Выбрать главу

Мне трэба яшчэ пажыць, каб скончыць гэтую споведзь, каб прымусіць цябе хоць раз выслухаць мяне. Так ужо здарылася, што нам з табою не хапіла на гэта жыцця, бо нават тады, калі я спаў з табой у адной пасцелі і спрабаваў штосьці сказаць, я заўсёды чуў адно і тое: «Ах, як я стамілася! Страшэнна хочацца спаць! Я ўжо засынаю, засынаю…» Мае пяшчоты, ласкі ты яшчэ прымала, а вось мае словы… Хоць няшчасце наша парадзілі менавіта размовы — тыя бясконцыя гутаркі, якія мы так любілі пасля вяселля. Мы былі тады такія маладыя: мне толькі што споўнілася дваццаць тры, табе — васемнаццаць, і, відаць, уцехі плоці прыносілі нам менш радасці, чым нашы адкрытыя шчырыя прызнанні. Як гэта і бывае ў юнацтве, мы тады пакляліся гаварыць толькі праўду і нічога не ўтойваць. Мне па сутнасці не было ў чым спавядацца, і даводзілася нават упрыгожваць свае нявінныя юнацкія авантуры. Я не сумняваўся, што і ў цябе такое ж небагатае мінулае, і не мог нават уявіць сабе, што да знаёмства са мной ты вымаўляла імя якога-небудзь другога юнака. Так лічыў я да таго вечара, калі…

Было гэта ў тым самым пакоі, дзе пішуцца гэтыя радкі. Шпалеры з таго часу змяніліся, а мэбля з чырвонага дрэва так і стаіць, як тады. На тым самым месцы графін з апалавага шкла, чайны сервіз, што выйгралі па латарэі… Свяціў месяц. Цёплы паўднёвы вецер даносіў да нашага ложка пах гару.

Многа разоў гаварыла ты мне пра нейкага Рудольфа, і чамусьці заўсёды ноччу, у спальні, нібы яго прывід абавязкова з'яўляўся паміж намі ў самыя інтымныя нашы хвіліны… Ты і ў той вечар назвала гэтае імя — Рудольф, — помніш? Але гэтага табе ўжо было мала:

— Дарагі, мне варта было сказаць табе сёе-тое яшчэ перад вяселлем. Павер, мяне сумленне мучыць, што я тады не прызналася… О, нічога асаблівага, супакойся!..

Мяне гэта не збянтэжыла, і я не спрабаваў нават што-небудзь выпытваць у цябе. Але ты сама так шчодра дзялілася сваімі сакрэтамі, што мне спачатку стала няёмка. І зрабіла ты гэта не таму, што цябе сапраўды мучыла сумленне, не таму, што ў табе загаварыла пачуццё шчырасці і далікатнасці, хоць ты мяне і пераконвала ў гэтым… Ты проста не магла больш маўчаць, бо знаходзіла асалоду ў гэтых успамінах. Можа, ты і адчувала небяспеку, што навісла ў той вечар над нашым шчасцем, але зрабіць з сабой ужо нічога не магла. Не ад твайго жадання, не ад тваёй волі залежала, каб прывід гэтага Рудольфа не лунаў над нашай пасцеллю…