Выбрать главу

Ды і ты сама, Іза, гэтага хацела, і ты дала мне зразумець, што ніколі не пакінеш правінцыі. Вядома, калі б ты кахала мяне, ты б даражыла і маёй славай. І ты падказала б мне, што ўмельства жыць у тым і ёсць, каб ахвяраваць нізкімі, дробнымі інтарэсамі дзеля высокай мэты. Бязглуздыя журналісты пачынаюць шуміху, калі пранюхаюць, што нейкі адвакат, атрымаўшы дэпутацкае крэсла ці міністэрскі партфель, спрабуе сёе-тое перахапіць сабе ў кішэню. А было б лепш, каб панове газетчыкі выказвалі сваё захапленне паводзінамі тых дзелавых людзей, якія ўтаймавалі свае пачуцці, адмовіліся ад славы палітычнага дзеяча і заняліся такой справай, якая прыносіць найбольшы даход. Калі б ты кахала мяне, ты вылечыла б мяне ад гэтай маёй сквапнасці. А так усё жыццё для мяне існавала толькі адно — чысты прыбытак. Я ганяўся за буйной, сярэдняй і нават дробнай здабычай і добра ведаў, куды і як патраціць кожны франк. Ды што там! «Зарабіць добрыя грошы» — вось што было маей адзінай уцехай. Мара і мэта кожнага крамніка.

Вось і ўсё, што ў мяне засталося, — грошы, нажытыя маёй працай за доўгія і цяжкія гады. Даўно вы точыце зубы на гэтыя грошы!.. Ах, як палохае мяне нават думка, што яны апынуцца ў вашых кішэнях пасля маёй смерці! Я гаварыў у пачатку гэтага пісьма, што зрабіў адпаведныя захады, каб вам нічога не дасталося. І там жа даў табе зразумець, што я адмовіўся ад гэтай помсты… Але я не ведаў тады, што мая нянавісць да вас мае свае прылівы і адлівы. То яна адхлыне — і я мякчэю… То зноў навальваецца — і брудная хваля захліствае мяне…

З сённяшняга дня, калі вы хацелі абабраць мяне дзеля вашага Філі і калі я ўбачыў, як вы ўсе сабраліся на верандзе і сачылі за мной, мяне не пакідае карціна дзяльбы маёй спадчыны. Вось дзе будзе сцэна! Вы, як сабакі, будзеце грызціся за мае землі і каштоўныя паперы… Землі вы атрымаеце. А вось каштоўных папер ужо няма. Так, так, тыя самыя каштоўныя паперы, пра якія я гаварыў на першай старонцы гэтага пісьма, я прадаў на мінулым тыдні. І добра зрабіў, што збыў іх з рук: з таго часу курс акцый на біржы падае з кожным днём. Усе караблі тонуць і ідуць на дно, калі я пакідаю іх. Я ніколі не памыляюся. І вось цяпер у мяне мільёны, мільёны чысценькімі… Вы іх таксама атрымаеце… Калі я захачу… Але бываюць дні, калі я гавару сабе: «Ні франка я вам не дам!»

Чую, як ваша зграя падымаецца па лесвіцы. Вось вы спыніліся, гаворыце і не баіцеся пябудзіць мяне (вы ж даўно вырашылі, што я глухі). Праз шчыліну ў дзвярах бачу святло ад запаленых свечак. Пазнаю фальцэт дарагога Філі (у яго як быццам усё яшчэ ламаецца голас). Раптам чуецца прыглушаны жаночы смех. Ты кагосьці супакойваеш і зараз скажаш: «Цішэй! Ён жа яшчэ не спіць». Ты падкрадваешся да маіх дзвярэй, прыслухоўваешся, заглядаеш у замочную шчыліну. Мяне выдае лямпа. Ты вяртаешся да зграі і, мусіць, шэпчаш: «Не спіць яшчэ! Падслухвае». Усе на пальчыках адыходзяць. Парыпвае лесвіца, а потым адны за аднымі зачыняюцца дзверы. У гэтую велікодную ноч вы сабраліся ўсе парамі. І я мог бы стаць жывым ствалом нашага генеалагічнага дрэва, на якім квітнееце ўсе вы — яго маладыя парасткі. Звычайна ў сям'і любяць бацьку. Але ты стала маім ворагам, і дзеці апынуліся на тваім баку.

Самы час перайсці цяпер да нашай міжусобнай вайны. Але сёння няма ў мяне сілы пісаць. І спаць яшчэ не хочацца. Не люблю я валяцца ў пасцелі. У сне чалавек падобны да нябожчыка. А нашто ж прытварацца нябожчыкам? Мне чамусьці здаецца, што смерць пабаіцца прыйсці да мяне, пакуль я трымаюся на нагах. Баюся, сам не ведаю чаго: пакуты, болю, агоніі, апошняга глытка паветра? Не. Але ж смерць — гэта небыццё… Яе можна акрэсліць толькі знакам адмаўлення — мінус.

