— А я вам гаварыла і яшчэ раз паўтараю, — амаль крычала Алімпія, — нічога ў вас не выйдзе!..
Мусіць, добра яе давялі, раз так раскрычалася. Яна ўсё даказвала, што чалавек я ўраўнаважаны, станоўчы, спакойны.
— Я сама з ім часта згаджаюся, — дадала яна. — А што зробіш, калі праўда на яго баку. І яшчэ скажу я вам: з яго вяроўкі можна віць, толькі падыход трэба. Я хутка яго прыручыла б, калі б вы мне не заміналі…
Не пачуў я, што сказаў Філі, але, відаць, ён адпусціў нейкі жарт, бо ўсе пачалі смяяцца з Алімпіі.
Цяпер я чуў толькі абрыўкі размовы.
— Пяць гадоў у судзе не выступае…
— А што? Сэрца?..
— Цяпер-то і сэрца. А кінуў працу, калі яшчэ не вельмі хварэў. Хто з такім ужывецца? Сварыўся штодня з калегамі, нікому спакою не даваў. І сам-насам, і пры сведках — нікога не саромеўся. Дарэчы, пра сведак я ўжо маю адпаведныя матэрыялы…
Дарэмна я ўвесь заміраў і прыслухоўваўся: размова перайшла на шэпт.
І раптам голас Алімпіі:
— Вы што?! Адзіны чалавек у гэтым доме, з кім можна пагаварыць пра кнігі, пра жыццё, пра ўсё, што хочаш!.. І вы надумаліся…
З адказу Філі я зразумеў толькі адно: «З глузду з'ехала».
Тады Хюбэраў зяць — адзіны маўчун ва ўсёй гэтай кампаніі — сказаў прыглушаным голасам:
— Я папрашу вас, Філі, гаварыць больш ветліва з маёй цешчай.
— Ды супакойся ты! І пажартаваць нельга… Мы ж абодва з табой ахвяры ў гэтай справе…
Хюбэраў зяць пачаў даказваць, што ён не лічыць сябе ахвярай, бо ажаніўся па любві з дачкой Алімпіі. І тады ўсе хорам загаманілі: «І я па любві!», «І я!», «Я таксама!» Жэнеўева з насмешкай сказала мужу:
— Як? І ты?.. Ах ты мой дарагі! Ах ты мой Рамэо! Жаніўся са мной і ведаць не ведаў, які ў майго бацькі кашалёк?!. Дык няхай твая хворая галоўка ўспомніць нашы заручыны, ці не ты гэта мне шаптаў тады: «Ён не хоча гаварыць пра сваё багацце. Ну і няхай сабе. Мы і без яго ведаем, што яно велізарнае…»
Усе дружна зарагаталі. У гомане пачуўся голас Хюбэра. Я разабраў толькі апошнія фразы:
— Гэта пытанне справядлівасці, пытанне маралі, калі хочаце. Мы абараняем сваю спадчыну, мы абараняем свяшчэнныя правы нашай сям'і… Добра было б пасачыць цяпер за кожным яго крокам, але гэта нам не ўдасца. У гэтага чорта магутныя сувязі ў паліцыі, я ў гэтым не раз пераконваўся. Яго абавязкова папярэдзяць…
А праз хвіліну-другую да мяне данеслася:
— Усе ведаюць пра яго рэзкасць, сквапнасць… У двух ці трох працэсах ён спатыкнуўся і вёў сябе не зусім далікатна. Але што датычыць яго кампетэнтнасці, ураўнаважанасці…
— Ва ўсякім разе ніхто не будзе адмаўляць, што яго адносіны да нас бесчалавечныя, жорсткія. А хіба гэта нармальна?!
— Ты думаеш, Яніна, — сказаў Альфрэд сваёй дачцэ, — што гэтага будзе дастаткова, каб паставіць дыягназ?
Вось цяпер я ўсё зразумеў! І на душы ў мяне неяк адразу паспакайнела. Зноў да мяне вярталася цвёрдая, непахісная ўпэўненасць: яны самі — пачвары, вылюдкі, а я — іх ахвяра. Пакуль тут была Іза, яна хоць трохі мяне бараніла і яны прыкусвалі сабе языкі. А цяпер я бачыў, як… Але пляваць мне на вашы планы! Дурныя шчаняты! Я вам пакажу!.. Бач, што задумалі: захацелі праз суд устанавіць нада мной апеку або справадзіць у вар'яцкі дом? Паспрабуйце толькі пальцам паварушыць, я хутка пастаўлю Хюбэра, вашага завадатара, на месца. Ён і не падазрае, што яго лёс у маіх руках. Ну а Філі… З ім зусім проста. Пра яго я маю сякія-такія матэрыялы з дасье паліцыі… Я не збіраўся ніколі раней іх выкарыстоўваць, ды і цяпер наўрад ці дам ім ход. Дастаткова мне будзе толькі ашчэрыць зубы…
Упершыню ў жыцці мне стала прыемна ад таго, што я не самы мярзотны чалавек. Вунь колькі іх! Яны тут, побач… У мяне няма жадання помсціць ім. Я адпомшчу толькі тым, чаго яны так баяцца — пазбаўлю іх спадчыны…
— Зорка ўпала! — крыкнуў Філі. — Не паспеў я нічога загадаць…
— А калі ты што паспяваў? — сказала Яніна.
З непасрэднай дзіцячай весялосцю, якая ў яго яшчэ добра захавалася, Філі гаварыў:
— Нічога, цяпер як убачу — адразу закрычу: «Мільёны!»
— Дурны ты яшчэ, Філі!
Усе ўсталі. Пачуўся скрып дзвярэй, стрыманы смех Яніны. Цяпер я цвёрда ведаў, што мне рабіць. Ужо два месяцы ў мяне не было прыступаў. Значыць, нічога не перашкодзіць мне паехаць у Парыж. Я заўсёды ад'язджаў без папярэджання. Не хацелася толькі, каб гэты ад'езд быў падобны на ўцёкі. Да раніцы я не спаў, абдумваў кожны крок сваіх будучых дзеянняў…