Вечарэла. Прыйшла служанка, паслала мне пасцель, а аканіц не зачыніла. Я лёг. Вулічны тлум і святло ліхтароў не перашкаджалі мне драмаць. Не раз я прачынаўся, — як у вагоне, калі цягнік спыняецца, — і зноў засынаў. Я не адчуў сябе хворым, і ўсё ж мне здавалася, што варта толькі затаіцца і пачакаць, як сон гэты зробіцца вечным.
Мне заставалася зрабіць распараджэнні, каб Рабэру выплачвалі рэнту, ды схадзіць на пошту і забраць пісьмы, калі яны там ёсць. Ужо тры дні я туды не заходзіў. Цяпер не зробіць гэтай паслугі і Рабэрава маці. Гэтае чаканне невядомага, можа, самага важнага, самага патрэбнага пісьма!.. Яно застаецца заўсёды з намі, нягледзячы ні на што! Вось вам доказ таго, што нельга ніколі чалавека пазбавіць надзеі! Нікому не вырваць з нас гэтага жывучага пырніку!..
Назаўтра я ўстаў апоўдні. Думка пра пісьмы надала мне сілы, і я пайшоў на пошту. Ішоў дождж, у мяне не было з сабой парасона, і таму я стараўся трымацца ля самай сцяны. Мусіць, нешта я рабіў не так: прахожыя паварочваліся, прыглядаліся да мяне. А мне хацелася крыкнуць ім: «Што вы на мяне гледзіце? Што ўва мне незвычайнага? А можа, вы думаеце, што я вар'ят? Ну, тады нікому не гаварыце, а то мае дзеткі адразу схопяцца за гэта. Ды не глядзіце вы на мяне гэтак: я такі, як і ўсе, — вось толькі родныя дзеці мяне ненавідзяць і я мушу бараніцца ад іх. Але гэта зусім не значыць, што перад вамі вар'ят. Часам я бываю ўзбуджаны — гэта ад лякарстваў: я хварэю на грудную жабу. Я гавару сам з сабою. Ну і што? Я заўсёды адзін. А чалавеку абавязкова трэба з кім-небудзь гаварыць. Дык што ж тут незвычайнага, калі адзінокі чалавек нешта мармыча і робіць нейкія жэсты».
У пакеце, які мне выдалі на пошце, былі плацёжныя паведамленні, некалькі пісем з банкаў і тры тэлеграмы. У тэлеграмах хутчэй за ўсё пойдзе гаворка пра нейкае маё распараджэнне на біржы, якога маклер не змог выканаць. Я вырашыў зайсці ў якую-небудзь забягалаўку паблізу і там азнаёміцца з поштай.
За доўгімі сталамі сядзелі выпацканыя ў мел і цэмент муляры. Гэта былі людзі самага рознага ўзросту. Яны паволі дажоўвалі свае невялікія порцыі, запіваючы абед літрам віна, і амаль усе маўчалі. Яны працавалі з самай раніцы пад дажджом. З паловы другой ім зноў брацца за працу. Быў канец ліпеня. На вакзалах — натоўпы людзей… Цікава, ці зразумелі б муляры мае пакуты? Напэўна. Хіба я, стары адвакат, мог сумнявацца ў гэтым? Ужо на першым сваім працэсе я сутыкнуўся з даволі тыповай з'явай: сыны не хацелі карміць свайго старога бацьку, перасварыліся паміж сабой, і кожны стараўся прагнаць бедачыну ад сябе. Праз кожныя тры месяцы стары мяняў свой прытулак. Усюды яго пракліналі. Сыны адкрыта наклікалі на яго смерць, дый сам ён чакаў сваёй пагібелі як паратунку… А колькі разоў пасля гэтага даводзілася мне ўмешвацца ў такія вось жорсткія гісторыі: стары бацька доўга супраціўляецца і не хоча выпускаць з рук сваё дабро. А дзеткі просяць, моляць, залатыя горы абяцаюць… Нарэшце стары не вытрымлівае і ўсё аддае, а дзеці потым мораць яго работай, голадам і зжываюць са свету… Нешта падобнае адчуў, відаць, на сваёй скуры вунь той стары худы, бяззубы муляр, які сядзіць за два крокі ад мяне і марудна перацірае хлеб голымі дзяснамі…
Цяпер нікому не дзіва, што я, добра апрануты дзядок, сяджу ў гэтай забягалаўцы. Я жаваў кавалачак белага трусінага мяса і глядзеў, як навыперадкі, адна за адной збягаюць па шыбе кроплі дажджу. Потым паспрабаваў разабраць прозвішча гаспадара, якое было напісана на тым баку вітрыны. Я палез у кішэнь па насоўку і намацаў сваю пошту. Надзеў акуляры і пачаў чытаць першую, што папалася ў рукі, тэлеграму: «Пахаванне мамы заўтра дваццаць трэцяга ліпеня адпяванне дзевяць гадзін царква Сэн-Луі». Адправілі тэлеграму сёння раніцай, а тыя дзве былі пасланы пазаўчора з прамежкам у некалькі гадзін. У адной паведамлялася: «Мама захварэла пры смерці вяртайся», а ў другой: «Мама памерла…» Усе тры падпісаны Хюбэрам.
Я скамячыў тэлеграмы і не кінуў есці. Адна толькі думка свідравала мяне: ці хопіць сілы сесці на вячэрні цягнік і даехаць дадому? І толькі пасля мяне ашаламіла. Як? Я перажыў Ізу?.. Ды я ж даўно ўжо адной нагой у магіле! Ніхто, ну ніхто на свеце — а я і пагатоў — не сумняваўся, што я першы лягу ў труну… Усе мае планы, выдумкі, хітрыкі — усё гэта было скіравана на тыя дні, якія прыйдуць пасля маёй смерці… Іза… Яна мне бачылася толькі так: трохі заплаканая ўдава ў доўгай крэпавай вуалі, якая замінае ёй адамкнуць сейф… А тут!.. Каб сонца пайшло ў другі бок, я не так здзівіўся б, не ўстрывожыўся!.. Тым не менш ува мне загаварыў дзелавы чалавек. Я пачаў разбірацца, узважваць, што і як у гэтым становішчы можна выкарыстаць супраць маіх ворагаў… Вось што мяне турбавала аж да самага моманту, калі цягнік застукаў па рэйках. А тады запрацавала мая фантазія: я ўявіў сабе Ізу на смяротным ложы і пачаў думаць, што адбывалася каля яго ўчора і пазаўчора. Да драбніц узнаўляў у памяці жончын пакой у Калезе (я не ведаў, што яна памерла ў Бардо). Я прашаптаў: «Ужо, напэўна, паклалі ў труну…» — і да мяне прыйшло нейкае мярзотнае пачуццё палёгкі. А то я ж не ведаў бы, як паводзіць сябе пад пільнымі, варожымі позіркамі дзяцей. Цяпер пытанне вырашана. Ну, а што да пахавання, то тут усё спрашчаецца: я прыеду і адразу, вядома, звалюся. Прысутнічаць на пахаванні ў мяне проста не будзе сілы. Цяпер вунь ледзьве даплёўся да ўмывальніка. Але немачы сваёй я цяпер не баяўся: раз памерла Іза, значыць, мне яшчэ не скора паміраць, — сваю чаргу я прапусціў. А вось прыступу баяўся, тым больш што быў адзін у купэ. На вакзале мяне сустрэнуць (тэлеграму я даў), — хутчэй за ўсё прыедзе Хюбэр…