— А ты ўпэўнена, мама, што ў сейфе няма каштоўных папер? Жмінды заўсёды неасцярожныя… Ты ўспомні пра золата, якое ён хацеў аддаць Люку. Дзе ён яго хаваў?
— Не, у сейфе нічога каштоўнага няма. Ён даўно здагадаўся, што я ведаю шыфр, якім адмыкаецца замок: «Мары». У сейф ён лазіць толькі тады, калі яму трэба паглядзець квітанцыі на страхоўку або на падаткі.
— Мама, гэта ж вельмі важна. Мы і па квітанцыях можам лёгка вызначыць суму яго даходаў.
— Не, там толькі паперы, якія маюць дачыненне да нерухомай маёмасці. Я ўжо глядзела.
— Што ж, гэта таксама цікава. Значыць, ён прыняў усе меры перасцярогі.
Філі пазяхнуў і прамармытаў:
— Ну і кракадзіл! І пашэнціла мне нарвацца на такога кракадзіла!
— Калі хочаце ведаць маю думку, — сказала Жэнеўева, — то мне здаецца, нічога мы не знойдзем і ў тым сейфе, які захоўваецца ў Ліёне… Ты што, Яніна?
— Мама, ды што ж гэта такое?! Усе кажуць, што ён трохі любіць цябе. А Хюбэр, Жэнеўева! Няўжо, калі вы былі малыя, ён ні разу не гуляў з вамі, не песціў вас?! Значыць, вы самі вінаватыя. Не ўмелі ўзяць яго ласкай. Трэба было круціцца каля яго, лашчыцца. Я ад яго чаго хочаш дамаглася б, ды толькі ён не можа глядзець на майго Філі…
Хюбэр перапыніў сваю пляменніцу:
— Дорага нам абыдзецца нахабства твайго мужа.
Пачуўся смех Філі. Я трохі нахіліўся і ўбачыў, як полымя запальнічкі на секунду асвяціла яго круглы падбародак і тоўстыя губы.
— Ну, хопіць! Выходзіць, што ён толькі мяне і чакаў, каб вас узненавідзець.
— Але ж раней ён нас не так ненавідзеў.
— А ўспомніце вы, што расказвала бабуля. Як ён пашкадаваў сваю дачку, сваю маленькую Мары? Пляваць яму было на яе! На магілку так ніколі і не схадзіў!..
— Не, Філі, вы ўжо залішне далёка зайшлі. Калі ён і любіў каго на свеце, то толькі Мары.
Калі б Іза не сказала сваім слабым, дрыготкім голасам гэтых слоў, я не змог бы сябе стрымаць.
Умяшалася Жэнеўева:
— Ну, а каб Мары і засталася жыць, мы ўсё роўна нічога ад гэтага не мелі б. Ён усё аддаваў бы ёй…
— Ды сціхніце вы! Ён і яе ўзненавідзеў бы, як усіх астатніх. Гэта ж пачвара, а не чалавек!..
Іза зноў спыніла Філі:
— Прашу вас, не гаварыце так пра майго мужа, ды яшчэ пры мне і яго дзецях. Вы павінны ставіцца да яго з павагай.
— З павагай! З павагай!.. Вялікая мне радасць парадніцца з такой сямейкай!..
Жэнеўева суха адрэзала яму:
— Вас ніхто не прымушаў і не цягнуў сюды.
— А нашто ж тады было пускаць туман у вочы: «Ах, у нас грошы, у нас такія надзеі…» Ну во, цяпер Яніна раве! Чаго ты? Што я такога сказаў?.. Ох, як жа ўсё гэта абрыдзела!
Усе змоўклі. Чуваць было толькі, як усхліпвае Яніна. Нехта (не змог я пазнаць голасу) сказаў: «Якая зорная ноч!»
— Ужо позна, дзеці мае. Дзве гадзіны. Пара спаць.
Хюбэр занепакоіўся: як можна разыходзіцца, калі нічога так і не вырашылі. А цяпер — самы час дзейнічаць. Яго падтрымаў Філі.
— Ды ён не сёння-заўтра Богу душу аддасць, а тады ўжо нічога не зробіш. Усё прадугледзеў, стары кракадзіл…
— Пачакай, памаўчы, Філі. Паслухайце, дзеці мае, усё, што магла, я зрабіла.
— Не, не ўсё, — запярэчыў Хюбэр.
І ён штосьці пачаў шаптаць. Што? Нічога я не змог разабраць. Значыць, самае цікавае, самае галоўнае застанецца для мяне таямніцай… Нарэшце загаварыла Іза. Па яе голасе я зразумеў, што яна чымсьці ўсхваляваная, перапалоханая:
— Не, не! Я не магу, не хачу…
— Справа не ў тым, мама, хочаш ты ці не хочаш. Нам трэба ратаваць нашу спадчыну — вось і ўсё.
Зноў пачуліся неразборлівыя шэпты. Ізноў голас Ізы:
— Гэта вельмі жорстка, сынок.
— Бабуля, няўжо вам захацелася стаць яго супольніцай? Ён абкрадае нас, пазбаўляе спадчыны, а вы будзеце маўчаць?! Яму ж гэта якраз на руку!
— Яніна, мілая, як ты можаш!..
Бедная Іза, колькі бяссонных начэй правяла яна над яе калыскай! Забрала яе да сябе ў пакой, таму што бацькі хацелі спаць спакойна, а ніякая нянька не згаджалася заставацца з гэтай плаксай…
А Яніна рэзкім нахабным тонам гаварыла (Ох і даў бы я ёй за такі тон!):
— Мне цяжка гаварыць вам такое, бабуля, але гэта мой абавязак.
Абавязак! Яе абавязак! Вось як яна заспявала, калі спалохалася, што яе можа кінуць гэты гультай…
Жэнеўева падтрымала сваю дачку:
— Я так разумею: твая слабасць, мама, давядзе да таго, што ты будзеш з ім заадно.
Іза цяжка ўздыхнула:
— А можа, лепш было б напісаць яму пісьмо?
— Ну што ты, мама! Якія пісьмы?! — забубніў Хюбэр. — Гэтыя пісьмы нас і загубяць! Спадзяюся, ты яшчэ не напісала яму?
Іза прызналася, што два ці тры разы пісала мне.