Выбрать главу

Зумер.

Даруйце, мне ў палату трэба… (Выходзіць.)

Каралёў накіроўваецца да выхаду і сутыкаецца з Юляй.

Юля. На вуліцы надзвычай холадна…

Каралёў. Так…

Юля. Затое на небе зорак багата…

Каралёў. Так…

Юля. I ўсе буйныя-буйныя… I мігцяць.

Каралёў. Так…

Юля. I яшчэ. Адзін мой выпадковы знаёмы ў бары, калі я сказала яму, што кахаю цябе дванаццаць гадоў… Прасіў перадаць табе, што ты ўрод…

Каралёў. Я з ім згодны. (Абдымае яе.) Я сапраўды ўрод…

Дом Каралёва. Ноч. Ціхая музыка. Юля і Каралёў у павольным танцы.

Юля. Дзякую табе…

Каралёў. За што?

Юля. За тое, што я кахаю цябе…

Каралёў. Даруй, я не ведаю, што ў такіх выпадках гаварыць трэба…

Юля. I не гавары нічога…

Каралёў. Хочаш шампанскага?

Юля. Баюся.

Каралёў. Чаго?

Юля. У мяне і так усё кружыцца. Я абамлею…

Каралёў. Ну і на здароўе… У мяне нашатырны спірт ёсць…

Юля. Давай.

Каралёў. Нашатырны спірт?

Юля. Шампанскае.

Каралёў. Зараз…

Юля. Можна я прылягу?

Каралёў. Канечне, канечне… Што ж ты слабенькая такая? Можа есці хочаш?

Юля. Не, дзякуй… (Прылягла на край ложка.) Ой, сапраўды зоркі! А адна рухаецца нават…

Каралёў. Гэта самалёт…

Юля. А чаму не чутно?

Каралёў. Высока…

Юля. А можа спадарожнік?

Каралёў. Можа… Лёд пакласці?

Юля. Як хочаш… Якая я шчаслівая… Палову свайго жыцця не жыла, а ляцела… Што б ні здарылася, што б ні накаціла… варта было толькі ўспомніць пра цябе — усё! Усе праблемы радасцю рабіліся… (Смяецца.) Калі ў час путчу цябе арыштавалі, я хацела на плошчы абліць сябе бензінам і падпаліць.

Каралёў. Прыпадачная!

Юля. Калі ты недзе заявіў, што не прызнаеш Бога, цэлы дзень стаяла ў царкве на каленях і маліла, каб Ён дараваў табе… А калі цябе паклалі на аперацыю — ледзь з глузду не з’ехала…

Каралёў. Юля, мілая, у мяне ніколі нічога падобнага не было… Пашкадуй… Памаўчы… Мая псіхіка не вытрымлівае. Я заплакаць магу…

Юля. Такой бяды…

Каралёў. Колькі памятаю сябе — я быў адзін… У мяне адсутнічае, паталагічна адсутнічае пачуццё натоўпу… Мне ў ім млосна. Натоўп — гэта жывы і да нейкай ступені разумны арганізм… Ён адчувае гэта і ненавідзіць мяне. Я заўсёды хацеў любіць, а ад мяне шарахаліся, як ад заразнага… А калі спрабавалі любіць мяне, дык абавязкова за нешта. Тады я шарахаўся, бо адразу ж адчуваў гэта… Я праклінаў сябе за гэта, я люта зайздросціў тым, хто бачыць тое, што хоча бачыць, і не заўважае таго, чаго не трэба…

Юля. Мы шампанскае піць будзем?

Каралёў. A-а, даруй… Табе не цікава?

Юля. Я цябе кахаю, дурненькі…

Каралёў. За цябе…

Юля. А я за цябе…

Каралёў. У гэтым доме столькі перабывала людзей, а, здаецца, не было ніводнага чалавека і ніводнай жанчыны…

Юля. Ты проста з маленства заўсёды абараняўся. Гэта ўжо ўвайшло не толькі ў звычку, а і ў характер. На цябе ніхто і не думае нападаць, а ты ўсё адно абараняешся… Як ты яшчэ толькі трымаешся? Ты ўжо павінны быў усё сваё здароўе на гэта пакласці…

Каралёў. Нічога. Мяне не так проста скруціць.

Юля. Ну во! Зноў іголкі выпусціў… Ну, а цяпер на каго, вожык?

Каралёў. Даруй…

Юля. Запрасі мяне яшчэ танцаваць.

Каралёў. Ты так любіш танцаваць?

Юля. Абалдзенна!

Каралёў. Ая ненавіджу…

Юля. Ну намагніся ўжо.

Каралёў (уключае музыку, галантна падыходзіць). Мадам! Белы танец!

Юля. Па-першае, мадэмуазель, а па-другое — на белы танец жанчыны запрашаюць.

Каралёў. Ну ўсё адно, прашу вас…

Танцуюць. Б’е гадзіннік.

Юля. Колькі?

Каралёў. Тры гадзіны…

Юля. Позна. Час ехаць.

Каралёў. Можа застанешся? Заставайся…

Юля. Не, давай не сёння. Не сёння. Добра?

Каралёў. Як хочаш… (Засмяяўся.) Жах! Ціхі жах! Юля. Што?

Каралёў. Нічога. Я адвязу цябе.