Выбрать главу

XVI

Абедаў я з добрым настроем. Такой раскаванасці, свабоды, упэўненасці даўно я не адчуваў. Нібы здрада Рабэра не толькі не перакрэсліла ўсіх маіх планаў, а, наадварот, паспрыяла ім. У маім узросце чалавеку, жыццё якога можа абарвацца ў кожную хвіліну, не варта шукаць прычын перамены свайго настрою: яны фізіялагічныя. Міф аб Праметэю недарэмна сцвярджае, што ўвесь сусветны смутак залежыць ад печані. Але хто адважыцца прызнаць такую простую, грубую ісціну? Боль пакінуў мяне. Я з задавальненнем з'еў смажанае мяса з кроўю. Я радаваўся, што кавалак дастаўся мне вялікі і не давядзецца траціць грошы на другія стравы. А на дэсерт вырашыў узяць сыру — тады і пад'ясі, і танна заплаціш.

Як жа мне быць з Рабэрам? Трэба нешта прыдумаць, але я стаміўся і не магу засяродзіцца. А зрэшты, нашто мне задурваць сабе галаву нейкімі планамі? Лепш за ўсё — экспромт. Не хацеў я нічога планаваць і ўсё ж смакаваў, наперад адчуваў тую асалоду, што чакае мяне: хіба гэта не ўцеха, хіба гэта не радасць — пагуляць, як кошка, з гэтым дурным мышанём, Рабэрам. А ён жа, вядома, і не здагадваецца, што я дазнаўся пра яго здраду… Жорсткі я ці не? Бадай, жорсткі. Але не болей, чым іншыя, чым дзеці ці жанчыны. Жорсткі — як і ўсе (і тут мне ўспомнілася маладзенькая дзяўчына з царквы Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ) — як і ўсе тыя, хто не шануе Хрыста.

Я вярнуўся на таксі ў свой пакойчык на вуліцы Брэа і прылёг адпачыць. Студэнты, якія займалі большасць пакояў у гэтым доме, раз'ехаліся на вакацыі. Было ціха і спакойна. І ўсё ж пакойчык мой з такой беднай мэбляй і не вельмі чыстымі фіранкамі ніяк не назавеш утульным. Ад ложка ў стылі Генрыха II паадклейваліся маленькія кавалачкі драўлянай разьбы. Чыясьці дбайная рука сабрала іх і паклала ў бронзавы кубачак, што стаяў на каміне. На глянцавітых шпалерах з муаравым узорам скрозь плямы. Нават пры адчыненым акне пах ад начной прыгожай тумбачкі, абліцаванай чырвоным мармурам, стаяў у паветры. Стол быў засланы абрусам гарчычнага колеру… Вось такое тут было «абсталяванне» — узор недарэчных, безгустоўных мяшчанскіх прэтэнзій.

Прачнуўся я ад нейкага шоргання. Расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабой Рабэраву маці. Яна лісліва ўсміхалася. І калі б нават я нічога не ведаў пра здраду яе сынка, то адна толькі гэтая ўсмешка навяла б мяне на нядобрыя думкі. Празмерная ласкавасць, угодлівасць — надзейныя прыкметы вераломнага ўчынку. Я, аднак, таксама ўсміхнуўся і пахваліўся, што адчуваю сябе многа лепш. Дваццаць гадоў назад у яе быў не такі тоўсты нос. Прыгожы круглы роцік тады быў запоўнены двума радамі моцных белых зубоў, якія атрымаў сабе ў спадчыну Рабэр. А сёння яна шырока ўсміхнулася, і я ўбачыў устаўныя сківіцы. Яна, мусіць, ішла хутка, спацела, і едкі пах поту перабіваў нават «водар» ад прыгожай начной тумбачкі. Я папрасіў яе шырэй адчыніць акно. Яна паслухмяна ўстала, падышла да акна і насцеж расчыніла яго. Зноў вярнулася, зноў абдарыла мяне сваёй робленай усмешкай і прашчабятала, што цяпер, калі я паправіўся, Рабэр поўнасцю гатовы да «той самай справы». Заўтра, у суботу, хлопчык прыйдзе да мяне апоўдні. Я нагадаў ёй, што ў суботу пасля абеду банкі не працуюць. Тады яна сказала, што Рабэр адпросіцца з работы ў панядзелак. Яго абавязкова адпусцяць, а, зрэшты, можна і не адпрошвацца: няма чаго цяпер баяцца гаспадара.

Яна моцна здзівілася, калі я рашуча запярэчыў і сказаў, каб Рабэр не звальняўся з працы яшчэ некалькі тыдняў. Развітваючыся, яна паабяцала зайсці да мяне заўтра разам з сынам, але я адказаў, што буду чакаць Рабэра аднаго і хачу пагаварыць з ім сам-насам, каб лепш, глыбей пазнаёміцца з юнаком і навучыць яго сяму-таму… Бедная дурніца не магла схаваць сваёй заклапочанасці: яна, вядома, баялася, каб сын не выдаў сябе. Аднак, калі я гавару сваім прывычным рашучым голасам і свідрую субяседніка сваім суровым позіркам, ніхто і не адважыцца спрачацца са мною. Вось так, дарагая, сама ж падвучыла сынка пайсці на змову з маёй сям'ёй!.. Я вельмі добра ведаў гэтага баязліўца, гэтага недарэку, каб уявіць сабе, як заўтра будзе ён калаціцца перада мной.

Калі назаўтра раніцай няшчасны Рабэр пераступіў мой парог, я адразу зразумеў, што адпакутаваў ён за гэтую ноч больш, чым я мог меркаваць. Павекі яго пачырванелі, апухлі, - спаць яму, відаць, ні хвілінкі не давялося. Па-зладзейску бегалі вочкі… Я запрасіў яго сесці і са спачуваннем сказаў, што мне не падабаецца яго хваравіты выгляд. Словам, я быў з ім лагодны, амаль пяшчотны. З зайздросным адвакацкім красамоўствам я пачаў маляваць яму карціны райскага бесклапотнага жыцця, якое адкрывалася перад ім. Я куплю яму ў Сэн-Жэрмэне дом, парк гектараў на дзесяць. Усе пакоі ў доме будуць абстаўлены старадаўняй мэбляй. У парку — сажалка, у ёй — цудоўная рыба. На двары — гараж на чатыры аўтамабілі. Адна за адной на маладога чалавека сыпаліся ўсё новыя і новыя спакусы. Калі я загаварыў пра аўтамабіль і прапанаваў купіць машыну самай лепшай амерыканскай маркі, трэба было бачыць, якія пакуты цярпеў гэты чалавек. Хутчэй за ўсё ён паабяцаў не прымаць ад мяне пры жыцці ніводнага франка.