Зразумела, што такім чынам я аддаў бы ў рукі гэтага чалавека сябе і сваё багацце. Вось да чаго вы мяне давялі! Вось як я вас ненавідзеў! І што ты думаеш?! Ён не захацеў пайсці на такую здзелку. Не пасмеў. Загаварыў пра свой гонар.
А як магло здарыцца, што я адважыўся на такое вар'яцтва? На той час дзецям было ўжо пад трыццаць гадоў. Яны мелі свае сем'і. І Жэнеўева, і Хюбэр былі тваімі надзейнымі супольнікамі. Вы дзейнічалі спадцішка, а ворагам вашым быў я. Іза, але ж і з дзецьмі, асабліва з Жэнеўевай, у цябе вялікай згоды не было. Ты яе папракала, што яна заўсёды пакідае цябе адну, ні ў чым не раіцца з табой, усё робіць па-свойму. Тым не менш вы адразу забываліся пра свае спрэчкі, калі справа заходзіла пра мяне. Зрэшты, усё рабілася цішком, а выключэннем былі толькі ўрачыстыя падзеі ў нашым жыцці. Помню, якія разгарэліся баталіі, калі давялося жаніць Хюбэра і выдаваць замуж Жэнеўеву. Я не хацеў даваць пасагу, а толькі рэнту. Я адмовіўся тады даць звесткі пра сваю маёмасць, з чаго яна складаецца, дзе захоўваецца. Я стойка трымаўся і зламаў вас. Мне дапамагла не толькі нянавісць да ўсіх вас, але і любоў, любоў да маленькага Люка. А бацькі маёй будучай нявесткі і будучага зяця згадзіліся на ўсё, бо цвёрда ведалі, што ў маіх руках незлічонае багацце.
Але маўчанне маё трывожыла вас. Вам так не цярпелася выведаць мой сакрэт. Жэнеўева, бывала, хацела купіць мяне сваёй ласкай. Якая прасцячка! Я ўжо здалёк чуў яе цяжкія крокі і часта ёй гаварыў: «Благаславіце мяне, хутка я памру». Я жартаваў, і мне прыемна было глядзець, як нервуецца яна, як сквапна блішчаць яе вочы. Потым Жэнеўева пераказвала табе гэтыя словы. І ўся сям'я аж стагнала ад радасці і нецярпення. А я тым часам думаў, як пакінуць вам толькі тое, што немагчыма ўтаіць. Я думаў пра маленькага Люка і збіраўся нават закласці зямлю…
І ўсё ж праз год пасля смерці Мары я папаўся на ваш кручок. Я захварэў. Некаторыя прыкметы былі такія самыя, як і ў той хваробы, што загубіла нашу дачушку. О! Як я не люблю лячыцца! Не пераношу дактароў, лекаў! Глядзець не магу, як вакол мяне топчуцца, разглядаюць, спачуваюць! Але ты не адступілася ад мяне, пакуль я не згадзіўся легчы ў пасцель і выклікаць Арназана.
Што ж, няма слоў, ты шчыра клапацілася пра мяне. Часам, калі ты ў мяне пыталася, як я адчуваю сябе, мне нават здавалася, што ў тваім голасе гучалі ноткі трывогі. Ты мацала мой лоб з такой самай пяшчотай, як і хворым дзецям. Ты загадала, каб перанеслі твой ложак да мяне ў пакой. Калі ноччу я пачынаў варушыцца, ты ўставала і памагала мне напіцца. «Яна даражыць мною! — думаў я. — Хто б мог падумаць? — Напэўна, таму, што «зарабляю добрыя грошы…» Не, грошы самі па сабе радасці ёй не даюць… А можа, яна баіцца, што пасля маёй смерці дзецям будзе горш? Вось тут больш праўды…» Але я не адгадаў.
Пасля таго як Арназан агледзеў мяне, ты выйшла з ім на ганак і ад хвалявання гучна загаварыла:
— Доктар, прашу вас, гаварыце ўсім, што Мары памерла ад брушнога тыфу. А то, ведаеце, у мяне два браты памерлі ад сухотаў, і цяпер па горадзе папаўзлі плёткі, нібыта і ў Мары была гэтая хвароба. Чужыя языкі такія злыя, доктар! Я так баюся, каб і мужава хвароба не нарабіла бяды Хюбэру і Жэнеўеве! Калі муж сапраўды цяжка хворы, зноў пойдзе погаласка. Я так перапалохалася і ўсё думала пра нашых дзетак! Вы ж ведаеце, прафесар, ён у маладосці, яшчэ перад нашым вяселлем, таксама хварэў на лёгкія. І пра гэта ўсе дачуліся. У нас жа ўсё пра кожнага ведаюць. І так ужо любяць смакаваць чужыя непрыемнасці! Нават калі б муж памёр ад якой-небудзь інфекцыйнай хваробы, ніхто б у гэта не паверыў, як не вераць, што і Мары сышла на вечны спакой ад тыфу. І за што ж такая бяда на маіх дзяцей?! Я месца сабе не знаходзіла: не хоча лячыцца і што хочаш яму рабі! Як быццам гэта датычыцца толькі яго аднаго. Такі ўжо чалавек: ніколі ні пра кога не думае! Нават пра сваіх дзяцей! Не, не, доктар, вам цяжка паверыць, што ёсць на свеце людзі, як мой муж! Вы ж такі самы, як абат Ардуэн, — вы не верыце, што на зямлі ёсць зло.
А я ляжаў у пасцелі і смяяўся. Ты зайшла ў пакой і спыталася:
— Чаго ты рагочаш?
— А так…
— Пра што ты думаеш?