Выбрать главу

Не, я памыліўся. Сустрэў мяне не Хюбэр. Як жа мне палягчэла, калі я ўбачыў перад сабой тоўсты, змучаны ад бяссонніцы твар Альфрэда. Ён, здавалася, трохі спалохаўся, калі ўбачыў мяне. Я мусіў узяць яго пад руку і не мог без яго дапамогі сесці ў машыну. Дажджлівым ранкам ехалі мы па сумных вуліцах квартала, дзе былі гарадскія бойні і школы. Распытваць патрэбы не было, Альфрэд сам падрабязна пра ўсё расказаў: і як Іза без прытомнасці ўпала ў гарадскім скверы, і як яе перанеслі ў аптэку паблізу, а потым павезлі дамоў, і як цяжка было несці грузнае цела на другі паверх, і як пусцілі ёй кроў, зрабілі пункцыю… У яе было кровазліццё ў мозг, але ўсю ноч яе не пакідала прытомнасць. Знакамі яна настойліва клікала мяне, а потым заснула вечным сном. Гэта адбылося ў той самы момант, калі святар прынёс святы ялей. «Але яна прычашчалася напярэдадні…»

Машына спынілася перад нашым пад'ездам. Ён быў ужо задрапіраваны чорнай тканінай. Альфрэд спяшаўся, казаў, што можа не паспець пераапрануцца для жалобнай цырымоніі. Але яму такі давялося дапамагчы мне вылезці з машыны і правесці мяне да першых прыступак.

Я не пазнаў нашай пярэдняй. Сцены — чорныя, усюды гараць свечкі, гара кветак, дзве нерухомыя манашкі… Я зажмурыўся. Усё было чужое, незвычайнае, дзіўнае, як у сне. Ад гэтых жалобных тканін, кветак, свечак да штодзённага жыцця вяла звычайная лесвіца з пацёртай дывановай дарожкай…

Па лесвіцы спускаўся Хюбэр. Строгі фрак надаваў яму яшчэ большую сур'ёзнасць, саліднасць. Ён падаў мне руку і штосьці сказаў. Але як далёка быў яго голас!.. Я хацеў адказаць яму, а змог толькі паварушыць губамі… Язык мяне не слухаўся. Хюбэр нахіліўся да мяне, яго твар зрабіўся вялізным, і я праваліўся ў чорную бездань. Потым мне сказалі, што я самлеў і быў у непрытомнасці хвіліны тры, не болей. Апрытомнеў я ў маленькім пакойчыку, дзе ў гады маёй адвакацкай дзейнасці была пачакальня. Ад нюхальных соляў заказытала ў носе. Пачуўся голас Жэнеўевы: «Зараз яму палягчае…» Я расплюшчыў вочы і ўбачыў схіленыя нада мной твары. Як жа яны змяніліся: адны былі апухлыя, чырвоныя, другія — зеленавата-бледныя. Таўстуха Яніна здавалася равесніцай нябожчыцы. Асабліва пабрыдчэў ад слёз Хюбэр: твар яго стаў зусім непрыгожы, але выраз яго быў, як у дзяцінстве, калі Іза брала яго на калені, супакойвала і гаварыла: «Ну, ну, мой маленькі, гора ў яго, гора ў майго харошага хлопчыка…» Адзін толькі Філі не змяніўся: твар у яго быў як заўсёды прыгожы і абыякавы. На маладым чалавеку красаваўся той самы фрак, у якім ён цягаўся па ўсіх рэстаранах Парыжа і Берліна. Так, мусіць, выглядае гэты басяк, калі едзе на чарговую вечарынку ці вяртаецца з начной гулянкі, п'яны і расхлябаны (вунь нават вузел на гальштуку не паспеў як след завязаць). За Філі стаялі нейкія жанчыны пад жалобнымі вуалямі, - я не мог пазнаць іх. Можа, гэта была Алімпія з дочкамі. У прыцемку бялелі нечыя накрухмаленыя манішкі.

Жэнеўева паднесла да маіх губ шклянку. Я зрабіў некалькі глыткоў і сказаў, што мне палепшала. Ласкавым і добрым голасам дачка спыталася, ці не хачу я легчы ў пасцель. Я адказаў першае, што мне прыйшло ў галаву:

— Я хацеў бы праводзіць яе да магілы, раз ужо не суджана мне было развітацца з ёю жывою…

Як той акцёр, што спрабуе знайсці правільную інтанацыю, я паўтараў: «Раз не суджана мне было развітацца з ёю жывою… развітацца з ёю жывою… жывою…», раптам гэтыя звычайныя словы, сказаныя толькі дзеля прыстойнасці, дзеля таго, каб падмацаваць маю ролю на пахаванні жонкі, - раптам гэтыя словы з магутнай сілай абудзілі ўва мне тое самае пачуццё, якое яны і павінны былі выказаць. І да мяне дайшло тое, чаго ніяк не хацеў прымаць мой розум: больш ніколі не спаткаю, не ўбачу я Ізы, і ніколі не мець нам душэўнай размовы, і ніколі не прачытае яна гэтых старонак!.. Навекі ўсё застанецца так, як было ў Калезе, калі мы гутарылі з ёю апошні раз… Нічога цяпер ужо не паправіш, не пераробіш… Яна памерла, так і не ведаючы, што быў я не толькі вылюдкам і катам, што жыў ува мне і другі чалавек… Божа! Нават калі б я прыехаў у самую апошнюю яе хвіліну, нават калі б мы не сказалі слова адно аднаму, яна ўбачыла б гэтыя слёзы, якія цяпер ліліся па маіх шчоках, і адышла б на вечны спакой, гледзячы на маю тугу і адчай…