Выбрать главу

Толя быў у Чырвоным Бары наезджы. З бежанцаў ці пагарэльцаў. У гады вайны матка яго прыблукала сюды з трыма дзецьмі — дзвюма дзяўчынкамі і хлопцам. Аціралася колькі дзён у адных людзей у хаце, колькі дзён — у другіх, пакуль не нараілі ёй займаць пустую стадолу Хаіма Шпільмана. Шпільмана з яго Рохаю і дачушкай Ірай расстралялі яшчэ ў сорак першым, а хата стаяла. Міхнючыха спачатку аднеквалася, палохалася, а пасля рашылася і пасадзіла дзяцей на шырокую і высокую Шпільманаву печ, у якой і на якой ён сушыў і парыў сырамятную скуру — Хаім шыў хамуты і збрую: аброці, набердкі, лейцы, папругі. Пасля вайны думала Міхнючыха варочацца дадому, у свае Барсукі, якія былі ад Чырвонага Бору за кіламетраў трыццаць, але аказалася, што хата яе згарэла і вяртацца ёй не было куды. Дык як сядзець, так і сядзець. І ўжо сюды, у Чырвоны Бор, вярнуўся да жонкі і дзяцей і сам Міхнюк — Іван.

К таму часу, як у вёску прыехала з тэхнікумаўскім дыпломам прадаўшчыца Ліза, дочкі Міхнюкоў былі ў горадзе, а бацька іхні спаў на могілках вечным сном. Неўзабаве ж пасля сынавага вяселля памерла і маці. І Ліза такім чынам стала паўнаўладнай гаспадыняй вялізнага, але не надта дагледжанага Шпільманавага дома. Вось тут людзі і ўбачылі, як пашанцавала Толю Міхнюку на жонку. На жонку, якая богведама з чаго ўмее рабіць грошы і якая заткне за пояс дзесяцёх мужчын, асабліва такіх, якім быў Толеў бацька Іван Міхнюк: гультаяватых, непаваротлівых. А Ліза аказалася паваротлівая. Ды такая, што пры ёй і Толя закруціўся, бы ўюн. Лізіны грошы і выкрутлівасць плюс Толева сіла і конь — Толя рабіў на ферме падвозчыкам — далі неблагі плён. Літаральна праз гады тры Шпільманавай хаты стала не пазнаць: яна была ашалявана і выфарбавана ў жоўценькі і блакітны колеры, накрыта шыферам, да яе прыбудавана прасторная, скрозь зашклёная веранда. Пад домам і раней быў невялікі пограб — на бульбу і гародніну. Ліза ж прымусіла Толю выкапаць замест яго аграмадны склеп, ці не на ўвесь дом. Колькі зямлі папанасіў Міхнюк разам з жонкаю — хто калі палічыць, затое атрымаўся не пограб і не склеп, а падзямелле, безваконная хароміна, як цяпер бы сказалі — самы сапраўдны цокальны паверх.

Ліза нарадзіла Толю траіх дзяцей — дзвюх дзяўчынак-блізнятак і трэцюю дзяўчынку, амаль пагодку дзвюм першым. Яна рабіла ў краме, ён — на ферме, гадавалі сваю, як казалі, тройню і жылі сабе бадай што прыпяваючы, нават і без бадай — сапраўды прыпяваючы, калі мець на ўвазе дастатак у хаце і ля хаты. Дастатак, ніхто грэх на сябе не возьме хлусіць, быў. І гаспадыня пра гэта дбала, і гаспадар туды ж глядзеў. Што да іх трапляла, з іхніх рук не сплывала. А ў дадатак і сілы сваёй не шкадавалі. Штогод цяля ў зіму пускалі, налета, глядзі, не адна паперка ў руках, а некалькі адразу, і не малых, а вялікіх, зялёненькіх. Свінні ў хляве не зводзіліся, адна за адну заступалі: калі вяпрук душу аддаваў, дык на вахту заступаў другі такі ж, а праз загарадку падавалі голас двое меншых. Трусоў трымалі: усе будыніны ў двары былі аплецены клеткамі. І пчолы былі, даходзіла, што больш за дваццаць вулляў выстройвалася ў садзе. І сад ладны — за тры дзесяткі дрэў. У іх, у Міхнюкоў, ці не ў першых у Чырвоным Бары і дываны завяліся — і на сценах, і на падлозе, і халадзільнік ці не яны першыя займелі, хоць ён не надта быў і патрэбны пры такім склепе, і радыёла ў дачок была.