Выбрать главу

ХІІІ

Апоўдні я быў на нагах. Адчуваў сябе бадзёра і весела. Выклікаў па тэлефоне Буру. Ён прыехаў пасля снедання. Амаль цэлую гадзіну мы шпацыравалі з ім пад ліпамі. Іза, Жэнеўева і Яніна здалёк сачылі за намі. Я радаваўся, што яны западозрылі нядобрае і ўстрывожыліся. Шкада толькі, што ўсе мужчыны паехалі ў Бардо. Пра Буру, гэтага маленькага старога чалавечка, Жэнеўева гаварыла: «Ого, гэты чорт за бацьку ў агонь і ваду…» А Буру ўсяго толькі мой раб. Я звязаў яго па руках і нагах. Трэба было бачыць, як ён прасіўся ў той дзень, каб я не аддаваў зброі супраць яго свайму будучаму спадчынніку!.. «Вам няма чаго баяцца, — супакойваў я яго. — Ён адразу верне вам гэты дакумент, як толькі вы спаліце падпісаную ім заяву…»

Развітваючыся, Буру нізка пакланіўся дамам. У адказ яму ледзьве кіўнулі. Няўпэўненым крокам падышоў ён да свайго веласіпеда і рушыў з двара. Я адразу паведаміў жанчынам, што сёння вечарам паеду ў Парыж. Іза пачала адгаворваць мяне: «Як? З тваім здароўем аднаму выпраўляцца ў такую дарогу? Гэта небяспечна! Усё можа здарыцца…»

— Нічога не зробіш, — адказаў я. — Мне трэба ўладзіць некаторыя фінансавыя справы. Я пра вас клапачуся больш, чым вам здаецца.

Яны з трывогай глядзелі то на мяне, то адно на аднаго. Мой іранічны тон выдаваў мяне. Першая асмялела Яніна:

— Няўжо няма каму вас замяніць? Магла б і бабуля з'ездзіць, і Хюбэр…

— Ты правільна разважаеш, дарагая!.. Правільна. Толькі, ведаеш, я прывык усё рабіць сам. І яшчэ — гэта, канешне, дрэнна, але я нікому не давяраю.

— Нават свайму сыну?! Дзядуля!

Яна так манерна праспявала слова «дзядуля», што мяне аж злосць разабрала. Якая самаўпэўненасць! Знайшлася мне дыпламатка!.. Адзін пісклявы голас чаго варты! Добра я яго запомніў учора ноччу!.. І я разрагатаўся шкодным майму сэрцу смехам. Пачаў задыхацца, кашляць. Жанчыны перапалохаліся. Іза… Ніколі не забуду яе змучанага бледнага твару. Не ўсё, мусіць, і ў яе добра са здароўем…

Я пайшоў. А Яніна, напэўна, не хацела пакінуць Ізу ў спакоі:

— Бабуля, не дазваляйце яму ехаць! Чуеце?!..

Але жонка мая ўжо не магла ваяваць са мною. Апошнім часам яна моцна здала. А неяк нядаўна я пачуў, як яна казала Жэнеўеве: «Вось каб легчы, заснуць і ніколі ўжо не прачынацца…»

Мне стала шкада яе, як калісьці было шкада маю бедную маму… А няўмольныя дзеці ўсё цкавалі яе на мяне!.. Яны, канешне, па-свойму любілі маці, выклікалі доктара, прымушалі піць лякарствы, ляжаць у пасцелі… Калі дачка і ўнучка адышліся, Іза дагнала мяне і папрасіла:

— Паслухай, мне патрэбны грошы…

— Сёння ў нас толькі дзесятага. А першага я даў табе на цэлы месяц наперад.

— Даў, але мне давялося трохі дапамагчы Яніне. У іх шмат даўгоў. Праз месяц я табе ўсё вярну…

Я адказаў, што ўсё гэта мяне мала цікавіць і карміць гэтага дармаеда Філі я не збіраюся.

— Паслухай, у мяне самой даўгі… І булачніку, і мясніку… Вось рахункі…

Я пашкадаваў яе. Прапанаваў падпісаць некалькі чэкаў: «Так я буду больш пэўны, што грошы не паплывуць у другое месца…»

Яна згадзілася. Я дастаў сваю чэкавую кніжку і заўважыў, што Яніна і Жэнеўева сочаць за намі з алеі ружаў:

— Ого! Яны ж думаюць, што мы з табой гаворым пра нешта другое…

Іза ўздрыгнула і ціха спыталася:

— Пра што «другое»?

І ў гэты момант я адчуў рэзкі боль у сэрцы. Абедзвюма рукамі схапіўся за грудзі. Яна змянілася з твару:

— Табе дрэнна?

На імгненне я ўчапіўся за яе руку. Калі б які чужы чалавек бачыў нас у той момант, то напэўна падумаў бы: «Вось дзе пара! І жыццё пражылі ў згодзе і еднасці, і на старасці адно без аднаго не могуць!..»

Я прашаптаў: «Нічога. Мне ўжо лягчэй».

Напэўна, Іза рашыла, што вось і прыйшла тая хвіліна, калі можна і трэба пагаварыць шчыра, адкрыта, але на гэта ў яе не было сілы. Яна сама таксама задыхалася. А я хоць і быў хворы, але не здаўся, стараўся трымацца цвёрда, упэўнена. І не пазнаць было жонкі: хвароба знянацку падкасіла яе, яна ўся асунулася і калі і думала пра каго цяпер, то толькі пра дзяцей. Самой ёй было ўжо нічога непатрэбна. Яна хацела штосьці сказаць, падбірала словы, крадком паглядала ў той бок, дзе стаялі дачка з унучкай: «Можа, адтуль прыйдзе падмога?.. — Не…» І зноў яе позірк застыў на мне. Божа! Як шмат убачыў я ў гэтых няшчасных вачах! Тут і глыбокі адчай, і страшэнная знямога, і светлая спагада, і трапяткі сорам!.. Тое, што гаварылі ноччу дзеці, напэўна, параніла і яе душу.