Выбрать главу

Звесткі, атрыманыя з банкаў, канчаткова пераканалі мяне, што прыйшла пара майго шчасця. Цяпер у мяне быў доказ бескарыслівасці тваіх блізкіх: яны ўсміхаюцца мне не таму, што хочуць мець нейкую выгаду ад мяне, а таму, што ім прыемна са мной. І нечакана мне здалося натуральным, што я магу падабацца ўсім людзям, усім без выключэння. Нам з табой дазвалялі разам бываць вечарамі, шпацыраваць па прыгожых алеях парка. Як крыўдна і балюча, што ў пачатку жыцця, калі чалавеку выпадае трохі шчасця, ніхто не папярэдзіць, ніхто не скажа яму: «Можа, ты дажывеш і да ста гадоў, але не зведаеш ужо ніколі больш радасці, акрамя вось гэтых хуткаплынных дзён. Дык радуйся, цешся, пі да дна сваё шчасце, — больш рабіць гэта табе ўжо не давядзецца. Сустрэлася на тваёй пуцявіне крынічка шчасця — помні: яна першая і апошняя. Спатоль сваю смагу раз і назаўсёды, бо не піць табе з яе больш ніколі…»

А я, наадварот, тады пераконваў сябе, што гэта толькі пачатак доўгага светлага жыцця, напоўненага радасцю і шчасцем. Як жа я не цаніў тых вечароў, калі мы з табой нерухома сядзелі на паркавай лаўцы пад дрымотнымі шатамі дрэў!..

Але ўжо і тады былі невыразныя прыкметы бяды, толькі я іх не ўмеў разгадаць. Помніш тую цёмную ноч, калі мы сядзелі з табой на лаўцы ля дарогі, што вядзе да водалячэбніцы ў горы? Раптам, без дай прычыны, ты горка заплакала. Як цяпер помню я пах тваіх шчок, па якіх сцякалі гарачыя слёзы, слёзы невядомай мне трывогі. Я думаў, што ты плачаш ад шчасця. Праз сваю маладосць інакш я і не мог растлумачыць сабе гэтых слёз. Праўда, ты яшчэ і супакоіла мяне: «Нічога, нічога, гэта таму, што я побач з вамі…»

І ты не ашуквала мяне, манюка! Ты сапраўды плакала таму, што была побач са мной, а не побач з другім, чыё імя сарвалася з тваіх вуснаў праз некалькі месяцаў вось у гэтым пакоі, дзе я цяпер пішу сваёй старэчай рукой. А вакол мяне — мая мілая сямейка, якая толькі і чакае моманту паклікаць святара і рынуцца да маіх грошай.

Але што мог я падазраваць у той вечар? Я быў на вяршыні шчасця і туліўся да твайго пляча, да тваёй тоненькай шыйкі і ўдыхаў у сябе свежы, чысты водар, які ішоў ад маёй маленькай пакутніцы. Цёплая вільготная пірэнейская ноч пахла мокрай травой, мятай і… табой. На плошчы каля водалячэбніцы ліхтары высвечвалі лісце старых ліп. Стары ангелец з нашага атэля лавіў сачком начных матылёў, якія зляталіся на святло. Ты сказала мне: «Дайце, калі ласка, насавую хустачку…» Я выцер твае слёзы і схаваў насоўку сабе за пазуху.

Я стаў зусім іншым чалавекам. Іншым чалавекам — і гэтым усё будзе сказана. Светлы прамень надзеі і шчасця дакрануўся да мяне. Я адчуваў гэта па позірках жанчын. Пасля таго вечара, пасля тваіх слёз я не сумняваўся ў гэтым. А колькі пасля было вечароў, калі ты ўся свяцілася радасцю, даверліва брала мяне за руку і прыціскалася да мяне. Магчыма, я надта хутка ішоў да свайго шчасця, і ты задыхалася, не паспявала за мной. Але я быў цнатлівым жаніхом. Ты абудзіла ў маёй істоце ўсе пачуцці, і ніколі ў мяне не ўзнікала спакуслівая думка, што можна злоўжыць даверам да мяне тваіх бацькоў. Тым больш не магло мне прыйсці ў галаву, што за гэтым даверам хаваецца разлік.

Так, я быў іншым чалавекам. І вось аднойчы… З той пары мінула сорак гадоў, і я нарэшце магу табе ў гэтым прызнацца. Вядома, не дзеля таго, каб зрабіць табе прыемнае. Дык вось, гэта здарылася па дарозе ў даліну Лілей. Мы ішлі пешшу. У рэчцы цурчала вада. У руцэ ў мяне была сцяблінка палявога кропу. Унізе, пад намі ўжо змяркалася, а на вяршынях яшчэ ззяў сонечны бляск… І раптам мяне ахапіла вострае адчуванне, не — амаль фізічная ўпэўненасць, што існуе нейкі іншы свет, існуе рэальна, канкрэтна, але мы ведаем, бачым толькі цень яго…

Гэтае адчуванне прыйшло да мяне толькі на адно імгненне, і за ўсё маё сумнае жыццё больш ніколі не паўтаралася. Але сама незвычайнасць гэтага пачуцця надавала яму яшчэ большую значнасць у маіх вачах. І таму пазней, калі рэлігійныя спрэчкі пачалі раз'ядаць нашы з табой адносіны, я заўсёды адганяў ад сябе ўспамін пра гэта. Я хацеў табе прызнацца, што… Аднак не прыйшоў яшчэ час гаварыць пра гэта.

Не варта ўспамінаць пра нашы заручыны. Аднойчы вечарам мы сталі жаніхом і нявестай, і адбылося гэта неяк без майго жадання. Здаецца, ты зразумела мае словы зусім не так, як я хацеў, і раптам я аказаўся звязаным з табой. Доўга не мог я апомніцца ад такой нечаканасці. Не трэба пра гэта ўспамінаць. І ўсе ж ёсць тут адна непрыемная рэч, пра якую я прымушаю сябе сказаць. Ты адразу паставіла мне сваю першую ўмову: «дзеля згоды і спакою» ты адмовілася весці агульную гаспадарку з маёй маці і нават жыць з ёю ў адным доме. Гэта было сказана цвёрда, і ні ты, ні твае бацькі не збіраліся ні ў чым саступаць.