Выбрать главу

Шкада толькі, што амаль трыццаць гадоў ужо будзе, як Сакрат Яновіч (па-хатняму званы: Краце) перастаў смакаваць капусту. Праўда, ёсць у нас худое малако, але яно не дае такога эфекту... Непрыдатнае для сабатажу супроць Сакрата Яновіча.

1988 г.

ЯК Я КАЧКУ КУПІЎ

Я ужо пісаў аб тым, як аднойчы купіў яйкі ў Махнатым, заплаціўшы за паўтара кілаграма, а яек было паўтара фунта. Ну, бо жанчына важыла на старадаўнім бязмене. Гаспадыня была вельмі кемлівая, бо, калі толькі я ўвайшоў у яе хату, адразу зразумела, што мае дачыненне з балдою. Зважыла шаснаццаць курыных яек і сказала, што гэта паўтара кілаграма. Я толькі цяпер магу сабе ўявіць, як яна рагатала, калі я пайшоў з хаты.

Мая жонка доўга мела аб чым расказваць сваім сяброўкам і чым мне дапячы, калі хацеў нечым пахваліцца, але з хаты не гнала.

Прайшло крыху часу, есці далей трэба. Пайшоў я на рынак па нейкую гуску ці качку, бо ў чарзе стаяць часу не хапае. Яновіч і так верашчыць на мяне, што я нічога не чытаю. Бо каб пісаць, гаворыць, то найперш трэба чытаць. Я яму не веру, бо па-мойму, каб пісаць, то трэба думаць, а не чытанае "зрэзваць", але як яго пераканаеш, калі ён такім спосабам намахляваў ужо пятнаццаць кніжак?! Але, да справы.

Бачу, стаіць ля прылаўка жанчына, а ў яе паміж нагамі дрэмле белая качка, увапхнутая ў торбу з бульбай і булачкамі.

— Качку прадасце?

— Няўжо ж прынесла яе на паказ? Прадаю...

— Колькі цэніце?

— Ат, ужо апошняя, аддам танней.

— Ну, тады колькі?

— Ці я ведаю, колькі з вас узяць?

Хіба жанчына пашкадавала мяне, бо аніяк не магла вымавіць цану.

— Яна ў мяне яшчэ нясецца, але ж патрэбны грошы. Прадам, калі дасце больш, чым іншыя давалі, бо тут ужо прыцаняліся дзве жанчыны...

— Прадайце мне, бо не маю часу ў чэргах стаяць.

— Дзве.

— Што, дзве?

— Ну, за качку дзве!

— Штооо? А паўтары не ласка?

— Ого бачыце, які разумнік знайшоўся! Ужо 1800 давалі!

Думаю: "Буду таргавацца, мо за тысячу шэсцьсот аддасць". А тут раптам падыходзіць дзве жанчыны і даюць за качку 1900. Аднак "зычлівая" прадаўшчыца гаворыць ім, што я быў першы.

— Які ён першы, што тут чарга?!

— Не гарлапань, баба, бо той пан быў першы!

— Мяне так знервавалі тыя спекулянткі, што аж глотку заткала. Адлічыў я тысячу дзевяцьсот пяцьдзесят і рады, што жанчына згаджаецца, папрасіў, каб качку загарнула ў газету. Калі ж я азірнуўся, то ўбачыў, што жанчыны дружна рагаталі." Ну і добра, што хаця не пабіліся з-за мяне", — уцешыўся я і, трымаючы праз газету за тое месца, адкуль магло б выскачыць яйка, чым хутчэй пачыкіндаў дадому.

Пад блокам спахапіўся, што не маю ключа ад склепу. Пакінуў качку ля дзвярэй, а сам паплёўся наверх за ключом. Бягу ўжо па лесвіцы ўніз, а насупраць — суседка і гаворыць: "Ці вы не ведаеце, хто гэта прывалок мне пад дзверы падаль?"

— Якую падаль?

— Нібы качку, але яна ўжо сіняя.

Думаю: "Пляці, пляці баба, а я буду мець яйкі і мяса".

Пахваліўся жонцы, што ў нядзелю будзе есці абед, якога не спадзяецца.

— Ну, ужо зноў хіба кальмараў накупіў?! Сам будзеш смажыць і есці, а я з хаты сыду.

— Кальмараў, кальмараў... я качку купіў, во!

— На рынку дачакалася цябе качка? Бадай ніхто ўжо яе не хацеў!

— Ага, на рынку, і то белую!

— А не апошнюю ўзяў?

"Адкуль жа тая чараўніца ўсё ведае" — падумаў я, але сказаў:

— Не, не апошнюю, яшчэ адна асталася.

— Ну, дык сёння трэба зарэзаць.

— Не сёння, бо мо яшчэ знясецца.

— Прынясі — патрабавала жонка, — я пабачу, што ты там купіў, а калі захочаш патрымаць, каб неслася, то можна патрымаць і на балконе.

Сыйшоў я ў склеп... загарнуў качку ў газету і занёс у сметнік, а жонцы сказаў, што ўкралі.

Паверыла, бо мужу верыць трэба, а як жэ.

1988 г.

ЯК ЛЮДЗІ РОБЯЦЦА ГЕРОЯМІ

Калісьці мне давялося быць у гасцях, але без гарэлкі і пачастунку, бо гэта быў сход збавідоўцаў. Адзін збавідовец з Дубіцкай гміны забраў голас і расказаў прысутным (збавідоўцам), як ён у трыццаць дзевятым годзе ваяваў у Варшаве:

— Браткі, — гаварыў ён, — каб вы ведалі, што рабілася ў Варшаве, то яшчэ сёння пускалі б у ганавіцы са страху. Там немцы так бамбардавалі, такі быў гук і рык, што хоць прайшло сорак пяць год ад таго часу, а я ўсё яшчэ лекочу.1

Збавідоўцы слухалі і ніхто не смяяўся, а гэта значыць, што яму спачувалі, або мне, прадстаўніку Ваяводскага праўлення Саюза барацьбітоў за свабоду і дэмакратыю, хацелі паказаць, якія то героі ёсць сярод нас, а ўлады пра іх не дбаюць!