работу — перад водпускам трэба было падрабіць недаробленае, яшчэ раз прыкінуць на адыход, ці не забыўся на што-небудзь, карацей кажучы, падбіць бабкі. А яны трое былі дома: Валерыя Віктараўна, Юля і Юрка. Жанчыны прасаваліся і пакаваліся, а Юрка... замінаў ім. Урэшце чамадан і сумка былі зладаваны. Блізіўся час абеду. Каб падышоў, здагадаўся падысці бацька, то было б зусім добра — адным заходам, не трэба было б двойчы падаграваць. Падумала так Валерыя Віктараўна і пачула трэск матацыкла на вуліцы, а пасля гучную гамонку. Вызірнула ў акно. Непадалёк ад іхняга дома, калі глядзець наўскасяк, пад кантору, стаяў матацыкл з каляскай, і некалькі чалавек аб чымсьці ажыўлена гаманілі. Што там здарылася? На матацыкле Грыша Багінскі, заатэхнік, іхні нядаўні выпускнік, калгасны камсорг. Пра нешта расказвае? Пэўна ж, штосьці здарылася...
Валерыя Віктараўна выйшла на вуліцу, падышла да купкі людзей. Грыша, убачыўшы яе, зноў, пэўна, не першы ўжо раз, пачаў расказваць:
— Дык я кажу. Напаткаў Дзюдзю. На веласіпедзе ехаў у магазін. Прыпыніўся, паздароўкаўся. Я кажу, што чуваць. А ён мне адразу: а што чуваць, калі Тамільчык Лёньку свайго сякерай?
— Які Тамільчык, Грыша? — спытала яна.
— Адзін жа Тамільчык у нас у Рудні,— адказаў Багінскі.
Сэрца ў яе абарвалася. Лёню бацька сякерай? Не можа быць!
— Хто табе сказаў, Грыша? Ад каго ты чуў?
— Валерыя Віктараўна, я пяты раз ужо кажу. Хвілін пяць назад напаткаў Дзюдзю, дык ён і сказаў, быццам Тамільчык свайго Лёню сякерай...
— Сына — сякерай?!
— Ай, Віктараўна, не слухайце вы! Мала што Дзюдзя скажа! Набрахаў, пэўна! — супакоіла колішнюю сваю пастаялку Люба Міхалкава, якая ішла з магазіна і таксама прыпынілася паслухаць дзікую навіну.
— Чаму ж ты, Грыша, не распытаў, што там, чаго?
— Не паспеў я. Дзюдзя сеў на веласіпед і паехаў.
— Збрахаў, пэўна.
— А ліха яго ведае! Тамільчык жонку-то біў, гэта точна. От Лёнька, можа, і заступіўся за матку, а тады ён у злосці...
— Біў жонку? — перапытала Валерыя Віктараўна.
— Біў, Віктараўна, біў,— заківала галавой Люба.— І не першы год. Я не ведаю, як яна і церпіць. З-за дзяцей хіба. Помню, бульбу перабіралі на іхнім полі, пад Рудняй, дык яна ўся чыста ў сіняках была...
— За матку, Віктараўна, заступіўся, няйначай, Лёнька...
Слухала яна і не магла супакоіцца. Лёнька Тамільчык — яе радасць і боль. Колькі яна памэнчылася з ім, каб Лёнька стаў сённяшнім Лёнькам. Усе гізунты з настаўнікаў павыцягваў, як Марыя Міхайлаўна кажа. Думалі ўжо, што не дадуць рады, што пойдзе хлопец па дрэннай дарожцы. А яна ўсё-такі здолела яго неяк прыручыць. Першы раз сілком зацягнула, лічы, на заняткі літаратурнага гуртка. У шостым класе ён тады быў. Зацягнула, а пасля і сама не рада была. Некіруемы ён быў, Лёнька Тамільчык. Не ўведаць і не здагадацца, што ён выкіне ў наступную хвіліну. Заняткі ён тады ёй сарваў. Але яна не адступілася — за руку прыводзіла яго ў гурток зноў і зноў. Ён ужо ці не знарок ёй упарціўся, з недзіцячай зацятасцю выцягваючы з яе тыя самыя гізунты. Аднак жа і ў яе збудзілася яшчэ большая зацятасць. У дадатак яе зацятасць падмацоўвалася не злосцю, а цярплівасцю, разуменнем, што на яго трэба ўздзейнічаць дабрынёю, ласкаю. І яна перамагла. У сёмым класе Лёня Тамільчык стаў пераможцам школьнага конкурсу на лепшы верш, прысвечаны Дню Перамогі над фашысцкай Германіяй. Верш быў пра Мікалая Гастэлу. Называўся — «Ён і мяне ўратаваў». Яна і цяпер, праз два з гакам гады, памятае той верш. Стаяць радкі ўваччу:
— Грыша, ты не палянуешся пад'ехаць туды?
— Куды, Валерыя Віктараўна?