Выбрать главу

— Ці ты не замнога схуд? Мусіць жанчыны цябе голадам марылі?

— А каб ты ведала, кормяць там дрэнна і вада ўсё выцягвае.

— Заўтра пойдзем да дэрматолага.

— Што ты, чаго мне да яго?

— Я ведаю чаго.

Што рабіць, пайшоў. Дэрматалогам аказалася жанчына ды прыгожая. Паглядзела на мяне, падатыкалася і сказала:

— Нешта тут неясна. Вось адрас і яшчэ сёння ў васемнаццаць нуль-нуль абавязкова пакажыцеся.

"Што будзе?" — прадрыжэў я ўвесь дзень і ў вызначаную гадзіну з'явіўся. Давялося прайсці і праз доўгае даследаванне, але было ўсё добра.

Толькі кватаранты здзіўляліся, што такі малады, а лягае спаць у дзесяць нуль-нуль, як яны.

І ўсё гэта дзякуй лячэбнай вадзе.

1981 г.

ФАРАОНКА

Нарадзілася ў сметніку, дзе няма ніякага толку, маленькая мурашка. Абсохла, падужала, ды палезла па пакоі шукаць сябровак і ежы.

Прайшло пару дзён, і наша малютка ўскарабкалася на стол. Ужо ведае, чаго шукае. Шукае, каб добра наесціся, а мне ежу згідзіць.

Падпёр я кулаком бараду, сяджу, прыглядаюся і разважаю: "Што такая малютка можа каму зрабіць? Яна толькі поўзае, шукае корму. Забіць — шкада, негуманна. Давай, прыкрыю яе цёплай накрыўкай ад гаршка.

Прыкрыў і забыў пра яе, пайшоўшы ў горад. Вярнуўшыся, успомніў, заглянуў пад накрыўку (ці не задушылася?). Што ўбачыў? Мурашка вырасла велічынёй у муху. Здзівіўся, але працягваў эксперымент. Нешкоднае ж насякомае.

Мурашка вырасла ў велічыню мышы і стала непадобнай да свайго роду. Цяпер я спужаўся: вырасце гэтае насякомае ў сабаку? Але чакаў, што з гэтага будзе: пакусае мяне ці не пакусае?

А мурашка расла і ўсё часцей зубы на мяне вышчарала. Я ўжо добра злякаўся, але нішчыць яе не хацеў, чакаў пагаднення (ты мяне не чапай і я не крану цябе). Што будзе, то будзе, зачыніў мурашку ў шафе.

Відаць, умовы там спрыялі мурашцы, вырасла, патаўсцела, разваліла шафу, выйшла на пакой, трахнула мяне па мордзе і давай наладжваць свае парадкі. Патрапала посуд, вышчарбіла сцены, урэшце села з другога боку стала і спытала, дзе хачу вісець: на дрэве ці на стаўбе? Я пык-мык; вісець нідзе не хачу, хачу жыць. А мурашка-звер кажа: — Калі хочаш жыць, то яшчэ крыху пажывеш, але мусіш мне ва ўсім падпарадкавацца.

— О, гэтага не будзе!

— Пабачым, — сказала мурашка-звер і пачала верашчаць, што я душу яе. Збегліся іншыя мурашкі і пачалі на мяне наступаць ды прыгаварваць: "Хопіць твайго панавання. Цяпер мы зробім з табой, што захочам!?

Раскрычаліся, разверашчаліся і ўзяліся за справу.

І сяджу я цяпер на паламаным столку, кулаком падпіраю бараду і з горыччу дакараю сябе, што пашкадаваў фараонку.

1981 г.

ПІРАЖКІ З МЯСАМ

Прыходзіць жонка дамоў і ад парога крычыць: — Есці!

— А чаго ж ты хацела б пад'есці, даражэнькая, каб насыціць жывоцік і даць задавальненне паднябенню?

Я гэта сказаў, бы тая ліса, што хацела варону ашукаць і сыр з'есці, значыць, з мілаю ўсмешкаю на вуснах і са злосцю ў сэрцы: маўляў, ведала, што нічога дома няма акрамя хлеба штодзённага (дай Божа, каб хоць не выйшаў) і вадзянога малака, якога нельга піць не перавараным: яно на малака-падобнай вадзе, у якой купаюцца качкі. Ведае, а крычыць "есці", бо думае, што калі яна сядзела восем гадзін на працы, то ў мяне здарылася нейкае цуда. Яна думае, што заўсёды людзі будуць несці шынкі ды каўбаскі, яйкі ды слоікі за выйграную справу ў судзе, за вадзіцельскія правы, за школу, лекара білет на ПКС і гэтак далей. Не, даражэнькая, думаю, калісьці так было, але на нашу бяду скончылася. Людзі прыходзяць з просьбай аб дапамозе ў розных справах, але ў замен прыносяць толькі абяцанкі. Вядома, абяцанкамі яшчэ ніхто не наеўся. Трэба мяса, а гэтага мужыкі шкадуюць, бо і скуп добра плаціць. Паабяцаюць цялянціны, справу дурань залатвіць, бо хоча жонцы дагадзіць, а ім сваю важнасць паказаць. Дастане дулю пад нос, аж закарэчыцца і зноў сядзіць ціха, пакуль нехта не прыедзе з новай абяцанкай. Так дні і бягуць, а тая: "есці".

Ну, дык вось гавару: — Што табе, каханая, даць на абед? А жонка: — Добры муж заўсёды падбаў бы, каб мець чым жонку пакарміць, а ты толькі пра "Ніву" думаеш, якая цябе патрабуе так як і я.

У мяне міна перамянілася з вясёлай у дурную ад таго ўдару, бо толькі цяпер даведаўся, як яна мяне "патрабуе". Мужчынскі гонар балюча закранула, але вось іменна мужчынскі гонар прымусіў мяне даказаць жонцы, што памыляецца ў маёй абыякавасці да яе. Змоўк я, апрануўся і пайшоў у магазін шукаць смачнае ежы на спознены абед. Бачу, у вялікай скрыні паміж марожанай гароднінай ляжаць нейкія піражкі ў фальёвых торбачках. Бяру ў рукі і чытаю: "Пірагі з мясам". Уцешыўся, нібы на сто каней сеў, прынёс дамоў аж дзве пачкі і гляджу на спосаб прыстаўлення, а там напісана: "Піражкі кідаць у кіпень так, каб не спыняць кіпення". Думаю: "Гэта ж прасцей простага". Укінуў у гаршчок пірагі, зварыў, вылажыў на талеркі, паліў не шкадуючы скваркамі і цыбуляй і з хітрай усмешкай да жонкі: — Калі ласка, дарагая, да стала.