Было гэта ў пачатку першай гадзіны. Асцярожна прайшоўся я па цэнтральным нефе. Людзей было мала, і хутка я пераканаўся, што тых, каго я шукаў, тут не было. На нейкае імгненне я засумняваўся: можа, яны бачылі мяне і зайшлі сюды, каб заблытаць сляды, а самі выйшлі цераз бакавыя дзверы. Я павярнуў назад і, хаваючыся за вялізнымі калонамі, пайшоў па правым бакавым прыдзеле. І раптам у самым цёмным кутку, у глыбокай нішы, я ўбачыў іх. Абодва сядзелі на крэслах, а пасярод іх затаілася яшчэ адна згорбленая, пакорлівая асоба. Прысутнасць гэтага чалавека мяне зусім не здзівіла. Некалькі хвілін назад у кавярні я чакаў, што менавіта гэты нікчэмны чарвяк Рабэр падпаўзе да століка майго законнага сына.
Я прадчуваў такую здраду, але ўсё адганяў ад сябе гэтую думку. Пасля самай першай сустрэчы з Рабэрам мне стала ясна, што ў гэтага шчанюка, гэтага раба не хопіць адвагі, каб паслухацца мяне. Дапускаў я і тое, што маці гэтага дурня, якая занадта добра помніць свае непрыемнасці з прадстаўнікамі правапарадку, напэўна ж будзе раіць сыну ўпотай згаварыцца з маёй сям'ёй і прадаць мой сакрэт як мага даражэй… І шкада, і агідна было мне глядзець на Рабэра: моцна яго заціснулі гэтыя два кіты! Адзін з іх — Альфрэд — неблагі хлопец, як кажуць. Думае толькі пра сваю выгаду, далей свайго носа нічога не бачыць (што, зрэшты, ідзе яму на карысць). А вось другі — сынок мой Хюбэр!.. У гэтага ёсць і празорлівасць, і асцярожнасць, і вострыя іклы, і выключная ўладарнасць над людзьмі (рыса, канешне, атрыманая ад мяне). Рабэр тут, вядома, бездапаможны… Я сачыў за імі з-за калоны так, як глядзіш часам на барацьбу павука і мухі, калі ўжо загадзя ведаеш, што зараз ад аднаго ўдару загіне і павук і муха. Рабэр усё ніжэй і ніжэй схіляў сваю галаву. А пачынаў ён, мусіць, бадзёра: «Усё дзелім папалам!» Гэты звярок, бачыце, убіў сабе ў галаву, што сіла на яго баку… Эх, дурань!.. Ды з таго моманту, як ты падаў свой голас, цябе адразу раскусілі, і не табе цяпер ставіць умовы… І толькі я, сведка гэтай барацьбы, бачыў яе абсалютную безнадзейнасць і непатрэбнасць! Я адчуваў сябе як усемагутны Бог! Я збіраўся знішчыць гэтых гнюсных насякомых, растаптаць гэтых мярзотных гадзюк, і ціхенька смяяўся.
Прайшло яшчэ хвілін дзесяць, і Рабэр зусім анямеў. Затое ўвесь час гаварыў Хюбэр, — відаць, аддаваў распараджэнні, а малады чалавек пакорліва слухаў і ўгодліва ківаў галавой. Ён усё больш горбіўся: спіна была ўжо зусім круглая. Альфрэд разваліўся ў саламяным крэсле, закінуў нагу на нагу і зрэдку задаволена адкідаў назад галаву, і я мог бачыць яго чорную бараду, яго вясёлы тлусты твар.
Нарэшце яны ўсталі і не спяшаючыся пайшлі да выхаду. Я рушыў следам. Панура плёўся Рабэр, нібы злодзей паміж двума жандарамі. Нязграбнымі чырвонымі рукамі камячыў ён свой паношаны шэры капялюш. І ў той самы момант, калі я падумаў, што больш тут ужо ніхто мяне нічым не здзівіць, я ўбачыў, як Хюбэр адстаў ад Альфрэда і Рабэра, апусціў руку ў крапільніцу са «святой вадой», павярнуўся да алтара і ўрачыста перахрысціўся.
Больш мне не было куды спяшацца. Навошта турбавацца, сачыць за імі далей? Цяпер я ведаў, што сёння ўвечары або заўтра раніцай Рабэр прымчыцца да мяне, скажа, што ён з усім згодны, і будзе прасіць хутчэй брацца за наш план. Як жа мне яго сустрэць? Трэба падумаць. Часу ў мяне яшчэ хапае… Я стаміўся і прысеў перадыхнуць. Сынава ханжаства, яго пачварны жэст перад алтаром… «святая вада…». Вось што ашаламіла мяне, вось што балюча параніла мяне і засланіла сабой усё астатняе!..
Маладзенькая, сціпла апранутая дзяўчына села побач, паклала нейкі клуначак і стала на калені. Я добра бачыў яе профіль, крыху схіленую наперад шыйку. Погляд яе быў прыкаваны да таго самага алтара, на які так урачыста хрысціўся Хюбэр…
Зайшлі два семінарысты. Адзін высокі, худы, — ён нечым нагадаў мне абата Ардуэна. Другі быў невялічкага росту, з пухленькім дзіцячым тварам. Яны таксама ўкленчылі і застылі. Вочы іх умольна ўпіваліся ў алтар. А я не мог зразумець, што яны там бачаць. «Ну што, — думаў я, — нічога тут асаблівага няма, акрамя цішыні, халадку, паху ладану, воску ды каменных сырых сцен…» І зноў мой позірк спыніўся на твары маладзенькай дзяўчыны. Цяпер вочы яе былі заплюшчаныя. У яе былі доўгія вейкі, і мне ўспомніліся заплюшчаныя вочы нашай Мары, калі яна ляжала ў труне. Я адчуваў, што вось тут, зусім блізка, побач са мной, і разам з тым бясконца далёка ад мяне, існуе невядомы мне свет дабрыні… Іза часта гаварыла мне: «Ты бачыш усюды благое, адно толькі благое…» Гэта было і праўда, і няпраўда.