На той час я яшчэ не меў зброі супраць цябе — таго зняважлівага пісьма, якое ты напісала мне пасля смерці Мары. Сіла была на тваім баку. Ды і становішча маё моцна пахіснулася б, калі б справа дайшла да разводу: тады, асабліва ў правінцыі, не вельмі жартавалі з такімі рэчамі. Досыць было таго, што пра мяне ўжо хадзілі чуткі, нібыта я франкмасон. Мае погляды мала хто падзяляў, у свецкіх колах мяне цураліся, і, калі б не слыннасць тваёй радні, я даўно меў бы непрыемнасці на службе. А галоўнае… пасля разводу мне давялося б вярнуць акцыі Суэцкага канала, якія бацькі далі табе ў пасаг. Я ўжо так звыкся з імі, што даўно лічыў іх сваімі. Страшна было падумаць, што давядзецца развітацца з імі, як, дарэчы, і з рэнтай, якую плаціў нам твой бацька…
Я змірыўся і даў сваю згоду на ўсё, што ты патрабавала ад мяне, але ўпотайкі вырашыў, што ўвесь свой вольны час я прысвячу дзецям і схілю іх на свой бок. Гэта было ў жніўні 1896 года. Пераблыталіся ў мяне ў галаве тыя гарачыя і сумныя летнія месяцы, што мы праводзілі ў нашым маёнтку… А падзеі, пра якія я зараз раскажу, адбыліся ў апошнія пяць гадоў XIX стагоддзя.
Я думаў, што будзе не так ужо і цяжка адваяваць у цябе дзяцей… Я разлічваў на свой бацькоўскі аўтарытэт, на свой розум… Няўжо гэта складана, — думалася мне, — прывабіць і схіліць на свой бок дзвюх дзяўчынак і дзесяцігадовага хлопчыка? Ды гэта ж дробязь!
Дзеці страшэнна здзівіліся і нават спалохаліся, калі я паклікаў іх з сабою на прагулку. Ты сядзела пад ліпай, а тры пары дзіцячых вочак запытальна глядзелі на цябе.
— Ну, вядома, мае мілыя, ідзіце, пагуляйце з татам. І не трэба пытацца дазволу, раз ён вас кліча.
Мы пайшлі. А як трымацца з дзецьмі? Пра што гаварыць з імі? Адна справа весці судовыя спрэчкі з суровым пракурорам ці ўвішным абаронцам падсуднага, калі я выступаю на баку істца… Не так ужо страшна выступаць перад запоўненай залай, дзе ўсе настроены супраць цябе… А вось як гаварыць з дзецьмі? Перад імі я бянтэжуся. Як, дарэчы, не ўмею трымацца і з простымі людзьмі, нават з сялянамі, хоць я і сам сялянскага роду. Тут я губляюся, пачынаю чырванець, запінацца…
Дзеці весела шчабяталі, бегалі, скакалі, але паглядалі на мяне неяк насцярожана. На іх сэрцах ужо віселі твае замкі, і ключы ад іх былі толькі ў цябе. «Па клічу сумлення» ты не прыніжала майго бацькоўскага аўтарытэту, але і не хавала ад іх, што трэба шчыра маліцца за «беднага тату». І што б я ні рабіў, у іх уяўленні я заўсёды заставаўся «бедным татам», за якога трэба падаць на калені, маліцца і старацца, каб ён нарэшце паверыў у Бога. Усе мае выпады супраць рэлігіі яшчэ больш пераконвалі дзяцей, што іх тата — грэшнік, бязбожнік…
Урачыста адзначаліся ў нас царкоўныя святы. З маленства дзеці запаміналі, ведалі, чакалі іх. А першае прычасце было для кожнага выключнай з'явай… Вечарамі яны спявалі хорам, — да маіх вушэй даляталі не толькі арыі з опер Люлі, але і духоўныя псалмы. Я здалёк бачыў даверлівыя адданыя тварыкі, звернутыя да неба… Мае крокі па садовай дарожцы спынялі гэты вячэрні рытуал…
Кожнае нядзелі вы будзілі мяне сваёй мітуснёй і шумлівымі зборамі да ад'езду ў царкву. Ты вечна баялася спазніцца… Перад ганкам фыркалі коні… Хтосьці з дзяцей абавязкова забываўся свой малітвеннік… Ніяк не маглі дачакацца кухаркі… Нечы пранізлівы голас пытаўся: «А якая гэта нядзеля пасля сёмухі?..»
Вы вярталіся з царквы, і дзеці адразу беглі да мяне. Я звычайна яшчэ ляжаў у пасцелі. Маленькая Мары, відаць, прашчабятала перад алтаром усе малітвы, якія толькі ведала («каб выратаваць тату»), і цяпер уважліва глядзела на мяне з надзеяй, што я пачаў ужо выпраўляцца. Толькі яна адна мяне не раздражняла. Яе абедзве старэйшыя сястрычкі ўжо ставіліся да веры так, як і ты, Іза: спакойна, бяздумна, з адвечным імкненнем буржуа да камфорту… О! Ты добра ведала, што такая «вера» ўратуе іх ад гераічнай дабрачыннасці, ад усяго ўзвышанага хрысціянскага вар'яцтва. А вось Мары верыла ў Бога з кранальнай шчырасцю. Яна сардэчна і лагодна адносілася да слуг, арандатараў, беднякоў. Пра яе гаварылі: «Ды яна ўсё гатова аддаць. У такой грошы ў руках не затрымаюцца. Гэта ўсё, вядома, добра, але трэба за ёй наглядаць…» І яшчэ гаварылі: «Ніхто перад ёю не можа ўстаяць, нават бацька». Вечарамі яна сама падыходзіла, лезла да мяне на калені. Неяк раз яна заснула ў мяне на руках, прытуліўшыся галоўкай да майго твару. Яе валаскі казыталі мне шчаку. Нерухома сядзець, ды яшчэ ў нязручнай паставе, было цяжка. Хацелася папаліць. Але я не зварухнуўся. І толькі калі а дзевятай гадзіне прыйшла па яе нянька, я сам занёс яе ў пасцель, а вы ўсе ашаломлена глядзелі на мяне, нібы перад вамі з'явіўся драпежны звер, падобны да тых ільвоў і тыграў, якія лізалі ногі юным пакутнікам на арэне Калізея. Праз некалькі дзён — раніцай чатырнаццатага жніўня, — Мары сказала мне (ведаеш, як гэта робяць дзеці):