Выбрать главу

Але ў тую хвіліну я зрабіў подласць — я падумаў пра цябе, Іза, і захацеў адпомсціць табе: выкарыстаць сімпатыі, слабасць Марынеты і прымусіць цябе пакутаваць! Гэтая думка ахапіла мяне толькі на адно імгненне, але ўсё ж яна ўзнікла, я рыхтаваў злачынства!.. Няўпэўненым крокам мы рушылі туды, дзе было менш святла, да гранатавага гаю… Але лёс захацеў так, каб у гэты момант на алеі пачуліся крокі. Па гэтай алеі звычайна хадзіў у царкву абат Ардуэн… Хутчэй за ўсё гэта быў ён. Мне ўспомніліся яго словы: «Вы добры чалавек». О, калі б мог ён прачытаць мае думкі ў гэты момант! Мне стала сорамна. Можа, гэта мяне і ўратавала…

Я вывеў Марынету на святло і пасадзіў на лаўку. Выцер ёй вочы і пяшчотна загаварыў… Вось так я суцяшаў і нашу дачку, нашу маленькую Мары, калі яна, бывала, бяжыць па ліпавай алеі, спатыкнецца, упадзе, а я яе падыму і лашчу… Я прытварыўся, што не заўважыў ні хвалявання Марынеты, ні яе слёз, ні яе забыцця…

IX

Назаўтра раніцай яна не паехала катацца на кані. А мне трэба было ў Бардо. (Нягледзячы на водпуск, два разы на тыдзень я бываў там, бо не хацеў перапыняць сваіх кансультацый.)

Я зрабіў усе свае справы ў горадзе, прыехаў на вакзал і сеў на цягнік. Побач, на суседняй платформе стаяў Паўднёвы экспрэс. Якое ж было маё здзіўленне, калі ў акне вагона, на якім было напісана «Б'ярыц», я ўбачыў Марынету. На ёй не было ніякага жалобнага ўбору, вопратка — па апошнім слове моды… Я ўспомніў, што нейкая сяброўка даўно ўжо запрашала яе прыехаць у Сэн-Жан-дэ-Люз. Марынета гартала часопіс і не ўбачыла маіх знакаў, якія я ёй падаваў. Вечарам ты амаль не звярнула ўвагі на мой расказ пра сустрэчу з Марынетай і палічыла гэта дзіцячай выхадкай тваёй сястры. Да таго ж аказалася, што раніцай адразу пасля майго ад'езду Марынета атрымала тэлеграму ад сваёй сяброўкі. Ты нават здзівілася, што я пра гэта нічога не ведаў. Можа, ты западозрыла, што мы дамовіліся тайна сустрэцца ў Бардо? Зрэшты, табе было не да Марынеты. Ужо некалькі дзён не ўставала з пасцелі наша маленькая Мары — вось што цябе непакоіла. Аддаю табе належнае: калі хто-небудзь з тваіх дзяцей хварэў, усё на свеце пераставала для цябе існаваць.

Не хацеў бы я спыняцца на тым, што здарылася праз некалькі дзён. Трыццаць гадоў прайшло, а душа плача, баліць, як успомню пра гэта… Я ведаю, у чым ты мяне абвінаваціла. Ты нават пасмела мне проста ў вочы сказаць, што я не захацеў выклікаць доктара з Вардо. Несумненна, калі б мы запрасілі прафесара Арназана, ён вызначыў бы, што ў Мары брушны тыф, а не грып, як усе мы думалі. Але пастарайся ўспомніць: адзін толькі раз ты спыталася ў мяне: «Можа, паклікаць Арназана?» Я адказаў: «Доктар Абру запэўнівае, што ў суседняй вёсцы ў яго набярэцца больш як дваццаць хворых на такі самы грып…» І ты супакоілася. Чаму ж ты потым пачала гаварыць, што на другі дзень прасіла-маліла мяне паслаць тэлеграму Арназану? Калі б так яно і было, я помніў бы пра гэта. Праўда, я столькі перадумаў пра ўсё гэта, што цяпер ужо і сам заблытаўся. Дапусцім, што я скупы, — згодзен… Але ж не да такой ступені, каб дрыжаць над кожным франкам, калі размова ідзе пра здароўе Мары. Не, не магло такога быць… Тым больш што прафесар Арназан гатовы кожнага лячыць не за грошы, а з павагі да Бога і да людзей. І калі мы не звярнуліся да яго, то толькі таму, што былі ўпэўнены, што ў Мары самы звычайны грып, які «абвастрыўся расстройствам кішэчніка». Гэты невук Абру прымушаў бедную Мары есці, каб яна не аслабела. Гэта ён яе і забіў, ён, а не я! Не настойвала ты, не патрабавала, не прасіла, каб выклікалі Арназана. Ты хлусіш! Не нясу я ніякай адказнасці за смерць Мары! Як павярнуўся ў цябе язык сказаць мне такое? А ты ж у гэта верыш, заўсёды верыла…

Тое страшнае лета!.. Мы нідзе не маглі дастаць лёду. Цэлымі днямі я стаяў над Мары, выціраў мокрым ручніком яе потны тварык, адганяў мух. Арназан прыехаў тады, калі ўжо было позна. Лячэнне змянілі, але ніякія лекі не маглі ўжо яе ўратаваць. Няшчаснае дзіцятка, мусіць, трызніла і ўсё шаптала: «Для таты! Для таты!» А памятаеш яе немы крык: «Балі-іць! Балі-іць! Божа, я ж яшчэ зусім маленькая… — І раптам спахапілася: — Не, я яшчэ пацярплю, я магу…» Абат Ардуэн паіў яе «святою вадой», якую прывезлі з Лурда. У болю і адчаі схіляліся нашы галовы над схуднелым, знясіленым цельцам… А калі ўсё было скончана, ты абвінаваціла мяне ў бяздушнасці і нячуласці.

А хочаш ведаць, што тварылася ў мяне на душы? Дзіўная рэч, — ты, набожная жанчына, ніяк не магла адарвацца ад мёртвага цела дачкі. Цябе прасілі, угаворвалі паесці, адпачыць, паберагчы сілы… Даводзілася сілком выводзіць цябе з пакоя. А ты ўсё рвалася да нябожчыцы, цалавала яе халодныя шчочкі, лобік, гладзіла яшчэ жывыя яе валасы. Часам ты падала на калені, нібы збіралася маліцца, — але, не, ты хацела толькі прытуліцца да акамянелых, ледзяных ручак.