— Хочаце паслаць мяне ў касманаўты? — пытаю.
— Не, хочам вас даць на найлепшую пасаду, — кажуць.
— Адкуль жа гэта экзаменуюць перад павышэннем? — не здаюся.
— Не спрачайцеся з намі, — кажуць.
— Цяпер трэба ведаць праблемы...
"Божа, думаю, хто ім данёс, што я ведаю праблемы?" Але экзаменатары не даюць корпацца ў сваіх думках, няма часу, чытайце!
Колеры то я адгадаў добра, лісткі кніжкі толькі свісталі перад вачыма, а вось на фігурах зацінаўся. Урэшце пажылая жанчына сказала, што ў мяне вочы скошаныя.
— Сядайце сюды, — загадала, — і паказала на крэсла, што стаяла ля велізарнай шафы. — Калі ўбачыце, што загараюцца лямпачкі, адразу гасіце іх, прыціскаючы, адпаведную кнопку.
Ох і пацеў я, гуляючы з лямпачкамі, аж чорцікі пачалі скакаць перад вачыма. Не удалося згасіць у час ніводнай. Ну, думаю, выбяруць. Усе гараць, а нам гэтага і трэба, каб было многа энергіі і цяпла. Пот з носа капае, а я чакаю рашэння пажылой. Тая, параіўшыся з калегамі кажа:
— Вы ўжо прэзідэнт!
З жахі я грукнуў з ложка (аж у суседзяў рэха адбілася). Прачнуўся і думаю: "Слава Богу, што гэта толькі сон".
ПРОСЬБА ДА МІНІСТРА
Ветліва прашу, таварыш міністр унутранага гандлю, ліквідуйце картачную сістэму, бо яна мяне вытанчыць.
Шчыра прызнаюся, у сямідзесятых гадах, калі адчуваўся недахоп мяса і каўбас, я сам на сходах і дзе толькі мог крычаў за ўвядзенне картачак, бо хацеў мець мяса хоць пад нядзелю, як Бог прыказаў, а не меў. Не меў таму, што ніколі не мог дапхацца да прылаўка: пастаянныя "супольнікі" кожны дзень стаялі ў чэргах і выкуплялі ўсё, што даволі, ды сушылі хіба на горшы час. Пасля ўвядзення рэгламентацыі аказалася, як я "палепшыў" сабе. Таксама ў чэргах трэба доўга стаяць, дорага плаціць, а купляць мушу тое, чаго іншыя не хочуць. Не купляў бы, але жонцы здаецца, што даюць дарма: мае ж картачку, і гоніць мяне па чэргах.
З мясам няхай ужо будзе як ёсць, калі нельга лепш, але ліквідуйце картачкі на мыла, парашкі, касметыкі, кашу і муку, бо не магу ўвайсці дахаты.
Калісьці жонка купляла гэтых тавараў столькі, колькі трэба, і можна было ўсё мець, ды ашчадна карыстацца. А цяпер усім гэтым карыстаемся не толькі ашчадна, але і скупа, каб хапіла на даўжэй, бо "хто ведае, як будзе заўтра".
У выніку такой гаспадаркі, мыл, парашкоў, кашы, мукі, гароху, фасолі, алею з соі, алею рапсавага, алею сланечнікавага алівы з алівак, аўсянага хлоп'я, рознае гарэлкі, віна, цукеркаў, пемзаў, туалетнай паперы, перфумаў, крэмаў да твару, крэмаў да рук, да ног, ад вяснушак, ад лішаёў, на маладзенне і гэтак далей — поўныя шафкі, шуфлядкі, яны пад ваннай, на паліцах і буфетах і дзе толькі ёсць нейкія шчыліны. Не хачу ўжо пісаць пра вопратку, абутак і іншыя тавары. Поўны падвал і гараж!
У магазіны кожнага дня прывозяць шмат тавараў, якія яшчэ пра-даюцца без картачак, дык і іх трэба выкупіць, бо "мо заўтра не прывязуць".
Паважаны тав. міністр, будзьце добры і паслухайце мяне, ліквідуйце карткі! А калі ўжо ўпрэцеся і далей будзеце рэгламентаваць, то прашу, пазваніце ваяводзе, каб дазволіў адкрыць краму. Я маю чым гандляваць без даставы. Або няхай ваявода дасць мне яшчэ адну кватэру М-4 і талоны на шафы. Ведаю, што спатрэбяцца, бо грошы трэба ж выдаваць. Мы не сяляне, якія таксама маюць шмат грошай, але не маюць на што выдаць, бо ім жа плугоў, барон, вілаў да гною і іншых сельскагаспадарчых прылад не прывозяць. Мо перакінеце працаўнікоў ад прадукцыі касметыкаў у вясковыя кузні няхай робяць плугі, будзе больш хлеба, мяса і малака, з якога я буду сушыць сыры на ўсялякі выпадак.
1982 г.
ДАСКАКАЎСЯ
Гэта праўда, што я напісаў просьбу да міністра. Але думаў, што рэдакцыя "Нівы" гэты матэрыял пашле ў Варшаву як нешта афіцыйнае і на гэтым наша — рэдакцыі і мая — роля закончыцца. Пачне дзейнічаць міністэрства ўнутранага гандлю, каб памагчы мне ў гандляванні, або пашырэнні плошчы складавання тавару.
Тым часам рэдакцыі так спадабаўся мой рапарт, што ўзяла ды і апублікавала ў рубрыцы "З маёй званіцы". А вядома, што "Ніву" чытае ўся Беласточчына.
У першыя тыдні пасля апублікавання "Рапарта да міністра" адзываліся нясмела адзіночныя галасы ў тэлефоне, часам пры нагодзе пабыўкі ў Беластоку нехта заглянуў дахаты і, дыскрэтна разгляда-ючыся па кутках, пытаў аб тым-сім: нібыта чуў, што маю нешта прадаць, то пыталі, чаму часам не загляну ў сераду (дзень тарговы) ў Гайнаўку, або ў панядзелак в Кляшчэлі, ці ў чацвер у Бельск.