Але народ цвёрды і ведае, што калі ўсямоцная медыцына, абаснаваная на сусветнай навуцы і практыцы, вяртаецца да лекаў, вядомых многа стагоддзяў таму назад простым і неадукаваным людзям, то чаму б не верыць у забабоны? Гэта ж таксама таемная навука розных магутных мазгоў на працягу вякоў. Нам яна недаступная, як недаступны рай, але ж ёсць людзі, якія вераць у яго. Ёсць яшчэ і такія, што вераць у пекла, як бы ім было мала яго на зямлі.
Так вось і з забабонамі падобна. Народная навука пераходзіць з пакалення ў пакаленне і навучае, што калі хочаш, каб любіў цябе выбраны і жаданы чалавек — даеш яму напіцца любчыку. А калі гэта не памагае, то можаш даць яму напіцца нешта такое, што адразу ў ягоным Жалудку размножацца вужы і з'ядуць яго з сярэдзіны. Гэта страшнае, але практыкаванае сярод нас, як помста. Памятаю, ёсць і забабон, які ў дадатак да свае таемнай "навукі" запрагае святых. Напрыклад, калі хочаш, каб пакруціла твайго ворага, ідзеш у царкву, купляеш свечку (святую) і круціш яе перад алтаром і ўсімі святымі. Гэта значыць, што ані навука рэлігіі, ані марксізму не вывучыла навук чорнай магіі. А шкада, бо толькі гэтая навука ёсць сапраўднай.
Прыгану ўсяго адну размову з Барысам. Гэта чалавек справядлівы, і хто, але я яму веру. Ён такі чалавек, што не ўмее і не хоча хлусіць. Пытаю:
— Барыс, ці ты верыш у забабоны?
— Веру, браток, бо без забабону ні за парог.
— На што ты абапіраеш сваю веру?
— На факты, браток. Ты памятаеш, як калісьці ў дзяцінстве наш Павал ішоў да вас па ваду і перайшоў вуліцу з пустым вядром Трахіму, што было?
— Памятаю, што Трахім набіў яго.
— О, відзіш. А Трахім жа быў адным з багацейшых і разумнейшых жыхароў вёскі.
— Ну, так, але цяпер пашырылася асвета, якая змагаецца з забабонамі: вераць у іх толькі людзі неадукаваныя.
— Васька, навука сабе, а забабоны навуковыя сабе і ты мяне ў гэтым не пераканаеш.
— Я не бяруся цябе пераконваць, але дай хаця б адзін прыклад.
— Я цябе прыкладамі магу засыпаць і то з уласнага панадворка.
— Давай, давай...
— Першае: калі мне прысніцца, што маю руку ліжа карова, абавязкова ў Кляшчэлях з няпрошаным госцем прап'ю ўсе грошы. Ну, і што ты скажаш?
— Ну гэта пераконвае...
— Але я яшчэ не ўсё сказаў. У мяне найгоршы клопат з сарочкаю, бо халера, калі ў полі найбольш працы, то яна з мяне смяецца...
— Цікава, раскажы.
— Заўсёды, браток, калі рана ўстану і надзену сарочку навыварат — мушу ўпіцца. Аднойчы еду на балота і думаю: сёння напэўна забабон не споўніцца, бо хто ў дарозе дасць мне гарэлкі?! У Вольцы затрымоўваюся каня напаіць і чорт нанёс знаёмага. Дзень прапаў. Учора іду за гай і думаю: "праўда, што сарочка была налева, але сёння — умры, ніхто не дасць гарэлкі, бо нават людзей у вёсцы няма, усе жнуць. Іду брукам, а насустрач трактарыст:
— Здароў, Барыс, куды мерыш?
— Па каня, — гавару, — бо трэба жыта звесці з поля.
— Зайдзі да Ваські, — прапануе трактарыст. — Я іду за гарэлкай, бо буду ў яго касіць.
Яны не касілі, я жыта не звёз, а гавораць, што ў забабоны не трэба верыць. Трэба, браток, бо то найлепшая навука.
1984 г.
? ? ? !
Не здзіўляйцеся гэтаму загалоўку, я сёння буду пісаць пад загаловак, які даў тыдзень таму назад — "певень за яйка", але забыў, што ад гэтага загалоўка хачу (і напісаць аб чымсьці зусім іншым). Цяпер прыпомніў і раскажу.
На Ганну, замест паехаць у Корніна, дзе адбываецца ўрачыстасць на цэлую дубіцкую акругу, паехаў я да сваякоў у Грабавец. З сваякоў я ў Грабаўцы застаў мала каго, бо ўсе паехалі ў Корніна. Але сустрэў Баніфацавага Колю, які з Ганныным Паўлам сядзеў на лавачцы. Коля так уцешыўся, што адразу вынес вядро яблык. Я іх паспешна схаваў у багажнік сваёй сірэны. Толькі так стаім і гаворым, аж едзе Коліна жонка, Таня, з якой я за Саветаў у школу хадзіў. Таня напаіла мяне кампотам, і так мог бы я з імі прастаяць да вечара, каб не мая цётка Матрона. Хлопцы зрушылі маю суперсірэну, і мы з цёцяй паехалі ў грыбы. Вярнуўшыся з лесу, зайшоў я да Колінае Валі (другі Коля), у якой тры дзяўчынкі, мураванка, малацілка, трактар і фіят. Ага, у яе яшчэ і Коля, ён — мой дваюрадны брат. Заехаў я да іх, каб выканаць загад сваёй жонкі, значыць купіць яек, ну, бо ж мусіць мяне імі карміць. Валя паспачувала, пачуўшы што толькі яйкамі харчуюся, і накарміла мяне свойскаю каўбасою ды малаком.