— Ваших надо выкормить, а свои пусть подыхают от голода.
А адбудова мастоў і дарог, размінаванне гарадоў?.. Аб гэтым зараз усе маўчаць, быццам вады ў рот набраўшы.
МАЯ ПРАПАНОВА
Нядаўна з тэлэвізійнай паліцыйнай хронікі я даведаўся, што на сто дарожна-транспартных выпадкаў аж семдзесят выклікаюць жанчыны, якія не прытрымоўваюцца правілаў дарожнага руху. Я гэта ўспрыняў з жахам, бо хто з нас, мужчын, ведае, што недзе на скрыжаванні дарог трапіцца нам жанчына, якую трэба абавязкова прапусціць, хаця паводле правілаў мы павінны ехаць, бо чырвоны светафор перад носам жанчыны-вадзіцеля. Жанчына з-за сваёй упартасці і пачуцця перавагі над мужчынамі ведае, што яна каралева не толькі ў хатніх умовах, але і на шашы. Таму іменна вымушае першынства пераезду, нягледзячы на тое, што яе на шафёрскіх курсах вучылі інакш.
Каб не ўваходзіць нам, джэнтльменам у канфлікт з прыгажунямі за рулём, прапаную ўвесці наступную папраўку ў правілы дарожнага руху: кожны самаход, якім кіруе жанчына, павінен быць пазначаны вялікімі літарамі "К" (як кабета). Літара павінна быць чырвонага колеру на белым фоне, і падсветленая лямпачкай увечары. Тады брыдкая палавіна шафёраў ведае, што такі самаход абавя зкова трэба прапусціць не толькі дзеля ветлівасці, але і для свайго дабра. Няхай будзе яшчэ адна перамога жанчын, але затое будзе менш трупаў.
1990 г.
ЧАРГОВЫ ПАДАРУНАК СВЕТУ
Я ўжо зрабіў столькі вынаходстваў на карысць чалавецтва, што і сам іх усіх не памятаю. Але адно хачу чытачам прыпомніць, бо сённяшняя моладзь гатова не паверыць у маю вынаходлівасць, а старыя, хоць і карыстаюцца маімі вынаходствамі, не квапяцца пахваліць мяне за гэта. Скажу пра справу, якая аказалася вельмі карыснай для лысых. У выніку майго адкрыцця лысеючыя перасталі лысець, а ў тых, хто ўжо паспеў вылысець, пачалі адрастаць густыя чупрыны, прыгажэйшыя, чым раней.
Сённяшняе маё вынаходства нікому не павінна быць абыякавым, бо яно датычыць кожнага чалавека, нягледзячы на стан, пол, агранізацыйную і рэлігійную прыналежнасць, адукаванасць і неадукаванасць, колер скуры ці ўзрост. Чым хачу пахваліцца? А тым, што я сваім пачуццём абавязковасці перад чалавецтвам, сваёй упартасцю ў імкненні служыць грамадству, не запрапаную ніякіх матэрыяльных вынаходстваў, а толькі хачу падарыць свету ідэю, якая назаўсёды пакончыць з войнамі. А калі нават і не, то кожная чарговая вайна будзе не страшнейшая, чым самая благая вайна ў гісторыі нашай планеты.
Паспрабуйце падумаць так, як я. Дагэтуль на вайну, якую заўсёды выклікалі старэйшыя з-за сваіх эгаістычных матываў, прэстыжнасці і агрэсіўнасці пасылалі зусім маладых людзей, так патрэбных у гаспадарцы, якія не паспелі яшчэ нацешыцца жыццём, залажыць сям'ю. Адным словам, выкарыстоўвалі маладых, здаровых людзей, якія сваю сілу трацілі на забіванне іншых людзей, на паленне і разбурэнне чужых вёсак і гарадоў. Руйнавалі жыццё сабе і іншым. Пакідалі свае вёскі і гарады, ды ў няшчасці сваіх бацькоў. А я прапаную вось такую ідэю: ва ўсіх канстытуцыях свету трэба адпаведна змяніць той артыкул, які гаворыць, што кожны грамадзянін абавязаны служыць у арміі. Зараз мабілізацыі падлягаюць людзі ва ўзросце ад васемнаццаці да шасьцідзесяці пяці гадоў. А гэта значыць, што асноўная маса маладых хлопцаў, а нярэдка і дзяўчат, могуць загінуць на вайне. Беручы пад увагу грамадскую прыдатнасці маладога і старога чалавека, прапаную ў час вайны пасылаць на фронт мужчын ва ўзросце звыш шасцідзесяціпяці гадоў. Нават да ста, калі будуць магчы хадзіць.
Якія карысці выцякаюць з маёй ідэі? А вось такія: маладыя, якім хочацца жыць і тварыць, застануцца прадаўжаць жыццё. А старыя не будуць выдумваць войнаў, бо ім на іх не захочацца ісці, а калі прыдумаюць, то самі пойдуць біцца і тады:
— не пакінуць няшчасных бацькоў (бо рэдка хто іх будзе мець, а калі і так, то ўжо такіх старых, што не будуць ведаць, у чым справа),
— не трэба будзе плаціць пенсіяў,
— не будуць патрэбны дамы для састарэлых, прытулкі,
— менш трэба будзе месц у шпіталях (там пераважна ляжаць старыя),
— сем'і не будуць клапаціцца аб пахаванні бацькі ці дзеда (іх пахаваюць на кошт войска і то ў невядомым месцы, каб не даглядаць магілы і не насіць кветак).
Дзякуючы маёй ідэі грамадства будзе заўсёды маладым і не давядзецца яму мець лішніх клопатаў са старымі, бо яны пазабіваюцца ваюючы. Не, не. Не спяшайцеся асуждаць мяне. Па-першае, я не супроць старых, але маладых мне вельмі шкада. Па-другое, вайны ніколі б не было, каб народы паслухалі маёй навукі, бо маладыя не хочуць ваяваць, а старыя чым старэйшыя, тым больш баяцца. Тым, хто паверыць у маю ідэю, і тым, хто не паверыць, жадаю мірнага жыцця.