Выбрать главу

І я, і ты, Іза, у адзін голас супакойвалі святара і гаварылі, што пасля яго расказу наш давер да абата Ардуэна не зменшыцца. Але святар быў няўмольны і з таго часу заўсёды з непрыязнасцю ставіўся да Ардуэна, які «так брыдка ашукаў самога сябе». Ты, вядома, памятаеш пра ўсё гэта, але ты не ведаеш, што было потым. Вечарам, калі я паліў на тэрасе, да мяне падышоў абат Ардуэн і збянтэжана папрасіў прабачэння за тое, што сам не расказаў пра свой непрыстойны ўчынак. Я пачаў пераконваць абата, што тое юнацкае свавольства здалося мне хутчэй сімпатычным, чым непрыстойным учынкам, аднак малады чалавек з нечаканай цвёрдасцю запярэчыў мне і ўпэўненым голасам выпаліў цэлую абвінаваўчую прамову супраць самога сябе. З яго слоў выходзіла, што я не магу нават сабе ўявіць, якая вялікая яго віна: ён парушыў абавязак паслушэнства, апаганіў сваё прызванне, саграшыў супраць маралі. Акрамя таго, ён абняславіў усю семінарыю… Словам, цяпер не хопіць усяго жыцця, каб выправіць бяду… Да сённяшняга дня стаіць у мяне перад вачыма згорбленая ад роспачы постаць гэтага чалавека. Пры ўсёй маёй непавазе да духоўных асоб я не мог западозрыць Ардуэна ў крывадушнасці: увесь ён быў перапоўнены горам і смуткам. І, бедалага, усё прасіў дараваць яму, што ён адразу ва ўсім не прызнаўся. Спрабаваў апраўдвацца, што прычынай гэтага была беднасць: яму трэба было знайсці хоць які заробак, каб не быць два месяцы абузай сваёй маці, няшчаснай удаве, якая ходзіць па хатах і мые бялізну ў Лібурне. Я яму адказаў, што, на маю думку, ён не быў абавязаны папярэджваць нас пра гэты выпадак, які датычыў толькі семінарскай дысцыпліны. Тады ён узяў мяне за руку і сказаў такое, ад чаго я доўга не мог апамятацца:

— Вы добры чалавек…

Ты ж ведаеш, як я смяюся. Мой смех нават у пачатку нашага жыцця псаваў табе нервы. Гэты няскладны, праціўны смех яшчэ ў гады маёй маладосці мог ушчэнт разбіць радасны настрой вакол мяне. У той вечар я клаўся ад смеху, пачуўшы гэтыя словы… Нарэшце я супакоіўся і змог гаварыць:

— Месье абат, вы самі не ведаеце, якую лухту вы толькі што сказалі. Спытайцеся ў кожнага, хто мяне ведае, добры я ці не. Паслухайце маю жонку, дзяцей, сваякоў, калег — і вы пачуеце толькі адно: злосць — вось яго натура.

Запінаючыся, абат Ардуэн пачаў мне даводзіць, што па-сапраўднаму злы чалавек ніколі адкрыта не скажа пра сваю злосць.

— Паверце, месьё абат, — запярэчыў я, — вы не знойдзеце ў маім жыцці таго, што вы называеце дабрачыннасцю.

Тады Ардуэн, намякаючы на маю адвакацкую прафесію, прывёў словы Хрыста: «У цямніцы я быў, і вы наведалі мяне…»

— Ды гэта ж мне выгадна, месьё Ардуэн! Да таго ж, гэта мая прафесія, якая, дарэчы, прыносіць мне немалыя грошы. Калісьці я плаціў турэмным наглядчыкам, каб яны пры выпадку шапнулі на вуха падсуднаму маё прозвішча… Вось як!.. А вы кажаце…

Не помню добра, што ён мне адказаў. Мы ішлі па ліпавай алеі. Што ж, ты, Іза, толькі рукамі развядзеш, калі я скажу табе, што мне было прыемна быць побач з гэтым чалавекам у сутане. А мне папраўдзе было з ім так добра!..

Здаралася, я ўставаў на золку і ішоў у сад, каб падыхаць свежым ранішнім паветрам. Я глядзеў, як абат спяшаўся на месу. Ён быў такі засяроджаны, што мог за два крокі не заўважыць мяне… Якраз у тую пару я даймаў цябе сваімі кпінамі і стараўся даказаць, што жывеш ты ў поўным разладзе з сваімі прынцыпамі. Але сумленне маё не давала мне спакою: кожны раз, калі я лавіў цябе на скупасці ці жорсткасці, - я хоць і крычаў, што ў вас, набожных, не засталося і следу ад хрысціянскага духу, — я ўсё ж такі ведаў, што пад маёю страхою жыве чалавек, які застаўся адданым гэтаму духу — абат Ардуэн…

VIII

У нашым з табою жыцці, Іза, была адна падзея, пасля якой я атрымаў поўнае права лічыць цябе агіднай. У 1896 ці 1897 годзе — табе гэта лепш ведаць — памёр наш швагер барон Філіпо. Неяк раніцай твая сястра Марынета прачнулася, загаварыла з мужам, а той — ні слова ў адказ. Яна адчыніла аканіцы і ўбачыла, што вочы ў старога закаціліся, ніжняя сківіца адвісла. Да яе не адразу дайшло, што муж памёр, і некалькі гадзін (а можа, і болей) яна праспала разам а трупам.

Я далёка не ўпэўнены, што кожны з вас адчуў усю подласць завяшчання гэтага нікчэмнага чалавека: ён пакінуў жонцы велізарнае багацце, але пры ўмове, што яна застанецца ўдавою і другі раз замуж ніколі не выйдзе. У адваротным выпадку амаль уся спадчына павінна была перайсці да пляменнікаў нябожчыка.