Выбрать главу

— Больш цябе ўжо ніхто і нішто не патрывожыць, — дадаў я. — Купчую падпішаш сам. Я ўжо адклаў і ў панядзелак перадам табе некаторыя каштоўныя паперы, ад якіх ты будзеш мець гадавую рэнту сто тысяч франкаў. З такой сумай можна пакуль што спакойна жыць. А асноўная частка майго капіталу — у Амстэрдаме. На наступным тыдні мы з табой з'ездзім туды і аформім усе дакументы… Пачакай, Рабэр, што з табой?..

Ён прамармытаў:

— Не, не трэба… Я нічога не вазьму ад вас… пакуль вы будзеце жыць… Не хачу я вас абкрадаць… Не хачу… Не трэба…

Ён стаяў, абапёршыся аб шафу, і грыз пазногці на левай руцэ. Я пранізваў яго сваім пільным позіркам, якога так баяліся ў судзе. Бывала, у некаторых падсудных падкошваліся ногі ад такога погляду, і яны падалі на рукі жандараў…

А ў глыбіні душы я быў нават удзячны Рабэру. Цяпер я мог жыць свабодна, незалежна ад яго. А магло ж так здарыцца, што дажываў бы я свой век разам з гэтым чарвяком. Не было ў мяне да яго і нянавісці. Я вырашыў адкінуць яго са сваёй дарогі і не рабіць яму нічога благога. І ўсё ж я не мог адмовіць сабе ў асалодзе трохі пазабаўляцца з ім:

— Як гэта прыгожа, Рабэр! Ты мяне парадаваў. Мяне вельмі кранула, што ты хочаш дачакацца маёй смерці. Але я не прыму такой ахвяры. У панядзелак ты атрымаеш усё, што я абяцаў, а да канца тыдня я перавяду на тваё імя астатнюю частку капіталу (ён замахаў рукамі, скрывіўся, нешта замармытаў). Як гэта разумець, Рабэр?! Мне ўсё гэта надакучыла! Або ты згадзішся, або зусім нічога ад мяне не атрымаеш, — суха адрэзаў я.

Ён адвёў убок вочы і папрасіў пачакаць некалькі дзён, — хацеў выйграць час, каб напісаць у Бардо і атрымаць адтуль адпаведныя ўказанні. Ах ты ідыёт няшчасны!

— Рабэр, ты мяне здзіўляеш. Не разумею я цябе…

Я акінуў яго, як мне здавалася, лагодным позіркам. Якая там лагоднасць?! — Вочы ў мяне яшчэ горшыя, чым я сам. Рабэр ледзь чутна прашаптаў:

— Чаму вы на мяне так гледзіце?

— Чаму я на цябе так гляджу? — перапытаў я, міжволі перадражніваючы яго. — А ты, чаму ты не можаш глядзець мне проста ў вочы?

Людзі, якіх усе любяць, ад прыроды ўмеюць знаходзіць менавіта тыя словы і жэсты, якія прыцягваюць усе сэрцы. А я ўжо так прывык выклікаць ва ўсіх страх і нянавісць, што ў мяне і вочы, і бровы, і голас, і нават смех толькі падкрэсліваюць маю бессардэчнасць. Так было і цяпер: я хацеў надаць свайму позірку лагоднасці, паблажлівасці, а няшчасны хлапец курчыўся ад страху. Я ўсміхнуўся, а ён успрыняў маю ўсмешку як злавесны знак бяды. І нарэшце — так апошнім ударам дабіваюць жывёліну — я нечакана спытаўся:

— Ну, а тыя, колькі ж паабяцалі яны?

Ашаломлены юнак з жахам і адчаем глянуў на мяне: «Х-хто т-тыя?.. Хто па-а-бяцаў?»

— Як хто? А тыя два месье: адзін — тоўсты, другі — тонкі.

Мне ўжо хацелася хутчэй скончыць гэтую размову. Агідна было працягваць такую гульню, але ж не адразу неяк адважышся раздушыць абцасам сараканожку…

— Ды супакойся ты! — сказаў я нарэшце. — Я дарую табе.

— Гэта не я… Я не хацеў… Гэта…

Я заціснуў яму рот рукой. Не хапала яшчэ, каб гэты чарвяк абвінаваціў ва ўсім сваю маці.

— Ціха! Не трэба нікога называць… Ну, колькі абяцалі? Мільён? Пяцьсот тысяч? Меней? Немагчыма! Трыста тысяч? Дзвесце?

— Не, — жаласна запішчаў ён. — Нам абяцалі рэнту. Гэта нас і спакусіла, гэта надзейней. Дванаццаць тысяч франкаў у год.

— З сённяшняга дня?

— Не, калі яны спадчыну атрымаюць. Яны ж не маглі дадумацца, што вы можаце ўсё ўжо цяпер пакласці на маё імя. А цяпер позна ўжо… Цяпер яны мяне адразу ў суд… Хіба што ўсё схаваць ад іх… Ах, які я быў дурань!.. Вось мне і кара…

І ён уткнуўся галавой у мой ложак і заліўся горкімі слязьмі. Адна рука яго бездапаможна павісла, вялікая чырвоная рука, налітая кроўю…