VII

Пакуль трое нашых дзяцей былі малыя, нам удавалася хаваць нашу варожасць, хоць атмасфера ў доме была цяжкая. Твая абыякавасць да мяне, адчужанасць да ўсяго таго, што было звязана са мной, не давалі табе пакутаваць і ты нават не адчувала гэтай атмасферы. Дома бываць я стараўся як мага радзей. Раніцай я снедаў адзін і ў адзінаццаць ад'язджаў у суд. Мяне цалкам паглыналі справы, а тая рэштка часу, якую я мог аддаваць сям'і, ты, вядома, здагадваешся, як і дзе праводзілася. Чаму ж мяне спакусіла гэтая жахлівая ў сваёй прастаце распуста, пазбаўленая ўсялякіх пачуццяў і нават фальшывай пяшчоты? Я мог бы лёгка заводзіць раманы, якія выклікаюць захапленне ў прыстойных людзей. Хіба маладому адвакату не даводзіцца мець справу з прыгожанькімі кліенткамі? Нямала жанчын, якія звярталіся да мяне, бачылі і хацелі ўсхваляваць ува мне мужчыну… Але я страціў веру ў гэтыя мілыя істоты, ці, дакладней, не верыў, што магу спадабацца каму-небудзь з іх. З першага погляду я заўсёды пераконваўся, што жанчыны, гатовыя стаць маімі каханкамі, хацелі мець з гэтага нейкую выгаду. Ад такой прадузятай думкі мне рабілася страшна… Трэба прызнацца і вось у чым. Да трагічнай упэўненасці, што ніхто ніколі не можа мяне пакахаць, далучалася яшчэ і падазронасць багатага чалавека, які баіцца, каб яго не абвялі вакол пальца, каб не выцягвалі з яго грошай. Ну, табе-то я даваў «пенсію». Занадта добра ведала ты мой характар, каб чакаць ад мяне хоць на франк больш вызначанай сумы. Зрэшты, сума была даволі вялікая, і табе яе хапала. З табой усё было проста. А вось іншыя жанчыны!.. Я з ліку тых мужчын, якія ўпэўнены, што на свеце існуюць толькі дзве групы жанчын: бескарыслівыя, закаханыя, шчырыя Евы і сквапныя да чужых грошай распусніцы. А на самай жа справе ў большасці жанчын прага кахання лёгка суіснуе і зжываецца з неабходнасцю падтрымкі, заступніцтва, — ім хочацца, каб нехта клапаціўся пра іх, абараняў, песціў… У свае шэсцьдзесят восем гадоў я так ясна бачу гэта, што часам мне хочацца выць ад адчаю, — чаму я сам, сваімі рукамі, адштурхнуў ад сябе каханне? І не дабрадзейнасць кіравала тады мною, а недаверлівасць і скупасць. Варта было завязацца нейкай цікавай сувязі, як яна раптам абрывалася — то ўсё разбурала мая падазронасць, то я сам рабіўся непрыемным жанчыне за тыя свае звычкі, якія і ты недалюблівала: за спрэчкі пра чаявыя з афіцыянтамі ці рамізнікамі. Я люблю загадзя ведаць, колькі павінен заплаціць. Люблю, каб на ўсё была свая цана. Сорамна мне, брыдка, але прызнаюся: у распусце мне падабалася тое, што там была ўстаноўлена строгая цана. І хіба ў такога чалавека, як я, ёсць што-небудзь агульнае паміж сардэчнымі парывамі і голым жаданнем? Сардэчныя парывы… я не сумняваўся, што ніколі мне іх не здзейсніць, і таму душыў іх у самым зародку. Я быў вялікі майстар забіваць у сабе ўсялякае пачуццё ў тую самую хвіліну, калі розум і воля яшчэ адыгрываюць у каханні асноўную ролю, калі мы стаім на грані страсці і яшчэ можам поўнасцю аддацца ёй або вырвацца з яе путаў. Я выбраў самыя простыя адносіны — тыя, якія можна купіць за пэўную цану. Цярпець не магу, калі мяне ашукваюць, але тое, што я павінен заплаціць, я заўсёды заплачу. Вы ўсе гарлапаніце пра маю скупасць. Дык паслухайце: я ніколі не дазваляў сабе мець даўгі і заўсёды на месцы франк у франк аплочваў свае рахункі. Усе пастаўшчыкі, з якімі мне даводзілася мець справы, ведаюць і вельмі цэняць гэта. Я і ў думках не магу дапусціць, што камусьці вінен хоць адзін франк. Іменна так разумеў я і «каханне». За паслугі плаці і будзь здароў! Божа, якая агіда! Не, мусіць, залішне я ўжо сябе бэшчу: усё ж такі кахаў я адну жанчыну, дый яна, здаецца, мяне кахала… Было гэта ў 1909 годзе, пад канец маёй маладосці. Навошта замоўчваць гэты раман? Ты пра ўсё ведала і прыпомніла мне гэта, калі табе спатрэбілася сёе-тое ў мяне выпрасіць.