Выбрать главу

— Татачка, паабяцай мне, што зробіш тое, што я цябе папрашу… Не, ты спачатку паабяцай, а потым я табе скажу…

І яна сказала мне, што заўтра ты будзеш спяваць на месе ў царкве, і ўсім было б вельмі прыемна, каб я прыйшоў цябе паслухаць.

— Ты ж паабяцаў! Паабяцаў! — паўтарала яна, цалуючы мяне.

Мой пацалунак яна прыняла за знак згоды. Увесь дом ведаў пра гэтую падзею. «Гаспадар заўтра пойдзе ў царкву. Проста не верыцца… Яго ж нагі там ніколі не было», — дзівіліся слугі.

Страшэнная злосць апанавала мяне ў час вячэры, і стрымаць сябе мне не ўдалося. Хюбэр нешта папытаўся пра справу Дрэйфуса. Сваім адказам ты ўвяла мяне ў люты гнеў. Я плюнуў, выйшаў з-за стала і больш не паказваўся. Назаўтра, калі яшчэ ўсе спалі, я паехаў у Бардо і прабыў цэлы дзень у душным бязлюдным горадзе.

Дзіўна, што пасля гэтага я ўсё ж такі вярнуўся ў Калез. Чаму я праводзіў адпачынак разам з вамі? Я ж мог падарожнічаць… Прычын, вядома, можна навыдумляць якіх хочаш. А па праўдзе сказаць, я баяўся выдаткаў. Не мог я зразумець, як гэта можна кінуць гаспадарку, справы, паехаць у падарожжа, змарнаваць процьму грошай… Якая ж гэта радасць — раз'язджаць па свеце, ведаючы, што дома столькі клопату… І таму кожны раз я вяртаўся да сваёй кармушкі. Ёсць у мяне свой стол, свой дом і нашто мне бегаць па рэстаранах? Дух эканоміі, ашчаднасці — гэта мамін запавет, і ім я ўсё жыццё даражыў.

Дык вось, я вярнуўся дадому такі разбіты, што нават Мары не магла мяне ўцешыць. І з таго часу я змяніў тактыку: цяпер я не проста нападаў на тваю веру, а чапляўся за кожны зручны выпадак, каб паказаць, што ты жывеш зусім не так, як таго патрабуе вера. І хоць ты была добрай хрысціянкай, рабіць гэта мне было няцяжка. Думаю, спрачацца са мной на гэты конт ты не будзеш. Пра тое, што памагчы бліжняму — гэта першы абавязак хрысціяніна, — ты не ведала, а калі ведала, то даўно забылася. Пад словам «міласэрнасць» ты разумела сякія-такія абавязкі ў дачыненні да бедных і добрасумленна выконвала іх дзеля свайго ж выратавання і вечнага жыцця ў лоне божым. Мушу агаварыцца, што цяпер ты моцна змянілася. Цяпер ты клапоцішся пра беднякоў, сама даглядаеш хворых на рак. Але ў тыя часы адной рукой ты кідала падачку якому-небудзь бедняку, а другой выціскала ўсе сокі з такіх самых, як ён. Гаспадыня дома, ты «па-гаспадарску» ставілася да слуг: рабіць прымушала як мага больш, а плаціць старалася як найменш. А помніш тую старэнькую бабульку, што кожную раніцу прывозіла нам агародніну? Калі б ты яе ўбачыла на цвінтары, ты падала б ёй міласціну. А так ты лічыла справай гонару патаргавацца з ёю за кожны качан капусты, каб абакрасці і без таго бедны яе заробак.

Калі слуга ці парабак сціпла намякаў табе, што яму варта было б накінуць некалькі франкаў за добрую работу, ты спачатку здзіўлялася, а потым давала волю свайму гневу. У цябе быў сапраўдны талент пераконваць гэтых безабаронных людзей, што ў іх усё ёсць і больш ім нічога не трэба. З тваіх вуснаў так і сыпаліся прывілеі, якімі карыстаўся просьбіт: «Я вам даю жытло, бочку віна, хлеб і да хлеба, палову свінні, якую вы выкармілі маёю бульбай… У вас ёсць сад, агарод…» Бедалагі аж рот разяўлялі: вунь, аказваецца, якія яны багацеі… Ты любіла паўтараць, што твая пакаёўка ні ў чым не мае патрэбы, а свае сорак франкаў штомесяц носіць ў ашчадную касу.

— Вы паглядзіце! Сукенкі на ёй — мае. Бялізна — мая. Абутак — мой. Нашто ёй тыя грошы?! Ёй і сорак франкаў няма куды дзяваць. А дасі больш — будзе гасцінцы ў вёску сваякам пасылаць…

Буду справядлівы, Іза: калі хто са слуг хварэў, ты рупліва даглядала яго — і да пасцелі прыходзіла, і лякарствы давала, і сякія-такія ласункі прыносіла. Словам, у бядзе ты іх не пакідала. Гэта праўда. А ў адказ гэтыя людзі, якія не надта паважаюць слабахарактарных гаспадароў, шанавалі і часам нават любілі цябе.

Аднак ты ніколі не прызнавалася, што твае погляды на жыццё, выхаваныя бацькамі і эпохай, не заўсёды стасаваліся з Евангеллем. На гэтым я цябе, бывала, падлоўліваў: «Паслухай, Іза! А здаецца мне, Хрыстос на гэты конт гаварыў вось што…» Ты адразу нямела і шалела ад злосці, што я дазваляю сабе такое пры дзецях. Потым ты спрабавала апраўдвацца: «Нельга ж усё разумець літаральна…» Вось тады то я ўжо даваў сабе волю: я засыпаў цябе прыкладамі, якія даказвалі, што святасць у тым і ёсць, каб дакладна прытрымлівацца духу і літары Евангелля. Калі ж ты, на сваё няшчасце, пярэчыла мне, што ты не святая, я канчаткова дабіваў, цябе словамі з Евангелля: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы тварэц ваш нябесны».