У адказ — ні слова спагады, суцяшэння, удзячнасці, якія ў такіх выпадках гавораць нават чужыя людзі. Не думаю, каб ён быў такі жорсткі, - проста ён быў зусім нявыхаваны.
— Ну, калі так, — сказаў ён, — можна паспрабаваць…
Падумаў трохі і дадаў:
— Трэба будзе хоць зрэдку наведвацца ў банк, пакуль вы жывыя. Няхай прывыкаюць да майго твару. Я буду хадзіць туды па грошы вам.
— Паслухай, Рабэр, — сказаў я, — ёсць у мяне яшчэ некалькі сейфаў за граніцай. І калі ты хочаш, калі ты думаеш, што больш надзейнае…
— Што вы?! Пакінуць Парыж? Не, ніколі!
Я растлумачыў, што ён мог бы жыць у Парыжы і толькі час ад часу выязджаць за граніцу. Тады ён спытаўся, у якім выглядзе маё багацце — у грашах ці ў працэнтных паперах, і дадаў:
— А ўсё ж такі добра было б, каб вы мне напісалі пісьмо… Ну, нешта такое, што вы пры ясным розуме і поўнай свядомасці завяшчаеце мне без ніякага прымусу сваю маёмасць… Гэта можа мне вельмі спатрэбіцца… Хто ведае… Дый на душы ў мяне было б лягчэй… А то, ведаеце, раптам усё раскрыецца — мяне ж вашыя дзеці ў крадзяжы абвінавацяць…
Ён змоўк, купіў сабе кітайскіх арэхаў і накінуўся на іх так, нібы цэлы тыдзень нічога не еў. І раптам спытаўся:
— Вось цікава мне, а што яны вам зрабілі?
— Бяры, пакуль даюць, і не задавай больш пытанняў, - суха адказаў я.
Яго мяккія шчокі пачырванелі. На твары з'явілася пакрыўджаная нацягнутая ўсмешка, якой, мусіць, ён адказвае на папрокі свайго гаспадара, — і тады бліснулі яго здаровыя белыя вострыя зубы — адзінае, што ўпрыгожвае гэтага няўклюду.
Ён зноў змоўк і ўзяўся за арэхі. Не скажу, каб ён выглядаў надта шчаслівым. Відаць, фантазія ўжо малявала яму ўсялякія непаразуменні з паліцыяй, з маімі дзецьмі… І трэба ж было мне трапіць на такога! Усюды бачыць толькі небяспеку… Мне захацелася трохі развесяліць яго.
— У цябе ёсць сяброўка? — у лоб спытаўся я. — Можаш цяпер ажаніцца, будзеш жыць з ёю, як багаты буржуа.
Ён зрабіў нейкі няпэўны жэст і заклапочана паківаў галавой. А я спакушаў далей:
— Ды цяпер ты можаш ажаніцца з кім захочаш. І калі ёсць у цябе на прыкмеце жанчына і здаецца табе непрыступнай…
Рабэр навастрыў вушы, і ўпершыню я ўбачыў, як загарэўся ў яго вачах агеньчык маладой страсці.
— Няўжо я змагу ажаніцца з мадмуазэль Бружэр?
— А хто яна, гэтая мадмуазэль Бружэр?
— Ды не… Я пажартаваў. Гэта старшая прыказчыца ў нашай краме. Такая жанчына! Але што я для яе… Пустое месца… Яна і ў мой бок не глядзіць…
Я запэўніў яго, што нават з дваццатай часткай таго багацця, якое я даю яму, ён зможа ўзяць замуж самую лепшую «старшую прыказчыцу» ў Парыжы.
— Ах, мадмуазэль Бружэр! — паўтарыў ён. — Не, куды там!..
Боль у сэрцы не праходзіў. Я паклікаў афіцыянта і хацеў разлічыцца, але Рабэр апярэдзіў мяне:
— Не, не. Што вы! Я сам.
Я з задавальненнем паклаў свае грошы назад у кішэню. Мы ўсталі. Музыканты ўжо складалі свае інструменты. Патухлі гірлянды электрычных лямпачак. Рабэру не трэба было асцерагацца, што яго ўбачаць разам са мной.
— Я правяду вас, — сказаў ён.
Сэрца ныла. Я папрасіў Рабэра не ісці так хутка і сказаў яму, што мне спадабалася, што ён не спяшаецца дарвацца да грошай.
— Толькі вось калі сёння ноччу я памру, — дадаў я, — ты страціш вялікае багацце.
Ён паціснуў плячыма і даволі абыякава аднёсся да такой бяды. Хоць у цэлым я, вядома, парушыў спакой гэтага маладога чалавека. Ростам ён быў ужо роўны са мной. А ці набудзе ён калі-небудзь арыстакратычныя замашкі? Вельмі ўжо нікчэмны выгляд меў гэты прыказчык, мой сын, мой спадчыннік… Я паспрабаваў надаць нашай размове душэўны характар, пачаў гаварыць яму, што страшэнна каюся, перажываю, пакутую, што пакінуў без дапамогі яго з маці. Ён, мусіць, здзівіўся: ён лічыў, што я абышоўся з імі «па-людску». Як-ніяк хоць грошы пасылаў… Ёсць такія, хто й гэтага не зрабіў бы. І дадаў страшныя словы: «Тым больш што не вы першы ў яе былі…»
Сынок, відаць, не меў ніякай спагады і літасці да сваёй маці… Падышлі да майго дома, і ён нечакана сказаў:
— Можа, мне памяняць прафесію… Заняцца чым-небудзь такім, каб бываць на біржы… Тады прасцей было б растлумачыць, адкуль у мяне такія грошы.
- І не думай, Рабэр! Ты што?! Звяжашся з біржай — загінеш!
Ён заклапочана глядзеў на тратуар.
— Я ўсё пра гэтыя падаткі думаю. А раптам інспектар пачне дапытвацца…