Я выратаваў гэтую маладзенькую настаўніцу ад турмы (яе падазравалі ў дзетазабойстве). Спачатку яна аддалася мне ад удзячнасці, але потым… У той год спазнаў я шчырае каханне… Але ўсё загубіў мой ненасытны эгаізм. Мала таго што я трымаў яе ў беднасці і галечы, я яшчэ патрабаваў, каб яна заўсёды належала толькі мне, каб ні з кім не сустракалася, не бачылася, каб толькі я мог карыстацца ёю ў любы момант, калі мне ўздумаецца… Яна была маёй уласнасцю, маёй рэччу. Валодаць, карыстацца сабе на патрэбу, — гэтыя мае імкненні пашыраліся і на людзей. Я характарам рабаўладальнік. І вось аднойчы ў жыцці я нібыта і знайшоў сабе пакорлівую ахвяру, якая адпавядала ўсім маім патрабаванням. Я трымаў яе пад суровым наглядам і сачыў нават за яе думкамі… Ах, ды што гэта я!.. Зусім забыўся, што абяцаў табе не гаварыць пра такія рэчы. Словам, паехала яна ў Парыж, бо так жыць больш не магла.
«Паслухай, Луі, - не раз паўтарала ты мне, — каб жа ты не ладзіў і не мог ужыцца толькі з намі, а то ж усе цябе баяцца, усе ўцякаюць ад цябе! Ты ж сам бачыш, Луі!» Я не сляпы і бачыў гэта. Калегі ў судзе пазбягалі мяне. Доўга не хацелі выбіраць мяне ў Савет прысяжных павераных. А на пасаду старшыні адвакацкага корпуса выбіралі не мяне, а ўсялякіх крэцінаў, пасля якіх мне было б сорамна займаць гэты пост. Ды і нашто ён мне здаўся? Толькі лішні клопат і расходы на прыёмы. Дорага абыходзіцца ўсё гэта. Аўчынка не варта вырабу. Ты, вядома, не была б супраць такога павышэння — дзеля дзяцей. Ты ніколі нічога не хацела дзеля мяне самога, а пры выпадку заўсёды дадавала: «Луі, зрабі гэта дзеля дзяцей».