Выбрать главу

— Луі! Цяжка мне, трывожна. Не едзь адзін!

Я адказаў, што, калі са мной здарыцца бяда ў дарозе, перавозіць мяне сюды не трэба.

Яна пачала прасіць мяне не рабіць такіх страшных намёкаў, а я адрэзаў:

— Навошта марнаваць грошы? Зямля на могілках усюды аднолькавая.

— Вось бачыш, — уздыхнула яна. — Цяпер і я так лічу. Няхай хаваюць, дзе захочуць… Калісьці ўсё прасіла, каб мяне пахавалі побач з Мары… Ды што цяпер засталося ад нашай Мары?

Лішні раз я пераканаўся, што для яе Мары была толькі прахам, жменькай костачак. Не пасмеў я гаварыць, што ўсе гэтыя доўгія гады дзіцятка маё заставалася для мяне жывым, я чуў яго дыханне, і чысты жывы вобраз Мары не раз паўставаў перада мною ў гэтым сумным нялёгкім жыцці.

Дарэмна Жэнеўева і Яніна выглядалі і чакалі маці. Яна была такая стомленая… Можа, і зразумела яна нарэшце ўсю нікчэмнасць той шматгадовай барацьбы, якую вяла яна супраць мяне? Жэнеўева і Хюбэр пад націскам сваіх дзяцей штурхалі супраць мяне гэтую старую жанчыну Ізу Фандадэж, якая была калісьці маёй нявестай і разам са мной удыхала ў сябе водар пірэнейскіх начэй…

Хутка будзе паўстагоддзя, як мы ваюем адно з адным… І вось у гэты гарачы поўдзень абодва сапернікі адчулі, што іх усё ж лучыць адна нітачка, якая прадзецца старасцю… Мы ненавідзелі адно аднаго, ішлі па жыцці рознымі пуцявінамі, а сышліся ў адным месцы… Далей ужо няма куды ісці… Далей — смерць… Ва ўсякім разе для мяне. А ёй… ёй яшчэ заставаўся Бог… Уся людская марнасць, пажадлівасць, штодзённая руціна, усе клопаты, радасці і беды яе разам адпалі, і цяпер нічога не стаіць між ёю і Богам. Ці бачыць яна яго цяпер? Не, не бачыць. Засталася яшчэ адна перашкода — няздзейсненыя планы і патрабаванні яе дзяцей. Іх сквапныя жаданні перапаўнялі яе душу. Зноў даводзілася шукаць, хітраваць, пагражаць, ліслівіць… Грашовы клопат, трывога аб здароўі дзяцей, іх намеры, іх прага да славы і багацця — нікуды ад гэтага не падзенешся, і ўсё трэба пачынаць нанава, як нанава рашае школьнік задачу, калі настаўнік усё перакрэсліць і напіша: «Перарабіць».

І зноў яна глянула на алею. Там паходжвалі Жэнеўева і Яніна і нібыта абразалі садовымі нажніцамі сухія галінкі на кустах ружаў. Я сеў на лаўку, каб трохі аддыхацца, і доўга глядзеў услед жонцы, — яна ішла па алеі, нізка апусціўшы галаву, нібы свавольнік-падлетак, які нарабіў бяды і ідзе на размову да строгага бацькі. Моцна парыла. Набліжалася навальніца. Шкада было глядзець на Ізу. Ішла яна цяжка, марудна: так ходзяць людзі, якім кожны крок — нясцерпная пакута. Мне нават пачулася, што яна прастагнала; «Ох, бедныя мае ногі!» І я падумаў, што нянавісць паміж мужам і жонкай, якія нямала разам пажылі на свеце, не такая неадольная, як ім здаецца…

Вось Іза падышла да дачкі і ўнучкі. Тыя, мусіць, пачалі яе папракаць. Нечакана яна павярнулася і пайшла да мяне. Расчырванелася, задыхалася, ледзьве дакульгала да лаўкі:

— Не магу я пераносіць такога надвор'я. І дыхаць не дае, і ціск мучыць… Паслухай, Луі, я… хацела ў цябе спытацца… Ведаеш, сама не свая… Нервы… Ты ж памятаеш… Суэцкія акцыі… Мой пасаг… Мы з табой прадалі іх… А куды пайшлі тыя грошы?.. Ты ж тады сказаў мне падпісаць яшчэ нейкія паперы…

Я адказаў, што яна атрымала велізарны прыбытак. Акцыі былі прададзены па самай высокай цане, і адразу ж пасля гэтага іх курс пачаў рэзка падаць. Я растлумачыў, якія працэнтныя паперы купіў за атрыманыя грошы.

— Пасаг твой даў добры барыш. Усё аформлена на тваё імя і пакладзена ў Вестмінстэрскі банк. Сума зайздросная, нават калі ўлічыць дэвальвацыю франка. Можаш быць спакойная. Дзецям да гэтага няма ніякай справы. Я — гаспадар сваіх уласных грошай і ўсяго таго, што я нажыў. Гэта маё. Але тое, што прыйшло з табой — гэта тваё. Дык ідзі супакой вунь тых анёлаў бескарыслівасці. Ах, як яны нас свідруюць!..

Яна схапіла мяне за руку.

— За што ты іх ненавідзіш? За што ты ўсю сваю сям'ю ненавідзіш?

— Гэта вы мяне ненавідзіце. Ці лепш сказаць, дзеці мае ненавідзяць мяне. А ты… ты проста не заўважаеш мяне. Для цябе я існую толькі тады, калі нервую цябе, наводжу страх…

— Мог бы дадаць яшчэ: «І калі мучу цябе…» Хіба я мала адпакутавала?

— Не трэба, Іза. Для цябе існавалі толькі дзеці. Іх ты толькі і бачыла…

— А да каго ж мне было гарнуцца, як не да іх? Больш у мяне нікога не было. Ты пакінуў мяне, пачаў здраджваць мне, і паўгода не прайшло пасля вяселля. Сам усё ведаеш…

- Іза, дарагая, няўжо ты хочаш, каб я паверыў, нібыта мае шашні цябе хвалявалі… Хіба што, можа, закраналі тваё самалюбства. Маладыя жонкі вельмі ганарлівыя…