Выбрать главу

1990 г.

КАЛІ ЛЕПШ

Усе, хто жыў у Беластоку ў саракавых і пяцідзесятых гадах і абаграваў кватэру печамі, памятаюць дырэктара склада з апалам Зыберблата. Старэйшыя людзі памятаюць таксама, што пры ім не было клопатаў з вугалем, а ён сам стараўся, каб нават дроў на падпалку ўсім хапіла. Гандляр і дырэктар з яго быў выдатны.

Аднойчы дырэктар разгубіўся (а можа і не?) і памыліўся ў рахунках на сваю карысць. Вестка дайшла ў міліцыю. Выклікалі Зыберблата ў Ваяводскае праўленне на допыт. Ужо пасля падпісання пратакола афіцэр, які быў перакананы, што ў сацыялізме ўсім жывецца лепш, запытаў:

— Скажыце, грамадзянін Зыберблат, але толькі шчыра, гэта не будзе запісана ў пратакол, калі вам лепш жылося — пры санацыі, ці цяпер?

— Вы следчы афіцэр ці правакатар?! — выкрыкнуў Зыберблат.

— Народная ўлада дала вам пасаду, а вы хочаце яе кампраметаваць у вачах грамадства! Я, пане афіцэр, пры народнай уладзе зарабляю аж тры з паловай тысячы злотых, а пры санацыі зарабляў усяго тры!

Сказаўшы гэта, Зыберблат іранічна ўсміхнуўся, устаў з крэсла і пакінуў пакой следчага.

1991 г.

ЯК Я КАЛГАС АРГАНІЗАВАЦЬ ПАМАГАЎ

За выдатную службу ў арміі мяне ўзнагародзілі паездкай на Пазнанскую ярмарку. Экскурсія трывала 13 дзён і як на 1948 год было вельмі добра, бо адпачыў ад амаль штодзённых алярмаў і безупынных ды бескарысных заняткаў вайсковае службы.

Вярнуўся з ярмаркі ў штаб батальёна ў Санок, адзін афіцэр запытаў у мяне: "Калі ты, недаступная разява, паедзеш у водпуск?" Ён, мусіць, не ведаў, што я толькі што вярнуўся з экскурсіі. Я згадзіўся ехаць нават і сёння. Аформіўшы патрэбныя дакументы, я хутчэй памыўся, пераапрануўся і гайда на вакзал. У дарозе, памятаю, ля мястэчка Майдан нехта затрымаў цягнік. Калі я выглянуў праз акно, нейкі цывіль, з аўтаматам павярнуўся да мяне і крыкнуў: "Схавай морду, ты, сталінскі прыслужнік, бо так і зляціць!" А я яму на гэта: "Пацалуй ты мяне ў с..., бандыт!", і сеў на сваё месца, бо людзі прымусілі. Праз нейкую хвіліну зайшло ў вагон трох мужчын з аўта-матамі і спыталі, каго маюць у с... цалаваць. Якасьці жанчына пака-зала на мяне. Падыйшлі, наляскалі па мордзе, павалілі, наштурхалі ботамі ды пайшлі. Я цешуся, што не забралі мяне з сабою і пакінулі афіцэрскую сумку. Дакументы і пісталет узяў у мяне раней нейкі чала-век, які сядзеў у тым самым купэ. Ён ведаў, што будзе. Аказалася, што "лясныя" спяшаліся, забралі з цягніка грошы і падаліся ў лес. Цягнік весела паімчаўся ў Люблін. Там "хуткая дапамога" абмыла мяне, забінтавала і так я паехаў у родную старонку. У нядзелю ў Грабаўцы адбываўся нейкі сялянскі сход. Перад тым прыйшоў да мяне Паўлюсёк і кажа: Васька, прыдзі сёння на сход і памажы мне падмовіць, або прымусіць гэтае кулаччо арганізаваць калгас. Я згадзіўся, бо падумаў, што гэта будзе прасцей прасцейшага. Я ж чуў, што сяляне ў чэргах стаяць і просяць, каб іх у калгас прынялі.

Людзі, замест у царкву, прыйшлі на сход, бо цікавіліся, што там скажуць, а з другога боку баяліся, што калі не пойдуць на сход, то Паўлюсёк можа недзе нешта на каго падказаць. Згодна з дамовай, зайшоў і я.

Святліца была поўна, людзі сядзелі хто на чым мог і як мог. Сход вёў Паўлюсёк. Сяляне паглядалі на мяне, паабіванага, з сінякамі, ды ўсміхаліся ні то з сімпатыяй, ні то думалі: "Ага, дастаў пан капрал!" А я сядзеў і ўважна слухаў, што гаворыць старшыня сходу і меркаваў, што мне сказаць. Паўлюсёк то падмаўляў, то пакрыкваў, каб пісаліся ў калгас, а тыя шасці-васьмі гектарныя кулакі маўчаць і ўсё. Тады Паўлік не вытрымаў і крыкнуў: "Зараз пабачым, як вы заспяваеце, калі прамовіць да вас наш зямляк, пакалечаны, пасінячаны капрал Васька! Вы не думайце, што яму два лычкі далі дарма! Калі наш хлапец у такім мундзіры, то вядома, што ўжо не з адной печы хлеб еў. Ён, брат ты мой, ужо два гады ўмацоўвае нашу, савецкую ўладу, а вы ж яму памагаеце? Вы слухаеце ворагаў нашай дэмакратыі і гатовы прадаць сваю родную ўладу, каб толькі не пайсці ў калгас, ды не ўзбагаціць нашае гасударава". Хтосьці перабіў Паўлюська і крыкнуў: "Паўлюсь якая ж то твая ўлада, якое тваё гасударава? Гэта ж усё польскае!" "Але-е-е!" — адазваліся галасы. Паўлюсь сказаў: "Васька, бяры голас і дуй!"