Выбрать главу

Калі Люк быў у лагеры, у Сужы, і праходзіў там пачатковую падрыхтоўку, ты пасылала яму цёплую вопратку, усялякія ласункі, але гаварыла часам такія словы, за якія я быў гатовы забіць цябе, Іза: «Шкада будзе, калі беднага хлопчыка заб'юць… Але што зробіш… На ўсё воля божая… Добра, што ён хоць не пакінуў пасля сябе сірот…» Я прызнаю, што ў гэтых словах, вядома, нічога ганебнага не было…

І вось надышоў дзень, калі я зразумеў, што спадзявацца няма на што: не скончыцца вайна раней, чым Люка адправяць на перадавую. Калі немцы прарвалі фронт у Шмэн-дэ-Дам, Люк прыехаў да нас развітацца, — на два тыдні раней, чым меркавалася. Як гэта кепска! Набяруся мужнасці і нагадаю табе яшчэ адну страшную падрабязнасць, ад якой я і цяпер яшчэ з крыкам прачынаюся начамі. У той дзень я пайшоў у свой кабінет і дастаў з пісьмовага стала скураны пояс, які спецыяльна заказаў у рымара. Я стаў на лаўку і паспрабаваў падсунуць да сябе гіпсавую галаву Дэмасфена, якая стаяла на самым версе кніжнай шафы. Але мне гэта было не пад сілу. Галава была бітком набіта залатымі манетамі. Тады я прыгаршчамі набраў манет, якімі даражыў больш за ўсё на свеце, і запхнуў іх у пояс. Калі я злез з лаўкі, гэтая скураная змяя, што праглынула столькі золата, абвілася вакол маёй шыі і цяжка ціснула на патыліцу.

Я сарамліва падаў пояс Люку. Ён спачатку нічога не зразумеў:

— А навошта мне гэта? Што я з ім…

— О! Люк! Гэта табе яшчэ як спатрэбіцца! А раптам у палон трапіш… Ды ці мала што!.. З золатам, брат, ніколі не прападзеш!

— Дзядзька! — засмяяўся ён. — У мяне і так барахла хапае. Няўжо ты падумаў, што я яшчэ павалаку з сабой гэты пояс? Ды ў першай жа атацы я выкіну яго ў кустах.

— Але, хлопчык, дарагі, у пачатку вайны ўсе, хто меў золата, бралі яго з сабой.

— Яны проста не ведалі, што іх чакае на фронце.

Ён стаяў пасярод пакоя. Потым кінуў залаты пояс на канапу. Якім жа кволым здаўся мне тады гэты дужы здаровы юнак у вайсковай форме не па росту. З шырокага каўняра выступала тоненькая дзіцячая шыйка. Валасы ўжо былі падстрыжаны нагала, і ад гэтага твар страціў своеасаблівасць, стаў такім, як і ва ўсіх салдат. Ужо яго падрыхтавалі да смерці, ужо «прыбралі», як і ўсіх астатніх, ужо нельга адрозніць яго ад іншых, ужо стаў ён безыменным, невядомым, ужо прапаў… Люк яшчэ раз абыякава глянуў на пояс, потым узняў вочы на мяне. У позірку яго была насмешка, пагарда… І ўсё ж ён абняў, пацалаваў мяне на развітанне. Разам мы выйшлі на двор. Ён адышоўся на некалькі крокаў, яшчэ раз глянуў на мяне і ціха сказаў:

— Здаў бы ты ўсё гэта ў Французскі банк.

А я ўжо нічога не бачыў: слёзы засляпілі вочы… Чуў толькі, як ты, смеючыся, адказала яму:

— Ого! Чаго захацеў?! Такога ад яго не дачакаешся.

Доўга стаяў я на ганку… І раптам ты спыталася:

— Прызнайся, ты ж ведаў, што ён не возьме золата? Гэта што? Прыгожы жэст?

І тут я ўспомніў, што пояс застаўся на канапе. А слугі — народ цёмны! Ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць…

Я хуценька пайшоў да сябе, ускінуў пояс на плечы і зноў высыпаў золата ў галаву Дэмасфена.

Праз некалькі дзён памерла мама, а я амаль не памятаю гэтага. Апошні час яна цяжка хварэла і жыла не з намі. Цяпер вось кожны дзень я думаю пра яе, і паўстае перада мною мама маладая, здаровая, прыгожая, якой была яна ў дні майго маленства. А вобраз нямоглай, хворай старой чамусьці сцёрся ў памяці. Ненавіджу хадзіць на могілкі, а да мамінага помніка часам хаджу. Раней прыносіў кветкі, цяпер перастаў, бо іх усё роўна крадуць. Беднякі прыходзяць красці ружы багацеяў, каб пажывіцца за кошт нябожчыкаў. Трэба было б паставіць абгародку, ды пры цяперашніх цэнах гэта дорага каштуе… Люк… Бедны хлопчык… У цябе і магілкі няма. Ён прапаў — так і лічыцца: «прапаў без вестак». Я нашу ў бумажніку тую адзіную паштоўку, якую ён паспеў мне напісаць: «Усё ідзе добра. Пасылку атрымаў. Моцна цалую». Так і напісаў: «Моцна цалую». Такі сказаў мне добрае слова бедны мой хлопчык…