— Як-ніяк, а я ж ваш сын, — стагнаў ён. — Не адракайцеся ад мяне…
І нязграбным рухам ён паспрабаваў абняць мяне за шыю. Я даволі далікатна не даў яму гэтага зрабіць. Потым падышоў да акна і сказаў:
— З першага жніўня ты і твая маці будзеце атрымліваць паўтары тысячы франкаў у месяц. Я паклапачуся, каб гэтая рэнта выдавалася да канца твайго жыцця. Калі спатрэбіцца, яе перавядуць на імя тваёй маці. Мая сям'я ні ў якім разе не павінна ведаць, што я раскрыў вашу змову ў царкве Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ. (Ён аж падскочыў, калі пачуў гэтую назву.) Думаю, няма патрэбы папярэджваць цябе, што, калі ты не зможаш утрымаць язык за зубамі — страціш усё. І яшчэ. Я змагу табе аддзячыць, калі ты будзеш трымаць мяне ў курсе ўсяго таго, што будзе задумвацца супраць мяне.
Цяпер-то ён добра ведаў, як цяжка ад мяне што-небудзь утаіць і як дорага будзе каштаваць яму яшчэ адна здрада. Я даў зразумець, што не жадаю больш бачыць ні яго самога, ні яго маці. Пісаць яны мне могуць да запатрабавання ў тое самае паштовае аддзяленне.
— Калі ад'язджаюць з Парыжа твае супольнікі?
Ён запэўніў мяне, што яны паехалі ўчора вечарам. Я рэзка спыніў яго, калі ён пачаў расшарквацца, дзякаваць і даваць абяцанні. Ён, вядома, быў ашаломлены: нейкае казачнае бажаство, якому ён здрадзіў, то ўзнімала яго да нябёс, то кідала ў бездань, то зноў падхоплівала… Сабой ён ужо не валодаў і аддаў усяго сябе ў рукі гэтаму бажаству. Выгнуўшы спіну, утуліўшы хвост, гэты сабака паўзком выносіў костку, якую я кінуў яму… Раптам ён спахапіўся і спытаўся, як і цераз каго ён будзе атрымліваць рэнту.
— Ты яе атрымаеш. Я заўсёды выконваю свае абяцанні. Астатняе — не твая справа!..
Рука яго ўжо была на клямцы, а штосьці не давала яму пайсці. У поўнай нерашучасці ён загаварыў:
— Добра было б цераз якую-небудзь страхавую арганізацыю… ну, нібыта гэта пажыццёвая рэнта ці яшчэ што-небудзь такое… Так было б спакайней…
Я з усёй сілы выпхнуў яго за дзверы.
XVII
Я абапёрся аб камін і машынальна пачаў лічыць кавалачкі драўлянай разьбы, што ляжалі ў бронзавым кубачку.
Колькі марыў я пра гэтага незнаёмага сына! Усё маё бязрадаснае жыццё мяне ніколі не пакідала адчуванне, што ён ёсць, падрастае, мужнее. Дзесьці ёсць у мяне сын, мой сын, я знайду яго, калі захачу, і, можа, хоць ён стане мне ўцехай. Жыве ён не ў раскошы, але ад гэтага ён мне яшчэ бліжэйшы: мне прыемна было думаць, што ён нічым не будзе нагадваць майго законнага сына Хюбэра. Мне бачыўся ён простым, здаровым, дужым — вартасці, якія так шануюць у народзе… Словам, на яго я ставіў сваю апошнюю карту. Я цвёрда ведаў: калі і яна будзе бітая, то больш чакаць ад гэтага жыцця мне не будзе чаго, — застанецца толькі скруціцца ў клубочак, адвярнуцца да сцяны і чакаць смерці… За сорак гадоў, як мне здавалася, я звыкся з нянавісцю — мяне ненавідзелі, і я ненавідзеў. А аказалася, як і ўсе людзі, я песціў у душы іскрынку надзеі і, як мог, ашукваў свой душэўны голад… да самай апошняй мяжы… А цяпер усё было скончана.
Цяпер я пазбаўлены нават ганебнай асалоды строіць планы, як пазбавіць спадчыны тых, хто хацеў мне ліха. Рабэр навёў іх на мой след: у рэшце рэшт яны знойдуць усе мае сейфы, нават тыя, якія запісаны на чужое імя. А можа, прыдумаць яшчэ што-небудзь? Эх! Пажыць бы яшчэ ды ўсё растраціць! А потым памерці… і каб у іх не было нават чым заплаціць за маю самую танную труну… Але пасля такога жыцця, калі ўсё падлічвалася да апошняга сантыма, ашчаджалася, эканомілася — хіба можна пасля такога жыцця стаць марнатраўцам?! Ды яшчэ ў маім веку!.. А дзеткі мае, канешне ж, будуць сачыць за кожным маім крокам. Не, не магу я кідаць грошы на вецер — гэта дало б небяспечную зброю маёй сямейцы… Трэба было пачынаць усё гэта раней, памалу, паціху… А цяпер — паспрабуй, разарыся! Куды ты падзенеш свае капіталы? Ах, забраць бы іх з сабой у магілу, і там сціскаць у абдымках гэтае золата, гэтыя купюры! І даказаць усім святым, што багацце зямное можа паслужыць і на тым свеце!
А можа, стаць шчодрым дабрачынцам? Узяць ды паслаць у канторы грамадскай апекі або ў манастыры ахвяраванні ад добрага чалавека, які захацеў застацца невядомым? Магу ж я нарэшце забыцца пра сваіх ворагаў і падумаць пра іншых людзей?.. Але самае страшнае ў тым, што старасць — гэта вынік цэлага жыцця, вынік канчатковы, у якім немагчыма памяняць ніводнай літары, ніводнай лічбы, ніводнай коскі… Шэсцьдзесят восем гадоў ляпіў я з сябе гэтага старога, перапоўненага нянавісцю да сваіх блізкіх… Такім я і памру. Якім зрабіла мяне жыццё, такім я і застануся! А як хацелася б стаць другім! О, Божа, калі ты ёсць!..