Выбрать главу

І час ішоў. Мінуўся год. Справіў Кім угодкі па Валерыі. Людзей сабралася шмат. Каго прасіў, каб прыйшоў, а хто і сам па сабе завітаў — каб памянуць добрым словам незабыўную Валерыю Віктараўну. І зноў, як і год назад, было сказана пра яе шмат добрых, шчырых слоў. Але пасля, як выпілі нібыта абавязковыя тры чаркі, застолле зашумела ўжо весялей і ўжо менш пачалі гаварыць пра нябожчыцу, а больш пра яго, пра Кіма — пра тое, што трэба берагчы і шанаваць жончыну памяць, але трэба думаць і пра сябе, а заадно і пра сына, якому ўсяго толькі дзесяць гадоў і якому надта ж патрэбна жаночая рука і ласка. І адзін госць пра гэта, і другі, і трэці. Кім слухаў іх і ківаў галавой, быццам пагаджаючыся, а сам думаў гэтак жа, як і думаў — што ніякай другой жанчыны ў хаце не будзе, што Леры ён не здрадзіць.

А праз тры месяцы Юлька, толькі перайшоўшы на пяты курс, неўспадзеўкі выскачыла замуж. Ні слова не гаварыла. Нават калі ад'язджала ў канцы жніўня з дому, словам не абмовілася, што ў яе ёсць хлопец і што ў іх гэта сур'ёзна. І рантам за тыдні два да Кастрычніцкіх святаў заяўляецца дадому з хлопцам і — наце вам: во, тата, мой Гена. Ну, Гена дык Гена, а далей што? Далей яшчэ весялей: 5 лістапада мы распісваемся. Мы — распісваемся, а бацька ні слыхам ні дыхам? Ай, добрая дачушка, ай, малайчына! Не стрымаўся, папікнуў: мамы няма, дык можна і так? Яна да яго прытулілася, заплакала: даруй, тата, ты нічога не бачыў, а мама ведала, што мы з Генкам з другога курса дружым, мама нават і бачыла яго, як прыязджала неяк да мяне ў інтэрнат... Ну, і на тым дзякуй, дачка, супакоіла...

Вяселле гулялі толькі ў Мінску, у хаце Генкавых бацькоў. Не зусім у Мінску, а ў Кунцаўшчыне. І бацька, і маці Генавы, гэта значыць яго, Кімавы, сват і свацця, працуюць там у навукова-даследчым інстытуце, там жа і кватэру атрымалі. Добрая кватэра, прасторная, на тры вялікія пакоі. Гасцей багата сабралася. Усё больш з яго боку. З боку Юлькі быў ён з Юркам, Марыя Міхайлаўна, Іван Фёдаравіч ды Інэса Аркадзьеўна. Ён, Кім, упершыню быў на гарадскім вяселлі, і многае тут яго здзіўляла і бянтэжыла. Зрэшты, здзіўляла яго ўжо з самага пачатку само вяселле. Ні сват, ні свацця нават яе прыехалі да яго, каб пагаварыць, парахавацца, што і як. Як быццам ягоная Юлька круглая сірата! І выйшла так, што ён ехаў на даччыно вяселле, як госць. Ехалі яны ўсяго толькі ўпяцёх, і думалася, што і з таго боку збяруцца толькі блізкія сваякі ды сябры Юльчыны ды Генавы. Аказалася ж гасцей поўная хата, сядзелі ўпрытык, локаць у локаць, і, як усё больш пераконваўся Кім, то былі не сваякі, а якіясьці знаёмыя і саслужыўцы свата і свацці. Тым не менш кожны, хто прыйшоў, прыйшоў не з пустымі рукамі. Хоць — не, рукі то якраз былі пустыя, прынашэнні былі ў кішэнях: канверцікі з грашыма. Госці, заходзячы ў хату, адразу ж тупалі да маладога і маладой, да Гены і Юлькі, уручалі ім рознакаляровыя канверцікі і цмокалі ў шчаку яе і яго. А яны, Гена і Юлька, стаялі ля століка, на якім была крышталёвая ваза з кветкамі, і нібы чакалі, калі да іх падыдзе чарговы госць, і ў гэтым чаканні Кіму пабачылася нешта брыдкае, нешта такое, што вельмі б не спадабалася Леры, і ён не пайшоў, як усе, адразу ж да сына і нявесткі, аддаў свой «падарунак» — тысячу рублёў — Юльцы і Гену пасля, улучыўшы момант, калі яны пайшлі ў другі пакой прывесці сябе ў парадак перад тым, як сесці за стол. Ён думаў, што хоць у Мінску сват ці свацця пагавораць з ім, скажуць, колькі яны патрацілі на вяселле і які павінен быць яго пай, як Юльчынага бацькі, і ўзяў з сабой тысячу рублёў, якую меў на кніжцы на ўсялякі выпадак. Але ніхто не абмовіўся з ім пра гэта ні словам. Таму ён і аддаў дачцэ і зяцю ўсю тысячу, чым, заўважыў, вельмі здзівіў Гену.