Выбрать главу

Дзіўна… Столькі гадоў прайшло, а я да драбніц помню тую размову з мамай у душным нумары гатэля. Акно было адчынена. Праз занавескі прабіваліся сонечныя промні, у якіх іскрыліся залатыя пылінкі. З вуліцы даносіліся ціхія гукі званочкаў і мелодыя цірольскай песні. Ад спёкі ў мамы разбалелася галава, і яна ў спадніцы і кофтачцы ляжала на канапе (яна ніколі не ведала, што такое пеньюар, халат, капот).

Я выкарыстаў момант, калі мама загаварыла, як мы будзем жыць пасля вяселля: яна збіралася аддаць нам увесь першы паверх, а сабе пакінуць толькі адзін пакойчык на чацвертым паверсе…

«Паслухай, мама… Іза думае, што лепш было б…» Выкладаючы свае планы (твае планы), я крадком пазіраў на мілы старэчы твар і сарамліва адводзіў вочы. А яна ўсё церабіла хворымі распухлымі пальцамі аборку на кофтачцы. Лепш бы яна з чым-небудзь не пагадзілася, пачала спрачацца!.. Я тады ведаў бы, што мне рабіць. А яна маўчала. І яе маўчанне было для мяне горш за ўсе пакуты.

Яна не паказвала выгляду, што пакрыўдзілася ці нават здзівілася… Нарэшце мама загаварыла, падбіраючы словы, каб пераканаць мяне, што яна даўно ведала пра нашу разлуку і што ў гэтым няма нічога незвычайнага.

— Амаль круглы год я буду жыць у Арыні, - сказала яна. — Там мне найбольш падабаецца, а вам пакіну Калез. Зробім у Арыні прыбудову на тры пакоі, і мне гэтага уга як хопіць. Дый каштаваць няшмат будзе. Канешне, грошай шкада, бо праз год мяне ўжо, можа, і на гэтым свеце не будзе. Але нічога, табе застанецца. Будзеш некалі прыязджаць на паляванне. Там шмат дзікіх галубоў. Праўда, ты не заядлы паляўнічы, але ж у цябе пойдуць дзеці, мо яны…»

Божа, як далёка зайшла мая няўдзячнасць, а мацярынская любоў была бясконцая!.. Я праганяў маму з наседжанага месца — яна пакорліва згаджалася… Усім магла ахвяраваць гэтая жанчына дзеля майго шчасця! Але, — помніш, Іза, — пасля гэтай цяжкай размовы вечарам ты спыталася ў мяне:

— Што з вашай мамай? Ёй нездаровіцца?

Назаўтра мама паправілася і выглядала як і заўсёды. З Бардо прыехаў твой бацька са старэйшай дачкой і зяцем. Яны ўжо ведалі пра нашы заручыны і разглядалі мяне з галавы да ног. Мне здавалася, што я чую іх галасы: «Ну, як, па-твойму, можна з гэтым тыпам выйсці да прыстойных людзей?.. Пра маці няма нават і гаворкі…» Ніколі не забудуся, як здзівіла мяне твая сястра Мары-Луіза. Вы звалі яе Марынетай. Яна была старэйшая за цябе, а выглядала маладзейшай — зграбная, танюсенькая, з доўгай шыйкай, з пышнай прычоскай і яшчэ зусім дзіцячымі вачыма. Стары муж, барон Філіпо, за якога яе выпхнуў замуж бацька, здаўся мне брыдкім і непрыемным. Але пасля яго смерці я часта думаў, што гэта быў адзін з самых няшчасных людзей, якіх мне давялося ведаць. Якіх толькі пакут не прымаў на сябе гэты чалавек, каб прымусіць маладую жонку забыцца, што яму пайшоў ужо сёмы дзесятак. Гарсэт моцна заціскаў яго цела, і здавалася, барон вось-вось задыхнецца. Высокі накрухмалены каўнер прыхоўваў абвіслыя шчокі і складкі на падбародку. Нафарбаваныя вусы і бакенбарды толькі падкрэслівалі старэчую бледнасць яго змарнелага твару. Ён амаль не слухаў, пра што мы гаварылі, а ўвесь час усё мерыўся зірнуць на сябе ў люстэрка, і калі яму гэта ўдавалася, успомні, як мы хіхікалі, гледзячы, з якой заклапочанасцю і трывогай гэты бядак ацэньваў сваё адлюстраванне. Устаўныя сківіцы не давалі яму ўсміхацца, і на ягоным твары заўсёды ляжала адзнака суровасці і засяроджанасці. Мы заўважылі таксама, як далікатна і асцярожна надзяваў ён свой цыліндр, каб не парушыць мудрагеліста зачасанай пасмы валасоў, што цягнулася ад патыліцы і разбягалася па лысай галаве рэдкімі струменьчыкамі, нібы дэльта плыткай рачулкі.

Твой бацька быў яго аднагодкам, але, нягледзячы на сівую бараду, лысіну і тоўсты жывот, яшчэ падабаўся жанчынам і часам карыстаўся гэтым пры наладжванні дзелавых кантактаў. Толькі мая маці дала яму рашучы адпор. Магчыма, што ўдар, нанесены мной напярэдадні, зрабіў яе яшчэ больш незгаворлівай і цвёрдай. Маці аспрэчвала кожны пункт шлюбнага дагавору, нібы гаворка ішла пра гандлёвае пагадненне ці пра дагавор на арэнду зямлі. Я рабіў выгляд, што злуюся, не згаджаюся з мамай, а ў глыбіні душы радаваўся, што яна так стойка бароніць мае інтарэсы. І калі сёння мая маёмасць строга адмежавана ад тваёй, і вы не маеце ніякай улады нада мною, то гэтым я абавязаны толькі маме. Гэта яна тады настойвала, каб паміж мною і табой быў зроблены самы дакладны падзел маёмасці, нібы я быў наіўнай дзяўчынай, якая адважылася выйсці замуж за несусветнага п'янюгу.