Выбрать главу

Не буду апісваць усяго гора дзяўчыны і ўсіх перыпетый, звязаных са шлюбам, хопіць сказаць, што маршалак-хітрун давёў да вяселля. Дзяўчына мела цешыцца тым, што будзе ісці побач юрадзівага на яго поле, мыць ягоную бялізну, дбаць пра гаспадарку, каб наеўся ён і ягоныя бацькі. Ніхто не цікавіўся такімі "дробязгамі", як любоў і пяшчоты.

Маладзіца жыла, як бацькі прыказалі, але яшчэ аднаго не ведала. Менавіта не ведала таго, што яе муж цёмнай ноччу баіцца адзін выходзіць на двор. Не раз бачыла, як выходзіў ён з бацькам, але не здагадалася у чым справа. Аднак, калі бацьку пахавалі і яму аднойчы так захацелася, што далей няма куды, давай ён будзіць жонку, каб вывела яго на панадворак. Тая, як добрая душа, устала, ды й вывела. Яна стаіць у сенях, а ён на парозе робіць сваё і глядзіць у начное неба, на якім мігацяць зоркі. Ды гаворыць: "От, хороша ноч, з чужэю жуонкою у свет пушоў бы!". "Ах ты, свынё нескрэптана — знервавалася жонка, — то я тэбэ выводжу на двуор, як малого, халучу, ополоскую, кормлю, а ты, хочэш Іты у свет з чужэю жуонкою? Котора такую лылу схочэ, але йды, коб ты нэ вэрнуўся!" — і трахнула дзвярыма ў спіну аматара чужых жонак, аж той босымі нагамі хлёпнуў у балота, а яна засунула сені і лягла далей спаць. Бандура вярнуўся дадому аж раніцай, бо Параска дзвярэй не адчыніла, хаця прасіў і пагражаў.

Трэба сказаць, што на яе долю дзеці былі прыгожыя і разумныя, як яна і сусед.

1985 г.

ПЕЎНЯ ЗА ЯЙКА

Я, як заўсёды, дурань прызнаўся жонцы ў тым, што даведаўся ў рэдакцыі. А даведаўся я, што яйкі адмоўна ўздзейнічаюць на хваробу, якая склерозам завецца. Жонка паслухала і адразу вывад з гэтага зрабіла: пачала інтэнсіўна карміць мяне яйкамі. На снеданне вараныя, на абед смажаныя, а на вячэру когель-могель. Усё для таго, каб выйшаў і не вярнуўся. Дабілася такога рэзультату, што хоць публікуй у навуковай літаратуры. Калі яшчэ пару гадоў таму назад я цэлымі тыднямі не памятаў, што ў мяне ёсць жонка, то цяпер яна кожны дзень перад маімі вачамі. О, напрыклад, учора! А мо гэта пазаўчора, або яшчэ даўней? Але хіба сёння — пасля кожнай паўгадзіны адпачынку на папяросу, зноў дабіраўся да яе, як нейкі малойчык. Спярша вельмі цешылася маімі дасягненнямі, але пад вечар дапіла рэшту кавы, абула туфлі...

— Куды ты йдзеш? — спытаў я са здзіўленнем. — То ж набліжаецца вечар?

— Вось іменна, — адказала жонка, — набліжаецца вечар і я павінна быць дома. Там муж чакае.

Пацалавала мяне горача, і толькі я яе бачыў.

"Божа, — падумаў я, — што яна мела на думцы, гаворачы, што мусіць быць дома?" Але чаго жанчына не выдумае — махнуў рукой і ўключыў тэлевізар. Аглядаю сабе цырк, бадай цырк, бо Ганна і Антоні Гуцвінскія кракадзіла ды папугаяў паказвалі. Аж тут званок у пярэднім пакоі як засвішча!

— Каго там зноў прынясло ліха, ідзі адчыні, бо аглохну! — крычу ў другі пакой, дзе паводле мяне павінна быць мая старая, а сам баюся, што кракадзіл нырне ў ваду і больш яго не ўбачу. Але жонка з пакою не выходзіць , а званок усё даўжэй і зласней свішча. Адчыняю дзверы...

— Божа, адкуль ты ўзялася ў гарсонцы і, з парасонам, ты ж толькі што выбегла ў адной сукенцы?! І наогул, куды ты выходзіла?

— Што ты пляцеш, стары склеротык, ты ж добра ведаеш, што я сёння рана паехала ў Міхалова да сястры, каб табе пчалінага кіту дастаць.

— Якога кіту, што ты гаворыш?! То ж не далей, як паўгадзіны таму называла ты мяне Дон Жуанам і цалавала, як ашалелая!

— Што? Паўгадзіны таму то я ехала, а да цалавання то ты ўжо не надаешся пяць год!

Госпадзі, чаго тая жанчына ад мяне хоча? — задумаўся я.

— Цэлы дзень у пяшчотах, аж да сёмага поту, а ёй яшчэ мала?

— Даражэнькая мая, а ў колькі паехала ты ў Міхалова? Пры тым, чаму паехала ў сукенцы, а прыехала ў гарсонцы? Што, у сястры трымаеш вопратку, каб муж не прапіў?!

— О, бачыце, знайшоўся муж, які гарэлку п'е, — заўважыла жонка іранічна і дадала, каб ашарашыць мяне дарэшты:

— Ты такі самы да піцця, як і да кахання!

І пайшла ў ванную. Я далей гладзеў, як адзін армянін вучыў замежных гасцей па канаце хадзіць. Не толькі хадзіць, і ляжаць выцягнуўшыся, і ў крэсле сядзець. Я часам за сталом з крэсла падаю...