Выбрать главу

Хадзілі туды, розныя фахоўцы, брыгадзіры, кіраўнікі, але ніхто не ведаў, як яго сцягнуць. Урэшце з'явіўся нехта з галоўнай дырэкцыі і параіў, каб захаваць максімальную цішыню бо можа пералякацца, упасці і нарабіць усім клопатаў. Так і зрабілі.

У 14 нуль-нуль тры дысцыплінавыя сябры, як на званок, абудзі-ліся, вылезлі са сваіх нор, распрадавалі ногі і рукі, закурылі ды гавораць: "Як яго разбудзіць бо час на абед".

— Як? — гаворыць надышоўшы з суседняга ўчастка сябра, — а вось як. Свіснуў на пальцах, і "лятучая мыш, ці кот" як па камандзе, сеў і спытаў: "Ужо?" Злез з бэлькі і ўсе героі пайшлі з'есці дарэмны, заслужаны абед. Пасля пераапрануліся і дарэмным аўтобусам паехалі на піва.

Бачыце, што значыць трэніроўка?! І вып'юць колькі трэба і з бэлькі не спадуць і на абед у час прачнуцца. І самае цікавае, ніхто не ве-дае прозвішчаў герояў, мо яшчэ атрымалі б узнагароды за храбрасць.

1982 г.

ВЫБРАНАЕ

У апошнія гады сняцца мне нейкія дзіўныя сны. Калі яны збудуцца, не адзін з вас будзе стаяць перада мною навыцяжку, а ворагі, убачыўшы мяне здалёк будуць шапкі здымаць ды нізка кланяцца.

Вось толькі выбраныя падзеі, якія мне давялося перажыць у сне.

1

Глухая вёска. Жыву ў маленькай хатцы. Корпаюся на кволенькай гаспадарцы, каб здабыць кавалак хлеба; мне дабро не цячэ, як тым, што ў высокіх крэслах, а толькі капае, і то ледзь-ледзь. Ажно, бачу, заязджае на панадворак брычка. Выходзіць з яе мужчына ў чорным фраку, за ім — стангрэт. Ідуць у мае нізенькія парогі.

Увайшоўшы ў маю хатку, пакорна пакланіліся. А па вачах відаць, злыя што перад мужыком хрыбты свае гнуць. Аддаўшы пашану, пачалі ўслужліва гаварыць на нейкай чужой мове, якую бадай, не ведае нават сам Васіль Сапёлка. І паказваюць жэстамі, каб я прыбраўся, памыўся і прыгожа адзеўся. Я адказваю, што не буду ні брыцца, ні мыцца і нікуды не паеду, бо суседу трэба парсюка закалоць. Але яны, відаць, атрымалі загад: "даставіць жывога", не слухаюць нават майго тлумачэння. Узялі мяне на рукі, нібы караля, занеслі ў брычку і па конях.

Завезлі мяне ў Бразілію. Божа думаю, я яшчэ не быў далей Дубічаў Царкоўных, а тут раптам Бразілія. Але нікога тут мае думкі не цікавяць. Самі абрылі мяне, памылі (хоць і брыкаў) занеслі ў вялікую залу, у якой сядзела ўся бразільская арыстакратыя, бюракратыя, тэхнакратыя і яшчэ нейкая плутакратыя.

Устае з чырвонага глыбокага крэсла пузач і звяртаецца да мяне на грабавецкай мове, што Бразілія жадае, каб я стаў яе прэзідэнтам. Гавару ім: "Як можа быць прэзідэнтам чалавек які па-бразільску нават не кумекае?".

— А на чорта вам ведаць нашу мову, калі ў вас будзе цьма дарадчыкаў і перакладчыкаў. — Гаворыць пузач і накладае на мяне белую, бы крэйда з Мельніка, кашулю і чорны касцюм.

Я прачнуўся мокры.

2

Прыйшлі да мяне два міліцыянеры і гавораць, каб я па-святочнаму апрануўся і ехаў з імі ў Варшаву.

— У Варшаву? — здзіўляюся. — А чаго я там не бачыў!

— Я б на вашым месцы на крылах ляцеў, — адазваўся старшы чынам.

— То ляціце, — кажу, — а мне дайце спакойна пакарыстацца рэнтай старога партфеля і ў "Ніве" дарабляць, мне хопіць.

Але дзе там, і слухаць не хочуць. Бэфэль Іст бэфэль, як гавораць туркі.

Еду з імі ў Варшаву, а там проста ў Бельведар. Толькі ўвайшоў ў палац — трапляю ў абдымкі прэзідэнта. Так прыціснуў, што аж дух забіла. Калі я аддыхаўся, прэзідэнт пасадзіў мяне побач сябе і давай загаварваць зубы: які я таленавіты і прыгожы. А я саромеюся і не магу зразумець, куды ён гне. Прэзідэнт глянуў на гадзіннік і кажа: "Мы вырашылі даверыць вам дыпламатычную місію. Паедзеце нашым паслом у Токіо".

— Божа, — кажу, — таварыш старшыня... — Тут я кусаю язык, што адазваўся, як да Самоціка, і папраўляюся:

— Таварыш прэзідэнт, я не магу быць паслом у Японіі, бо там гейшы і яны па-нашаму не разумеюць.

— Вы пакіньце гейшаў у спакоі, — кажа прэзідэнт, — аб іх паклапоцяцца іншыя. Вы падрыхтуйце грунт для нашай дэлегацыі.

Ён гаварыў, а я мазгаваў, як ад гэтага ўсяго выкруціцца. Яшчэ не хапае таго, думаў, каб і абавязалі мяне да японскай працавітасці.

І я прачнуўся ў дрыжыках.

3

Прыснілася мне, што трэба здаваць нейкі важны экзамен. Няхай іх халера! — падумаў я. — Колькі я буду здаваць тыя экзамены. Ужо ж я стары. Але сілаю вядуць мяне да нейкай лабараторыі, саджаюць на цвёрдае крэсла ды ў рукі ўціскаюць тоўстую кнігу з рознакаляровымі геаметрычнымі фігурамі. Кажуць гартаць кнігу і хутка гаварыць, што бачу.