— Ні пра што…
Х
Амаль месяц не браўся я за свае запіскі. Пасля цяжкага прыпадку мусіў я ляжаць у пасцелі пад вашым пільным наглядам. Як толькі хвароба падкошвае мяне, вы ўсе тут як тут. Цэлымі днямі сядзіце ў пакоі і сочыце за мной.
У мінулую нядзелю завітаў да мяне Філі. Было горача, душна, я ледзьве мог гаварыць, думкі блыталіся, і я задрамаў… Ці доўга я спаў? Не ведаю. Пабудзіў мяне яго пранізлівы голас. У прыцемку я бачыў, як ён увесь насцярожыўся. Вочы яго блішчалі, як у маладога ваўка. На левай руцэ над гадзіннікам ён насіў яшчэ залаты ланцужок. На худых, яшчэ хлапечых грудзях кашуля была расшпілена… І зноў я задрамаў… Прачнуўся ад скрыпу ягоных чаравікаў. Я прыплюшчыў вочы і пачаў сачыць. Філі абмацваў мой пінжак, дзе ва ўнутранай кішэні ляжаў мой кашалёк. Сэрца маё затахкала, але я прымусіў сябе не варушыцца. Няўжо ён нешта западозрыў? Вярнуўся на сваё месца…
Я зрабіў выгляд, што толькі-толькі прачнуўся, і папытаўся, ці доўга я спаў.
— Ды не, што вы, дзядуля! Мо дзве-тры хвіліны.
На мяне напаў той страх, які ахоплівае адзінокіх старых людзей, калі іх высочвае які-небудзь малады спрытнюга. Няўжо я звар'яцеў? Мне здалося, што гэты ўнучак мог забіць мяне! Недарэмна ж Хюбэр сказаў неяк, што ад Філі можна ўсяго чакаць…
Вось бачыш, Іза, якое было маё шчасце… А калі ты будзеш чытаць пра ўсё гэта, позна ўжо будзе мяне шкадаваць. Але мне добра на душы ад адной надзеі, што ты ўсё ж такі паспачуваеш мне трохі. Не веру я ў тваё вечнае пекла з кіпучай смалою. Затое добра ведаю, што значыць быць праклятым на зямлі. Куды ні пойдзе такі чалавек — заўсёды перад ім сумная дарога! Не ўмее ён жыць на зямлі, - не ў тым сэнсе, як гэта разумееце вы, свецкія людзі, а ў самым глыбокім… Іза, я пакутую. Дзьме гарачы паўднёвы вецер. Мне душна, мяне мучыць смага, а ў мяне толькі цёплая нясмачная вада з умывальніка. У мяне ёсць мільёны, а шклянкі чыстай халоднай вады няма!
Калі я магу яшчэ цярпець гэтага Філі, то толькі таму, што ён нагадвае мне другога юнака — нашага Люка, якому цяпер было б ужо за трыццаць. Я ніколі не перакрэсліваў тваёй хрысціянскай дабрачыннасці і добра бачыў, што гэты хлопчык дапамагаў табе яе развіваць. Яго ты не любіла, бо нічога не знайшлося ў ім ад Фандадэжаў. А гэта ж быў сын Марынеты, тваёй сястры!.. Не любіла ты гэтага чарнавокага хлопчыка з прыгожым высокім лобам і завіткамі на скронях — «як у гішпанцаў», — казаў Хюбэр. Вучыўся ён дрэнна, але табе да гэтага справы не было: «Досыць з мяне таго, што я няньчуся з ім кожнае лета».
Не, не цягнула яго да кніг. У нашых ваколіцах, дзе, здаецца, даўно ўжо перастралялі ўсю дзічыну, ён амаль штодня знаходзіў здабычу. Калі раз на год на нашых палетках з'яўляўся заяц, Люк абавязкова высочваў яго і прыносіў у маёнтак. Як цяпер бачу: ідзе ён па доўгай алеі і радасна паказвае забітага зайца, трымаючы яго за доўгія вушы… Я заўсёды чуў, як на золку ён выходзіў з дому. Я адчыняў акно і чуў яго бадзёры голас:
— Пайду пагляджу, як там мае вуды.
Ён заўсёды глядзеў мне проста ў вочы і спакойна вытрымліваў мой позірк. І ён зусім не баяўся мяне.
Часам я ад'язджаў на некалькі дзён, а калі вяртаўся не папярэдзіўшы вас, то да мяне адразу даносіўся пах цыгар, на падлозе ў гасцінай я не бачыў дывана і знаходзіў усе прыкметы перапыненага банкету. Толькі, бывала, я за дзверы — Жэнеўева і Хюбэр запрашалі сваіх сяброў і наладжвалі баль, хоць я строга забараніў гэта рабіць. А ты, Іза, патурала ім: «Няхай ужо, трэба ж неяк падтрымліваць адносіны. Дый гасціннасць нашу няхай людзі ведаюць…» У такіх выпадках толькі Люк мог прытушыць мой гнеў. Яго вы і падсылалі да мяне. А хлопчыку было смешна, што я наводжу на вас такі страх:
— Ведаеш, я зайшоў у гасціную. Яны ўсе там танцавалі, спявалі, а я ўзяў ды крыкнуў: «Дзядзька ідзе! Вунь па алеі!..» Ну і перапалох быў! Усе паразбягаліся! Цётка Іза і Жэнеўева схапілі паднос з закускай і кулём на кухню!..
Толькі для Люка я не быў страшыдлам. Часам я хадзіў з ім на рэчку паглядзець, як ён вудзіць рыбу. Гэтага няўрымслівага хлопчыка, які і хвіліны не мог уседзець на месцы, тут нельга было пазнаць: ён увесь заміраў і гадзінамі мог сачыць за паплаўком. І толькі рукі бясшумна рухаліся. Жэнеўева мела рацыю, калі гаварыла, што з яго не атрымаецца «літаратара». Сапраўды, яму і ў галаву не прыйшло б выйсці вечарам на двор, любавацца начным небам, зоркамі, ззяннем месяца, з замілаваннем слухаць птушыныя спевы, удыхаць пах роснай травы… Ён не мог захапляцца прыродай, не было ў яго гэтага пачуцця, бо сам ён быў часцінкай прыроды, яе сілай, яе чыстай крыніцай.
Я ўсё думаў пра тое, якое невясёлае было яго маленства: маці памерла, пра бацьку ў нашым доме забаранялася гаварыць… Пансіён, а там — усе чужыя. Адзін сярод людской пустыні. Мне самому гэтага хапіла б, каб душа мая перапоўнілася горыччу і нянавісцю да ўсіх людзей. А з яго шчодрай крыніцай біла радасць жыцця! Усе яго любілі. Гэтага я зразумець не мог: мяне ж усе ненавідзелі. А яго любілі ўсе, нават я. Ён усім ўсміхаўся, і мне таксама…