— Зразумей жа ты нарэшце, што твае грошы будуць ляжаць у сейфе, і ніхто на свеце, акрамя цябе, не мае права адмыкаць сейф…
— Яно-то так. Але, ведаеце…
Я не вытрымаў і ляснуў дзвярыма перад яго носам.
XV
Калез.
У акно б'ецца муха. Перада мной бязлюдныя палеткі. Завывае вецер. Гоніць цяжкія хмары. Іх цень плыве па раўніне. Нечакана ўсё сціхла. Мёртвая цішыня… Так заўсёды бывае перад навальніцай. «Тата, і вінаграднікі грому баяцца…» — вось у такі самы дзень гадоў трыццаць таму назад так сказала наша Мары.
І зноў я ўзяў у рукі свой сшытак. Прыглядаюся да свайго почырку. Вось ён які цяпер стаў… Я ўсё ж такі давяду да канца мой расказ. Цяпер я ведаю, каму прызначана гэтая споведзь. Давядзецца толькі знішчыць тыя старонкі, ад якіх ім стане страшна. Я і сам сёе-тое не магу тут спакойна чытаць. Спыняюся на кожным радку, думаю, успамінаю. Вось такі я чалавек, чалавек сярод людзей, такі я… Вас, можа, нудзіць ад такіх, як я, — а я тым не менш ёсць, я існую…
У ноч з трынаццатага на чатырнаццатага ліпеня, калі я развітаўся з Рабэрам, я ледзьве даплёўся да свайго пакоя і лёг у пасцель. Страшэнны груз душыў мяне. Я задыхаўся, а паміраць не паміраў… Акно было адчыненае. Калі б пакой мой быў на пятым паверсе!.. А так, з другога паверха, і не заб'ешся, — толькі гэтая думка мяне і спыняе. Дрыготкай рукой ледзьве дацягнуўся да таблетак, якія звычайна мне дапамагаюць.
Пад раніцу нарэшце пачулі мой званок. Паклікалі доктара, ён даў мне ўкол. Дыхаць стала лягчэй. Мне загадалі некалькі дзён не ўставаць з пасцелі. Моцны боль робіць нас вельмі паслухмянымі, і я баяўся нават пальцам паварушыць. Брыдкія шпалеры ў маім пакоі, смурод, дабітая мэбля, святочны шум і гул у дзень Чатырнаццатага ліпеня — нічога мяне не гняло: боль сціх, а большага я і не хацеў. Неяк вечарам заходзіў Рабэр. Пасядзеў трохі і больш не паказваецца. А маці яго прыходзіць кожны дзень. Дапамагае мне, робіць сякія-такія паслугі, прыносіць пошту (пісьмы мне дасылалі да запатрабавання, — з дому, праўда, ніводнага радка).
Я не скардзіўся, трымаўся спакойна, лагодна і прымаў усе лякарствы, якія мне прыносілі. Пра наш сумесны план маці гаварыць не хацела. «А куды спяшацца?» — і адразу пераводзіла гаворку на што-небудзь іншае. «Як куды спяшацца?» — уздыхаў я і паказваў на свае грудзі.
— Мая мама дажыла да васьмідзесяці гадоў, а прыступы ў яе былі цяжэйшыя, чым у вас, — супакойвала яна мяне…
Аднойчы раніцай мне стала намнога лягчэй. Такім бадзёрым я даўно сябе не адчуваў. Я прагаладаўся, але ўсё, што давалі ў гэтым доме, немагчыма было есці. У мяне з'явілася спакуслівая думка схадзіць паабедаць у невялікі рэстаранчык на бульвары Сэн-Жэрмэн. Кухня там была адмысловая. Дый каштавала ўсё нядорага. А то зойдзеш, бывала, у які невядомы рэстаран і дрыжы, бойся, што зараз як налічаць!..
На таксі даехаў да вуліцы Рэн. Прайшоўся трохі, каб паспрабаваць свае сілы. Што ж, здаецца, здароўе маё пайшло на лад. Час быў яшчэ ранні — гадзін дванаццаць, — і я вырашыў зайсці ў кавярню «Дэ Маго» выпіць шклянку мінеральнай вады. Сеў у мяккае крэсла і рассеяна глядзеў на бульвар…
Раптам мне кальнула ў сэрца. У акне на тэрасе кавярні я ўбачыў знаёмыя вузкія плечы, лысіну, сіваватую патыліцу, адтапыраныя вушы… Хюбэр… Ён унурыўся ў газету і з-за сваёй блізарукасці амаль носам вадзіў па радках. Наўрад ці ён мяне бачыў. Сэрца маё памалу супакойвалася. Мяне нават ахапіла нейкая радасць: я за табой сачу, а ты, дурань, і не падазраеш…
Цікава!.. Я зусім не здзівіўся б, калі б сустрэў свайго сынка дзе-небудзь у шыкоўным рэстаране на Вялікіх бульварах. Але тут!.. Як ён апынуўся ў гэтым квартале?.. Значыць, прыйшоў ён сюды з нейкай мэтай… Я вырашыў пачакаць. Загадзя расплаціўся за мінеральную, каб можна было адразу пайсці, калі спатрэбіцца.
Хюбэр кагосьці чакаў і ўсё паглядаў на гадзіннік. Я крыху здагадваўся, хто зараз крадком падыдзе да яго, і быў амаль расчараваны, калі пад'ехала таксі і адтуль вылез мой дарагі зяць Альфрэд. Ён быў у піжоністым саламяным капелюшы-канацье. Пакінуўшы далёка жонку, гэты саракагадовы таўстун зусім ажыў. Вунь як выфранціўся: белы касцюм, яркія жоўтыя туфлі… На фоне гэтай правінцыяльнай крыклівасці вельмі добра выглядаў Хюбэр у сваім строгім элегантным касцюме. Ну, гэты-то ўмее глядзець сябе. Недарэмна Іза гаворыць пра яго: «Апранаецца, як сапраўдны Фандадэж».
Альфрэд зняў капялюш і выцер потны лоб. Потым залпам выпіў чарачку каньяку. Хюбэр устаў і паглядзеў на гадзіннік. Я падрыхтаваўся ісці следам за імі. Мусіць, пойдуць браць таксі. Што ж, я зраблю тое самае і высачу іх. Хоць, відаць, не так гэта будзе проста. Добра ўжо тое, што я ўбачыў… Я пачакаў, пакуль яны адышліся. У таксі яны не селі… Пехатой пайшлі цераз плошчу. Пра нешта гамоняць і кіруюць у бок Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ… Вось дзе нечаканасць, вось дзе цуд: абодва зайшлі ў царкву!.. Наўрад ці паліцэйскі, які бачыць, што злодзей сам лезе ў пастку, адчувае такую радасць, як я ў той момант. Я аж задыхаўся ад радасці. Я зноў трохі пачакаў — яны маглі хутка вярнуцца: сын мой блізарукі, затое ў зяця вочы як у ястраба. Я ледзьве прымусіў сябе пастаяць пару хвілін на тратуары, а потым таксама падаўся ў царкву.