Выбрать главу

Урэшце ты бачыш з гэтых першых старонак, што я не збіраюся шкадаваць і сябе. Ты тут знойдзеш нямала звестак, ад якіх твая нянавісць толькі парадуецца. Ну, не трэба, не пярэч мне… бо ты, калі і ўспамінаеш пра мяне, то толькі з варожасцю.

Магчыма, я залішне рэзкі і не зусім справядлівы да таго кволага падлетка, што ўпарта ўчытваўся ў тоўстыя даведнікі і слоўнікі. Калі я гартаю ўспаміны дзяцінства другіх людзей і бачу, які светлы рай паўстае перад іх вачыма, я з нудою пытаю ў сябе: «А я? Чаму гэтая пустыня адабрала ў мяне нават дзяцінства? Можа, я нешта забыўся, а другія берагуць гэта ў памяці? Можа, і ў маім маленстве былі такія ж радасныя часіны?..» Дзе там… У памяці толькі бясконцае зубрэнне, упартая барацьба за адзнакі, жорсткае саперніцтва з Энохам і Радрыгам — маімі аднакласнікамі. Сяброў у мяне не было, бо я па прыродзе сваёй не прымаў ніякай дружбы. Поспехі ў вучобе, мая незалежнасць і нават высакамернасць прыцягвалі да мяне некаторых школьнікаў, але я жорстка адштурхоўваў кожнага, хто лез да мяне са сваёй дружбай. Я цярпець не мог ніякіх «сантыментаў». І калі б нават лёс зрабіў мяне пісьменнікам, я ўсё роўна не знайшоў бы ў сваіх дзіцячых успамінах ніводнай пяшчотнай старонкі. Пачакай… усё ж нейкі водбліск святла прабіваецца… Бацька… Я амаль не памятаў яго і часта пераконваў сябе, што ён не памёр, не, а толькі на нейкі час знік і хутка вернецца… Пасля заняткаў у ліцэі я бягом імчаўся дамоў, абмінаючы экіпажы. На тратуарах заўсёды было многа прахожых, і я бег проста па вуліцы. Стрымгалоў узлятаў я па лесвіцы. Мама сядзела ля акна і цыравала бялізну. Бацькава фатаграфія вісела на сваім месцы — справа ад ложка. Я дазваляў маме пацалаваць сябе, штосьці мармытаў у адказ на яе пытанні і садзіўся за ўрокі.

Як толькі выявілася мая хвароба, што так крута перавярнула ўсе мае планы, мама адразу перавезла мяне ў Аркашон, дзе на беразе заліва ў маленькай вясковай хатцы я правёў доўгія месяцы. Што і казаць, настрой у мяне быў самы панылы: падарванае здароўе пад корань падрэзала ўсе мае надзеі на ўніверсітэцкую кар'еру. Бедная мама, я злаваўся на яе, бо яна не заўважала маёй трагедыі і, як мне тады здавалася, увогуле не дбала пра маю будучыню. Яна тым і жыла, што з нецярплівасцю чакала, што пакажа тэрмометр. Раз на тыдзень мяне важылі, і ад маёй вагі цалкам залежалі яе радасць і гора. Шмат гадоў пазней мне давялося спазнаць, як горка і крыўдна ляжаць хвораму, калі ніхто да цябе не падыходзіць і ніхто не цікавіцца тваім станам. О, тады я зразумеў: лёс справядліва карае мяне за маю жорсткасць да мамы, якая так любіла мяне.

Прыйшла вясна, а з ёю і мая папраўка. Я ажыў. Пашырэў у плячах, пасталеў. У гэтай сухой лясістай мясцовасці, пакрытай травой і жаўтазелем (у тую пару Аркашон быў яшчэ вёсачкай), мой разбіты ад нездаровага жыцця арганізм атрымаў усё неабходнае.

