Што ж, у мяне была магчымасць яшчэ больш павысіць свой прэстыж у вачах гэтай маладзенькай бунтаркі. Але вось бяда! Я мог без асаблівага намагання ва ўсім падтрымліваць Марынету, калі яна ваявала з вамі. Аднак варта было ўсплыць гэтым мільёнам… Тут я змаўкаў. Не мог я сябе прымусіць падзяляць яе пагарду да спадчыны барона Філіпо. Я разумеў, што толькі выйграю, калі ўслед за Марынетай буду паўтараць словы пра высакароднасць, маладосць, незалежнасць, але зрабіць з сабою нічога не мог. Нават прытварацца і рабіць выгляд, нібыта я на яе баку, калі яна бажылася, што не баіцца страціць сем мільёнаў, было звыш маіх сіл. А калі ўжо гаварыць усё да канца, то мяне чамусьці не пакідала думка, што Марынета можа раптоўна памерці і мы будзем яе спадкаемцамі (я думаў не пра дзяцей, а пра сябе).
Колькі я ні пераконваў сябе, колькі ні рыхтаваўся, колькі ні паўтараў гэты ўрок красамоўства, — язык мой гаварыў зусім іншае: «Сем мільёнаў! Марынета, апамятайцеся! Ды няма на свеце мужчыны, які быў бы варты хоць паловы такога скарбу».
— Ах, вось вы як? — крычала яна. — Дык чаму ж вы рысаваліся, гаварылі, што ненавідзіце нашых?! Вы такі ж самы, як яны! Адна парода!
І яна пускалася ў галоп, а я заставаўся далёка ззаду… Вось так траціў я сімпатыі Марынеты. Ах, гэтая прага да грошай! Чаго яна мяне толькі не пазбавіла! Я мог бы знайсці ў Марынеце мілую сястру, а можа, сяброўку… І вы цяпер хочаце, каб я аддаў вам грошы, тое, дзеля чаго я ўсім ахвяраваў? Не, даражэнькія, яны мне каштавалі занадта дорага, каб я кідаўся імі. Пакуль я буду жыць на гэтым свеце, вы ні франка не атрымаеце ад мяне!..
А спакою вам няма. У нядзелю прыляцела да мяне жонка Хюбэра. Цікава, сама прыехала ці гэта вы яе падаслалі? Убогая істота гэтая Алімпія! (Чаму Філі ахрысціў яе Алімпіяй? А мянушка прыжылася, мы нават забыліся яе сапраўднае імя…) Мне здаецца, што яна сама вырашыла прыехаць і вам, бадай, не сказала пра свой намер. Яе вы не прынялі ў вашу зграю, бо не лічыце сваёю. Гэтая жанчына абыякавая да ўсяго, што выходзіць за межы яе ўласнага маленькага свету. І пляваць яна хацела на ўсё, што непасрэдна яе не датычыць. Яна не ведае ніводнага закону «сям і» і не здагадваецца нават, што я ваш вораг. І гэта не таму, што яна паважае мяне ці мае да мяне якія-небудзь сімпатыі: яна ніколі не думае пра другіх і наўрад ці здольная каго ўзненавідзець. Калі вы пры ёй благім словам успомніце мяне, яна заўсёды пярэчыць: «А ён такі добры са мной». Яна не адчувае маёй жорсткасці. А паколькі я часам абараняю яе ад вашых наскокаў, то Алімпія шчыра верыць, што падабаецца мне.
З яе блытаных слоў я зразумеў, што Хюбэр спыніўся своечасова, але ўсё ж давялося закласці ўсю маёмасць і жончын пасаг, каб выратаваць становішча.
— Ён кажа, што абавязкова забярэ назад свае грошы, толькі яму цяпер патрэбен… ну… як гэта ён казаў?.. Аванс у лік спадчыны…
Я лагодна слухаў, ківаў галавой, згаджаўся з ёю і рабіў выгляд, што зусім не разумею, чаго яна ад мяне хоча… Як жа я навучыўся прыкідвацца прасцяком!
Калі б ты, дарагая Алімпія, ведала, што я аддаў дзеля грошай!.. А тады мне ішоў толькі трыццаць пяты год!.. Мы вярталіся з Марынетай ласля нашай прагулкі. Ціха ішлі коні. Сонца ўжо няшчадна паліла дарогу і бясконцыя палеткі вінаграднікаў, апырсканых купарвасам. Як мог, я даводзіў гэтай маладой насмешніцы, што ні ў якім разе нельга выпускаць з рук мільёны барона Філіпо. А калі я змаўкаў, яна звонка смяялася. Я пачынаў абараняцца і зусім збіваўся з тропу.
— Марынета, я раблю ўсё гэта толькі дзеля вас. Няўжо вы думаеце, што такі чалавек, як я, захоча, каб на вашай спадчыне пагрэлі рукі мае дзеці? Іза — іншая справа! Яна, вядома… Але я…
А Марынета працадзіла праз зубы:
— А вы і праўда страшны чалавек!..
І зноў я паўтараў, што мяне хвалюе толькі яе шчасце, яе будучыня, яе жыццё… Яна адмоўна круціла галавой: «Не! Не! Сціхніце! Не гаварыце!» А ў глыбіні душы, хоць Марынета не прызнавалася ў гэтым, яна марыла не так пра замужжа, як пра сваіх дзяцей, пра сваё мацярынства.
Пасля снедання я, не зважаючы на спёку, выходзіў з дому, дзе ў халодных і цёмных пакоях заставаліся падрамаць усе мае дамачадцы. І калі я адчыняў шкляныя дзверы і рабіў крок насустрач вогненнаму блакіту, мне не трэба было абарочвацца: я ведаў, гэтая насмешніца, якая так пагарджае мною, ідзе следам. На высокіх тонкіх абцасіках ёй цяжка было ісці па няроўнай жвіровай сцежцы. Нарэшце мы даходзілі да тэрасы. Тут Марынета любіла забаўляцца: клала руку на гарачы ад сонца камень і лічыла, колькі секунд зможа так пратрымаць.
Унізе, пад намі, ляжала раўніна, залітая яркім сонечным святлом. Навокал панавала цішыня, як глыбокай ноччу, калі зямля спіць у месячным ззянні. Далёка на гарызонце аркай стаялі камяністыя пагоркі, нібы падпіралі сабой блакітнае неба. Усё замерла, і да чатырох гадзін не ўбачыш тут ні звера, ні чалавека. Нават мухі слупам віліся на адным месцы, а адзіны на ўсю раўніну дымок нерухома павіс над зямлёй…