— Каму?
— Не ведаю.
— То як ён мог прадаць?
— Каб каня купіць!
— За свінню каня!?
— А ты, што хацеў пару?
— За свінню ён можа купіць толькі жарабя.
— Ну, пэўна, разумнік, пару коней і жарабя!
— Мне можна купляць, што хоча!
— А пэўна, каго ж ты калі пашкадаваў?!!
— Ты ў які бок гнеш?!
— У які хочу, і твая малая справа!!
— Чаго ты гарачышся, мы ж гаворым па-добраму?!
— З табою пагаворыш, калі ты ўсё супраць!!!
— Супраць каго!!!
— Супраць мяне!
— Адкуль ты гэта ўзяла!?
— Бачу па жарабяці!
— Па якім жарабяці?
— Па тым, што Коля за свінню купіў!
— А купіў?
— Хто яго ведае?
— Ну, то чаго гараваць?
— Таго, што ты пляткар!
І замоўклі на два месяцы.
1985 г.
ГІГІЕНА
Выйшла з друку кніжка аб асабістай гігіене ў "Сярэбраным стагоддзі", значыць, за панавання Вазаў.
Калі я, у свой час, на старонках "Нівы" заняўся справай асабістай гігіены, меў і такія заўвагі: "А ці ад хлеба з'едзенага з бруднае рукі, хтосьці памёр?".
Аднак справа асабістай гігіены хвалюе людзей ад моманту, калі яны навучыліся адрозніваць гігіену ад яе ад сутнасці.
Чытач можна падумаць (а нават напісаць у "Ніву"): "Адкуль узяўся нейкі Петручук-гігіеніст? Мо адно гаворыць, а другое думае?"
Я сапраўды баюся пісаць, атрымаўшы "порцыю" ад невядомай мне "Ангелікі Савіцкай" і майго былога сябра пакойнага K.Л. Але хачу сказаць: думаю тое, што і раблю. Хаця і займаюся пытаннем гігіены, не магу сказаць, што брыджуся людзьмі, а ўжо з канём, ці каровай буду піць з аднаго вядра. Але брыджуся іхнімі і сваімі адкідамі. А вы не? Вы думаеце, што мы рознімся ў справах гігіены? Вы таксама з агідай успрынялі б, калі б вам хтосьці падаваў руку, высмаркаўшы ў яе на вашых вачах свой нос. А гэта ж здараецца часта. Падыходзіце да чала-века, каб з ім прывітацца, а той быццам паводле нейкага рытуалу, смаркаецца ў правую руку, выцірае яе аб нагавіцы і падае вам. Падасце яму сваю? Пэўна, што падасце. Але адначасова падумаеце, дзе б гэта яе хутчэй абмыць.
Многіх чытачоў здзівіла і тое, што я зараз скажу. А я скажу, што парадачны чалавек не павінен абмяжоўвацца туалетнай паперай, павінен і падмывацца. І толькі пасля ўсяго гэтага вымыць рукі.
Няхай смяецца хто хоча, а я люблю чысціню і ўсё вам прабачу, толькі не брудныя рукі. Бо я вам ніколі не нарэжу хлеба бруднымі рукамі.
Быў я на вяселлі. Людзі прыехалі з вянца і разбегліся, дзе хто мог, за сваёй патрэбай. А я назіраў: ці хаця б адна жанчына або мужчына падыдзе потым да крана. Ніхто гэтага не зрабіў, усе хутчэй палезлі за сталы.
Раніцай я нікога не правяраў, мыўся ён ці не. Але гэта і так вылезла. Іван убачыў, што я іду з ручнікамі ў ванную, і пажартаваў: "Ого, Васька мусыт за штось трымаўся, бо пушоў мытыся".
— А ў цябе чыстыя рукі? — пытаю.
Іван падняў далоні, пакруціў імі і адказаў:
— А што, я гамно-мысыў? І ўрэшце пытанне: Што гэта такое тая гігіена? Якія павінны быць нашы адносіны да яе? Мусіць, яна надта ж важная, калі аб ёй кніжкі пішуць.
1985 г.
ВОСЬ І ВЫХАД
Калі я быў малым губатым Цвелькам, па нашай ваколіцы ездзіў бедны Шайка-анучнік з Орлі. Гэты Шайка і гаварыў: "Дай Божа мне той розум, што ў мужыка на канцы". Прыклады цвёрда сведчаць за Шайкам. Ужо вялікі байбак, але дурны, павёз я прадаваць на рынак жыта, каб купіць абутак. Жыта я прадаў, але пакуль знайшоў таго, хто прадае чаравікі, убачыў натоўп людзей. "Што там такое"? — падумаў я і пачаў прапіхацца. Бачу, столік а за ім нейкі прахадзімец усё раскідае тры карты і аж просіцца, каб яго абыграць. Ну, ці ж цяжка адгадаць, дзе чырвоная, калі ён яе паказвае? Бачу, адзін хлопец, загарнуў горбу грошай. Давай, думаю, і я нажывуся. Пачаў я адкрываць карты. А стаўка была высокая. Мо тры разы адкрыў і па маіх грошах.
Вестка дакацілася да маёй вёскі. Усе рагаталі.
Учора ў тэлебачанні даведаўся я, што ў краіны 30 мільярдаў долараў даўгу, і што ад яго будзем у год плаціць З млд. працэнтаў. Пасівеў яшчэ больш і падумаў: "Хана"!
Сёння сустракаю Віктара, чалавека, бы Шайка, з галавою, і бядую: што будзе з краінай? А той кажа:
— Каб дзяржава не была бездапаможнай, як ты, то ўжо б забылася, як выглядаюць даўгі!
— Што ты скажаш? — азваўся я з уцехай.
— А пэўна!
— Як гэта, Віктар, як?
— А вось як. У краіне 30 мільёнаў дарослых людзей. А 30 мільярдаў падзяліць на 30 мільёнаў — гэта толькі коскай адцяць сем нулёў і выйдзе, што кожны з нас вінаваты 1000 (усяго толькі адну тысячу) долараў. Гэта ж дробязь. Такія грошы ў нас ёсць, толькі ніхто не дасць дарма свайго маёнтку.