І якраз у тыя веснавыя дні мама сказала мне, што яна зусім не баіцца за маю будучыню, бо мы маем немалыя зберажэнні, якія з кожным годам большаюць. Нічога яшчэ не страчана, спяшацца няма куды, тым больш што ад службы ў войску мяне хутчэй за ўсё вызваляць. Я ўмеў прыгожа і ясна выказваць свае думкі, і гэты прыродны дар слова здзіўляў усіх маіх настаўнікаў. Мама лічыла, што мне лепш за ўсё будзе паступіць на юрыдычны факультэт. А потым без асаблівых цяжкасцей я змагу стаць вядомым адвакатам або заняцца палітычнай дзейнасцю… Мама захапілася і гаварыла, гаварыла, адразу адкрываючы ўсе свае задумы, а я маўчаў і незадаволена слухаў, разгублена гледзячы ў акно.

Мяне пачыналі ўжо цікавіць дзяўчаты. Мама назірала за мной з баязлівай паблажлівасцю. Пазней, калі мне давялося жыць разам з тваімі роднымі, я пабачыў, колькі клопату прыносіць такі перыяд у жыцці маладых для рэлігійнай сям'і. А мая маці бачыла ў гэтым толькі адну небяспеку: каб гэта не пашкодзіла майму здароўю. Пераканаўшыся, што я не злоўжываю заляцаннямі, яна скрозь пальцы глядзела на мае вячэрнія адлучкі і патрабавала толькі, каб апоўначы я быў дома. Не, не бойся, я не буду табе расказваць пра свае юнацкія прыгоды. Я ведаю, што такія рэчы наводзяць на цябе жах. Урэшце, і прыгод асаблівых у мяне не было.

Але каштавалі яны мне даволі дорага, і я пакутаваў ад гэтага. Мне было крыўдна, што я непрыгожы, што нічым не магу звярнуць на сябе ўвагу і што нават маладосць мне не дапамагае. Хоць, здаецца мне, не такі я ўжо быў і нецікавы. У мяне, як кажуць, правільныя рысы твару. Жэнеўева — мой партрэт — была вельмі прыгожай дзяўчынай. Але я быў з той пароды людзей, пра якіх гавораць, што ў іх няма маладосці. Каму прыемна бачыць панурага маладога чалавека, пазбаўленага юнацкай свежасці. Ад аднаго майго змрочнага выгляду ў людзей адымаўся язык. І чым больш я ўсведамляў гэта, тым больш рабіўся злосным, хмурным і адзінокім. Я ніколі не ўмеў добра апрануцца, выбраць гальштук, завязаць яго. Ніколі не ўмеў я поўнасцю бесклапотна аддацца ўцехам, пасмяяцца, падурэць. Нельга нават уявіць, каб хто-небудзь запрасіў мяне на сяброўскую вечарынку: такі госць, як я, з самага пачатку сапсаваў бы ўсю справу. Да таго ж я быў вельмі крыўдлівы і не мог прапусціць міма вушэй ніводнай насмешкі. Затое, калі мне даводзілася самому жартаваць, адпускаў такія кпіны, якіх звычайна ніхто дараваць не мог. Я нетактоўна, груба кпіў з якой-небудзь смешнай рысы чалавека, з яго фізічнага недахопу, пра якія варта было б памаўчаць. Жанчын я саромеўся, хоць і трымаўся з імі ганарыста і незалежна. Размаўляючы з дамамі, я заўсёды надаваў свайму голасу высакамерны, павучальны тон, а гэта, як вядома, нічога, акрамя агіды, у іх выклікаць не магло. Я нічога не разумеў у жаночых уборах. Я адчуваў, што не маю поспеху ў жанчын, і «на злосць ім» яшчэ больш падкрэсліваў у сабе тыя рысы, якія і так палохалі іх. Словам, кожны дзень маёй маладосці быў крокам да самагубства. Я наўмысна спяшаўся быць непрыемным і нікому не падабацца, баючыся, што гэта выйдзе і без маіх намаганняў, само па сабе.