Выбрать главу

І раптам у натоўпе я ўбачыў самога сябе: гэта быў Рабэр. Побач з ім таптаўся нейкі нязграбны юнак, відаць, таварыш майго сына. У Рабэра такія ж доўгія ногі і кароткае тулава, як у мяне, ён уцягвае галаву ў плечы зусім як я. Глядзець на яго брыдка. Усе мае фізічныя недахопы ў яго падкрэслены. У мяне самога доўгі твар, ну а ў яго — дык зусім конская мыза. Плечы прыўзнятыя, як у гарбуноў. Дый голас у яго таксама як у гарбуна.

Я паклікаў яго. Ён адстаў ад свайго прыяцеля і спалохана азірнуўся.

— Толькі не тут! — выціснуў ён з сябе. — Прыходзьце на вуліцу Кампань-Прэм'ер. Я буду чакаць на тратуары з правага боку.

Я сказаў, што тут, у такім натоўпе, нас менш за ўсё можна заўважыць. Ён як быццам трохі супакоіўся, развітаўся са сваім таварышам і падсеў да майго століка.

Ён трымаў у руках спартовую газету. Маўчанне наша зацягнулася, і я загаварыў пра коней. Стары Фандадэж любіў пагаварыць са мной на гэтую тэму, і пра коней сёе-тое я ведаў. Я расказаў Рабэру, што мой цесць вельмі грунтоўна абдумваў, на якога каня ставіць, і ўлічваў не толькі яго радаслоўную, але і шмат іншых дэталяў, нават тое, якая зямля на бегавой дарожцы… Рабэр перапыніў мяне:

— А ў нас у краме заўсёды можна пранюхаць, ёсць шанц на выйгрыш ці не. (Пасля ўсіх сваіх няўдач ён уладкавўся ў мануфактурнай краме на вуліцы Пці-Шам.)

Аказваецца, яго цікавіў толькі выйгрыш. Коней ён не любіў.

— Мяне не да коней цягне. Вось веласіпед…

І вочы ў яго заблішчалі.

— А потым, — сказаў я, — захочаш аўтамабіль…

— Вы так думаеце?

Ён паслініў вялікі палец, адарваў папяроснай паперы і скруціў цыгарэту. І зноў маўчанне… Я спытаўся, як ідуць справы ў яго на працы. Ён адказаў, што частку персаналу ўжо звольнілі, але яму асабіста няма чаго баяцца. Пра крызіс, які ахапіў усю краіну, малады чалавек нічога не ведаў. Думкі яго ніколі не сягалі за межы яго вузкіх, дробных, асабістых інтарэсаў. І вось гэтаму тупому басяку я аддам мільёны… А можа, узяць ды пусціць гэтыя грошы на добрыя справы. Няхай будуюць школы, бальніцы… Не, дзеткі мае так мяне не ўпусцяць: абавязкова знойдуць і прызначаць апеку… А калі па завяшчанні?.. Не, тады ўсё роўна давядзецца ўсё дзяліць паміж спадчыннікамі, і толькі рэшту… Эх, Люк, быў бы ты цяпер са мной! Ён, вядома, не захацеў бы ўсё гэта прыняць… Але што там, знайшоў бы я спосаб абагаціць яго! Ды так, каб ён мяне і не западозрыў… Даў бы, напрыклад, пасаг яго каханай…

— Паслухайце, месьё, я… — сказаў Рабэр, пагладжваючы шчаку сваімі тоўстымі, чырвонымі, як каўбасы, пальцамі. — Я вось што думаю: а калі ваш павераны, ну, гэты Буру, возьме ды Богу душу аддасць, а мы не паспеем спаліць маю заяву…

— Ну дык і што? На месца Буру стане яго сын. А зброю супраць Буру, якую я вам дам, калі трэба будзе, можна павярнуць і супраць сына.

Рабэр маўчаў і ўсё пагладжваў сваю шчаку. Не хацеў і я больш гаварыць. Я пасядзеў на свежым паветры, і, здаецца, у мяне пачынаўся прыступ.

— Добра, — сказаў Рабэр, — дапусцім, Буру спаліць маю заяву, і тады я аддам яму той дакумент, які і трымае яго ў нашых руках. Але дзе гарантыя, што гэты чалавек пасля не пойдзе да вашых спадчыннікаў і не скажа: «Я ведаю, дзе схавана ваша спадчына. Прашу выдаць мне дзесяць тысяч за тое, што я прадам вам сакрэт, і столькі ж пасля таго, як скарб будзе ў вашых руках». Да таго ж ён можа ўсё ўладзіць так, каб яго імя нідзе не фігуравала. І тады ён ужо нічым не рызыкуе. Пачнецца расследаванне, зробяць дазнанне, пераканаюцца, што я — ваш сын, што жывём мы з маці раскошна, а не так, як да вашай смерці… І тады адно з двух: або плаціць падаткі з усёй сумы спадчыны, або каламуціць ваду, хітраваць…

На гэты раз гаварыў ён ясна і дакладна. Розум яго выйшаў са здранцвення. Мазгі нарэшце запрацавалі… Я быў прыемна здзіўлены, што ў гэтага прыказчыка моцна развіты сялянскія рысы: прадбачлівасць, недавер, страх перад рызыкай, жаданне нічога не пакідаць на волю выпадку. Яму, безумоўна, лепш было б атрымаць з рук у рукі сто тысяч, чым хаваць такое велізарнае багацце.

Я пачакаў, пакуль супакоіцца сэрца…

— У тым, што ты тут нагаварыў, ёсць доля праўды. Я згодзен з табою. Што ж, не падпісвай заявы. Я цалкам давяраю табе з маці. Зрэшты, калі спатрэбіцца, я дакажу як двойчы два, што гэтыя грошы мае. Але гэта ўжо ніякага значэння не мае: праз паўгода, ад сілы праз год я памру…