— Трэба цяпер больш клапаціцца пра Марынету, — паўтарала твая маці. — Дзякуй Богу, што сям'я наша дружная, — адзін за аднаго. Не трэба пакідаць яе адну.
Марынеце на той час было каля трыццаці, але ж ты памятаеш, як яна выглядала: прыгожая, зграбная, свежая — як дзяўчынка. У свой час яна паслухалася бацькоў, выйшла замуж за старога і пакорліва жыла ў гэтым няроўным шлюбе. Ніхто з вас не сумняваўся, што Марынета лёгка пагодзіцца ўзяць на сябе і ролю безуцешнай удавы. Вы зусім не ўлічылі таго, якім штуршком стане для яе вызваленне, выхад з цёмнага падзямелля на прастор, на святло.
Не, Іза, ты не думай, што я буду злоўжываць прывілеяй весці свой маналог, якую я тут сабе прысвоіў. Табе вельмі хацелася, каб усе завешчаныя мільёны засталіся ў сям'і і каб дзеці твае маглі іх скарыстаць. Гэта натуральна. Усе вы цвёрда вырашылі, што Марынета не павінна губляць той узнагароды, якую яна заслужыла за дзесяць гадоў рабскага жыцця са старым баронам. Вы дзейнічалі, як добрыя сваякі: ніякага другога замужжа, Марынета застанецца ўдавою! А ці ўспомніла ты, Іза, што зусім нядаўна ты сама была маладой жанчынай?! Ну, пра каханне да мяне я не гавару: яго ты ніколі не ведала, ты была толькі маці сваіх дзяцей і больш для цябе нікога на свеце не існавала. У вас у сям'і ніхто не вызначаўся багатай фантазіяй: вы ніколі не змаглі б паставіць сябе на месца другога, будзь ён падонак, будзь ён самы прыстойны чалавек!
Усе пагадзіліся, што першае лета пасля смерці мужа маладая ўдава прабудзе ў Калезе. Не скажу, Іза, што паміж табой і Марынетай, — тваёй роднай сястрой, была вялікая дружба, але яна вельмі любіла нашых дзяцей, асабліва маленькую Мары. Я сам амаль не ведаў яе, і мяне перш за ўсё прыемна здзівілі яе прыгажосць і грацыя. Ніхто не паверыў бы, што яна старэйшая за цябе. Ты нараджала, зноў насіла ў сябе пад сэрцам дзяцей, і ад тваёй зграбнай фігуры мала што засталося. А яна, здавалася, выйшла цнатлівай з пасцелі гэтага старога барона. Тварык яе быў яшчэ зусім дзіцячы. Па тагачаснай модзе яна насіла высокую прычоску. Яе залацістыя валасы былі прыгожа завітыя каля шыі (цяпер забыліся пра тую моду). Вочы яе былі, бадай, занадта круглыя, нібы яна ўвесь час была чымсьці здзіўленая. Жартуючы, я часам абдымаў яе «асіную талію», хоць бюст у яе быў на цяперашнія меркі залішне развіты.
Мне падабалася яе весялосць, жыццярадаснасць. Увесь час яе цягнула да дзяцей: яна то забаўлялася з імі ў садзе, то гуляла ў хованкі, то расказвала казкі… «Марынета ў нас трохі ветраная, — гаварыла ты, — і не зусім разумее, як трэба сябе паводзіць у яе становішчы».
Ты пайшла ёй на ўступку і дазволіла насіць у буднія дні белыя сукенкі. Але ты лічыла страшэнна непрыстойным, каб у нядзелю яна ехала на месу без доўгай чорнай вуалі і без накідкі, абшытай жалобным крэпам.
Адзінай уцехай, якую мела Марынета пры мужы, была верхавая язда. Барон Філіпо быў выдатным знатаком конскіх парод і да апошняга свайго дня кожную раніцу рабіў прагулкі конна. Марынета ўзяла з сабой у Калез сваю кабылу і гадзінамі гарцавала па ваколіцах адна, бо суправаджаць яе не было каму. Ты, Іза, убачыла ў гэтым двайны грэх: удава, якая тры месяцы назад страціла мужа, не павінна ўвогуле займацца ніякім спортам, а раз'язджаць на кані, ды яшчэ без ніякага суправаджэння — гэта проста недаравальна.
«Я-то ёй усё выгавару, што пра яе думаюць у нашай сям'і», — бубніла ты. І ты выгаворвала, але толькі Марынета ўсё рабіла па-свойму. Нарэшце яна стамілася ад тваіх павучанняў і папрасіла мяне суправаджаць яе на прагулках. Я згадзіўся, і яна за свае грошы купіла мне добрага рахманага каня.
Звычайна мы выязджалі на досвітку, калі яшчэ не назаляюць мухі і авадні. Коней падводзілі проста да ганка. Марынета гарэзліва паказвала язык зачыненым аканіцам тваёй спальні і прышпільвала да сваёй амазонкі мокрую ад расы ружу. «Хоць і нельга насіць кветак удаве, але…» — жартавала Марынета. Ад царквы даносіўся звон: хутка пачнецца ранішняя меса. Абат Ардуэн сарамліва кланяўся нам і знікаў у густым ранішнім тумане. Першыя некалькі кіламетраў мы ехалі памалу і маглі спакойна пагаварыць, пажартаваць. Я заўважыў, што карыстаюся пэўным аўтарытэтам у сваёй швагеркі. І прычынай гэтага былі хутчэй за ўсё мае крамольныя думкі, якімі я бударажыў сям'ю, а не тое, што я працаваў у судзе і займаў там даволі высокую пасаду. А вось твае погляды, Іза, амаль поўнасцю сыходзіліся з прынцыпамі яе нябожчыка мужа. Ты сама жанчына і ведаеш, што ў вас, жанчын, і рэлігія і ўсялякія ідэі заўсёды ўвасабляюцца ў вобразе якога-небудзь чалавека — любімага або ненавіснага.