— Грыбы то грыбы, — адазваўся незнаёмы мне чалавек, — але браткі тыя з горада за адным прыездам хочуць і дарэмна разбагацець. Яны акрамя грыбоў дзяруць нашу бульбу. "О так, правду віетэ, дядьку, кажэтэ, — падхапіў малады гаспадар, — халеры жывут у міесты, заробляют дужо грошы, а ўсё руомно крадут, як бы ім було шчэ мало, а зганяют на дзікуў".
Многа людзей скардзілася на гараджан за крадзеж бульбы. Смяяліся, што інтэлігенты прыязджаюць "вучыць", як мужыку жыць. — Але мы красці не хочам, — гаварылі, — няхай толькі ў нах не крадуць. Ад дзікоў мы абаронімся, а ад чалавека горш, бо гэта ж разумная жывёліна.
Сапраўды жывёліна, калі, быццам свіння, лезе ў чужую бульбу і, наварыўшы, не сароміцца паставіць яе на стол, ды соваць у горла.
1977 г.
МЕТАМАРФОЗА
Калісьці ездзіў па вёсках Шайко з Орлі і скупляў рознае староце. Даваў за гэта селядцы, гаршкі, кубачкі, а за яйкі нават плаціў грашыма. І вось гэты Шайко сказаў: "Дай Божа мне той розум, што ў мужыка на порэшты" (значыць, на канцы — па ўсім ужо).
У тыя часы Шайко меў рацыю, бо сапраўды мужыка кожны "надуваў": і жыд і паліцыянт, і гарадскі разумнік, і злодзей гарадскі (бо свой быў таксама мужыком). Але як жа ўсё гэта адышло ў далёкае і непаўторнае мінулае. Аж сэрца шчыміць, аж шкада, што нешта адышло безпаваротна. Аднак, калі добра падумаць, нічога нікуды не адышло, а толькі пераўтварылася. Каб бедны Шайко ўстаў з попелу, у які яго немцы ператварылі, то пабачыў бы, што цяпер мужык мае розум якраз тады, калі трэба, калі прыходзіць нагода для яго прымянення.
У чацвер зайшоў я на рынак, каб купіць нейкага мяса на суп. Бачу, у галях мяса — аж сталы трашчаць. І нават даступна. Толькі пры адным боксе народу цьма. Аказваецца, там ялавічына па 23 зл. (з косткай). Ды нізкай якасці. Пайшоў я далей. Там ялавічыны хоць адбаўляй. І высокай якасці. Толькі па 60 зл. за кг. Амаль без чаргі. Далей свініна па 140 зл. за кг і г.д. Думаю: "Э, брат, калі ёсць такі выбар, то я цяляцінкі пашукаю! І пайшоў паглядзець ад клеткі да клеткі. Ёсць!
— Пачом у вас цяляціна?
— Гм, ці я ведаю? Рана прадаваў па сто сорак (я ўжо ў другую туру), а цяпер, калі возьмеце цэлую шынку, то аддам па сто дваццаць, а калі на кілаграмы, то па сто трыццаць.
— Зважце мне вось гэты кавалак. У той момант падыйшоў да мяне знаёмы, прывітаўся, пару слоў замянілі. Прадавец зважыў цяляцінку, загарнуў у паперу і сказаў ветліва: "Прашу, з вас сто трыццаць злотых".
Заплаціў я вызначаную ім цану, узяў цяляціну і пайшоў дамоў. Палажыў у халадзільнік, няхай будзе на два свабодныя дні жончынай працы (бо, як ведаеце, мая прафесія дазваляе быць свабодным, калі хачу). Жонка прыйшла з працы а я, як дзіцё "А я цяляціны купіў, ага".
— Ну, цяляціны? А дзе ж ты яе дастаў?
— У галях колькі хочаш.
— І дарагая?
— А я ведаю? За той кавалак, што ў халадзільніку, заплаціў сто трыццаць.
Жонка падыйшла да халадзільніка, каб пабачыць, колькі яе там, і... выняла з халадзільніка кавалак тлустай жоўтай ялавічыны.
Я вырачыў вочы: цяляціна худая (як у нас гавораць любыва) пераўтварылася ў тлустую старую ялавічыну.
Да сённяшняга дня не магу здагадацца, дзе адбылася метамарфоза: ці яшчэ ў руках мужыка-прадаўца, ці ў халадзільніку? Думаю аднак, што ў галях.
З нізкім паклонам розуму мужыка, ды з пашанай да Рэдакцыі.
1979 г.
МУЖЧЫНЫ, ЗАПУСКАЙЦЕ БАРОДЫ!
Жыву ў людным месце Беластока, многія людзі ведаюць мяне. І я іх. Ведаю? "Добры дзень! Што чуваць?" На гэтым наша знаёмства канчалася.
Штосьці мяне спакусіла выгадаваць бараду. Выгода! Не трэба кожны дзень драць шчокі брытваю, не трэба выдаваць грошай на лязо, крэм і ваду "пасля брыцця". Ашчаднасць. Але найбольш карысная справа: мая пяцідзённая барада ўсіх цікавіць. Цяпер кожны сусед пытае, як расце барада, ці не свярбіць. Ды і пахваліць: "Будзе густая, прыгожая". Суседкі у сваю чаргу, усміхаюцца да мяне і нават на каву запрашаюць. А адна сёння сказала, што цяпер я крыху падобны на мужчыну і дадала, нібыта мімаходам, што маглі б паехаць маёй сірэнкай у лес на грыбы.
Сірэнку маю ўжо даўно, але такой прапановы не меў. Аказваецца, мая барада больш вартасная, чым сірэнка і я — без барады.
Я ўсё жыццё здагадваўся, што мне чагосьці не хапае, але не ведаў чаго бо меў пакрысе ўсяго, што павінен мець сякі-такі мужчына. Цяпер ведаю: не хапала мне барады.