Выбрать главу

XI

Сёння ўночы прачнуўся ад удушша. Давялося ўставаць. Ледзь давалокся да крэсла і пад сумнае завыванне ветру перачытаў апошнія старонкі сваіх запісак. Божа мой! Якую мярзотнасць маёй душы яны адкрываюць!.. Перад тым як зноў пісаць, я пасядзеў ля акна. Вецер сціх. Неба праяснілася. Спакойна спаў гарадок. І нечакана ў тры гадзіны ночы зноў наляцеў вецер, прагрукатаў па небе гром і па чарапічным даху моцна забарабанілі цяжкія, халодныя кроплі дажджу. Я нават спалохаўся, што гэта, можа, град. Закалола ў сэрцы. Толькі-толькі адцвілі вінаграднікі, узялася завязь будучага ўраджаю — і на табе: такі лівень! Як наўмысна!..

А зрэшты, што мне да таго ўраджаю?! Увесь ураджай са свайго жыццёвага загону я ўжо сабраў. Мне застаецца толькі адно: пакуль ёсць час, спазнаць трохі лепш самога сябе… Паслухай, Іза, пасля маёй смерці ты знойдзеш у сейфе сярод папер адзін дакумент, які засведчыць табе маё апошняе жаданне. Склаў я гэты дакумент праз некалькі месяцаў пасля смерці Мары, калі я і сам цяжка хварэў. Там ты знойдзеш прыблізна такія словы: «Калі перад смерцю я згаджуся пачуць апошняе слова святара, то цяпер, пры здаровым розуме і яснай памяці, я загадзя пратэстую супраць такога гвалту над маёй разумовай і фізічнай слабасцю з мэтай дабіцца ад мяне таго, чаго мая душа не прымае».

Дык вось, я павінен прызнацца табе, што за апошнія месяцы, калі я зноў і зноў азіраю свой жыццёвы пілях, пільна ўглядаюся ў свой унутраны свет, мне становіцца ўсё ясней і ясней: менавіта цяпер мяне прыцягвае да сябе вучэнне Хрыста. І цяпер я не адмаўляю таго, што і ў мяне, можа, знойдзецца дарога, якая прывядзе мяне да Бога. Калі б мне ўдалося памяняць свае адносіны да сябе, палюбіць сябе, мне было б лягчэй знайсці гэтую дарогу… Але ўва мне столькі жорсткасці, столькі душэўнай скупасці… Адзінае, што мне добра ўдаецца, — гэта выклікаць ва ўсіх нянавісць і ствараць вакол сябе пустыню. Значыць, застаецца мне толькі адно — надзея!.. Я вось што думаю, Іза: не дзеля вас, праведнікаў, сыходзіў твой Бог на зямлю, а дзеля нас, грэшнікаў… Нічога ты пра мяне не ведаеш… Ні пра мяне, ні пра маю душу… Магчыма, гэтыя старонкі, што ты прачытала, хоць трохі зменшаць тваю нянавісць да мяне. Ты ўбачыш, што былі ў мяне і патаемныя добрыя пачуцці, якія абуджалі ўва мне Мары сваёй дзіцячай ласкай ды наш няшчасны Люк…

Іза, не падумай, што я строю з сябе нейкага пакрыўджанага анёла. Сваё сэрца я добра ведаю: гэта — клубок гадзюк. Яны кішаць у мяне ўнутры, душаць маё сэрца, пранізваюць яго сваімі джаламі, і ледзьве-ледзьве яно ўжо б'ецца. І нельга разблытаць гэты ядавіты клубок! Яго можна толькі рассекчы ўдарам вострага мяча: «Не мір, а меч прынёс я вам» — так, здаецца, казаў твой Хрыстос.

Не ведаю, Іза, можа, заўтра я адракуся ад таго, што тут нагаварыў табе, як адрокся ад свайго апошняга жадання, выказанага трыццаць гадоў таму назад. Можа, ты мне і даруеш усё. Я і сёння ненавіджу ўсіх тых, хто толькі называе сябе хрысціянамі… А хіба мала такіх, хто на самай справе глуміцца над верай і над імем божым?! «Але табе, мярзотніку, хто даў права судзіць іх?» — спытаешся ты. Іза, а ці няма ў маёй мярзотнасці чагосьці бліжэйшага да тваёй веры, чым у іх, у гэтых «дабрачынных»? Можа, маё пытанне здасца табе блюзнерствам? Ну, а як мне даказаць табе, што праўда на маім баку? Чаму ты ніколі не гаворыш са мной? Магчыма, ты і знайшла б тое слова, ад якога маё сэрца адтала б? Сёння ноччу мне ўсё здаецца, што, можа, нам яшчэ няпозна пачаць жыць па-новаму. А што, калі сёння, не чакаючы смерці, аддаць табе гэтыя старонкі?! І прасіць цябе, і маліць імем Бога твайго, каб дачытала іх да канца?! І дачакацца таго моманту, калі ты дойдзеш да апошняга радка! І тады б я ўбачыў, як ты заходзіш у мой пакой уся ў горкіх слязах! І ты раскінула б рукі для абдымкаў! І я папрасіў бы цябе дараваць!

І мы абое ўпалі б адно перад адным на калені!..

Бура, мусіць, уціхамірылася. Зноў на небе загарэліся бляклыя зоркі. Хутка пачне світаць… Мне здалося, што зноў пайшоў дождж, але не, гэта ад подыху ветру падаюць кроплі з лісця дрэў. Ці не легчы мне ў пасцель? Можа, будзе лягчэй? Стаміўся я, няма ўжо больш сілы пісаць, і я адкідваюся на цвёрдую спінку крэсла…

Нейкае змяінае шыпенне… Потым — маланка на ўсё неба і магутны выбух. І надышла злавесная цішыня… Зноў на пагорках пачалі ўзрывацца бомбы, якія кідаюць вінаградары, каб адагнаць градавыя хмары. Град — гэта велізарнае бедства для нашых мясцін. З боку суседніх памесцяў Сатэрн і Барзак узлятаюць у неба ракеты. У Сэн-Венсэне на ўсю моц б'юць у званы ў надзеі адвесці градабой… І раптам па чарапіцы застукала, нібы нехта зверху сыпануў прыгаршчы маленькіх каменьчыкаў… Град! Раней, у былыя часы, ніхто не ўтрымаў бы мяне ў пасцелі і я пабег бы да акна. Было чуваць, як з грукатам адчыняюцца аканіцы ў спальнях. Ты крыкнула нейкаму чалавеку, што перабягаў цераз двор: «Моцны град?» — «Моцны. Добра яшчэ, што з дажджом…» Па калідоры пратупалі босыя дзіцячыя ножкі, - відаць, ад шуму прачнуўся нехта з малых. Я па прывычцы прыкінуў: «Не менш як сто тысяч франкаў паплыло», але з месца не зварухнуўся. А калісьці!.. О, я даўно ўжо быў бы на полі!.. Помню, неяк раз знайшлі мяне ноччу сярод вінаградніку — у хатніх тапачках, са свечкай у руцэ, а на галаву мне падаў буйны град… Туды цягнуў мяне прыроджаны сялянскі інстынкт, мне хацелася кінуцца на зямлю і прыкрыць вінаграднікі сваім целам, уратаваць іх ад градабою… Але сёння ўсё маё багацце стала мне чужым, непатрэбным. Нарэшце я вызваліўся з гэтых путаў і выйшаў на новую дарогу. Нейкая сіла падштурхоўвае мяне: «Ідзі! Ідзі!..» Што гэта? Сляпая сіла? Любоў? Можа, і любоў…