Да мяне перасталі даносіцца жалобныя песнапенні святароў. Усё далей і далей адыходзіла пахавальная працэсія… Пайшла мая Іза ў свой апошні шлях… І ў нашым вялікім доме ўсталявалася глыбокая цішыня… За катафалкам пайшлі ўсе: дзеці, сваякі, слугі. У доме засталіся толькі я ды манашка, якая сядзела ля мяне і чытала малітвеннік.
Цішыня зноў навеяла на мяне горкую тугу вечнай разлукі, непапраўнай страты. Зноў балюча сціснулася сэрца. Усё было скончана. Позна. Нічога мы з Ізай больш не скажам адно аднаму. Усё…
Я ляжаў у пасцелі і тупа глядзеў на мэблю ў стылі Людовіка XIII, якую мы з Ізай выбіралі ў дзень нашых заручын. Гэтыя рэчы доўга служылі ёй, пакуль не перайшла да яе па спадчыне матчына мэбля. Вось гэты сумны ложак, ложак нашай бяды і няшчасця…
Усе вярнуліся з могілак. Да мяне зайшлі Хюбэр і Жэнеўева. Я зразумеў, што ніяк не могуць яны прывыкнуць да майго твару, залітага слязьмі. У жалобным маўчанні стаялі яны ля майго ложка. Дзіўна неяк выглядаў Хюбэр: яшчэ толькі поўдзень, а ён у фраку — у вячэрнім уборы. А Жэнеўева — нібы чорная вежа, на якой вылучалася толькі белая хусцінка. Адкінутая вуаль адкрывала круглы зняможаны твар… Гора сарвала з нас маскі, і мы не пазнавалі адно аднаго.
Яны пацікавіліся маім здароўем. У голасе трывога, адчай, роспач…
Жэнеўева сказала:
— Амаль усе ішлі да самых могілак. Яе так любілі…
Я папрасіў расказаць, што было з Ізай перад смерцю.
— Ёй нездаровілася. Яна і не хавала гэтага. Можа, бедная, і прадчувала сваю смерць, бо якраз перад гэтым яна цэлы дзень не выходзіла са свайго пакоя, усё нешта перабірала, спаліла ў каміне стос пісем… Мы нават падумалі, што загарэлася сажа ў коміне…
Я перапыніў дачку і спытаўся (як жа я раней пра гэта не падумаў):
— Як ты думаеш, Жэнеўева, мой ад'езд тут не… адыграў сваёй ролі?
Жэнеўева задаволена адказала:
— Вядома, і ад'езд гэты зрабіў сваё… Мама моцна пакрыўдзілася.
— А вы ёй нічога не гаварылі?.. Ну… не расказвалі пра тое, што напалі на мой след?
Жэнеўева запытальна паглядзела на брата: ці можна паказаць, што яна зразумела, пра што ідзе гаворка. Выгляд у мяне, мусіць, быў у гэты момант люты, бо яны абое перапужаліся. І пакуль Жэнеўева дапамагала мне сесці зручней, Хюбэр паспешліва адказаў, што мама захварэла дзён праз дзесяць пасля майго ад'езду і што ўвесь гэты час яны рабілі ўсё магчымае, каб мама нічога не ведала пра наш разлад. А ці было гэта праўдай? Ён яшчэ дадаў перарывістым голасам:
— Паверце, калі б мы сказалі ёй пра гэта, то мы былі б першымі, хто вінаваты ў яе смерці…
Ён адвярнуўся, і я ўбачыў, як уздрыгваюць ад плачу сынавы плечы. Нехта прачыніў дзверы і папытаўся, ці скора будуць садзіцца за стол. Пачуўся голас Філі: «Як сабе хочаце! Я не вінаваты, што ў мяне кішкі марш іграюць». Жэнеўева выцерла слёзы і спыталася, што мне даць есці. Хюбэр паабяцаў зайсці адразу пасля абеду, — тады мы пра ўсё і пагаворым раз і назаўсёды, калі толькі ў мяне хопіць сілы выслухаць яго. Я кіўнуў галавой.
Яны пайшлі. Манашка дапамагла мне ўстаць. Я прыняў ванну, апрануўся і з'еў маленькую талерачку булёну. Не хацелася мне ўвязвацца ў гэтую бойку. На роўных яна не пройдзе: сапернік будзе шкадаваць хворага, нямоглага старога.
Калі дзеці вярнуліся, перад імі быў зусім другі чалавек, які не меў ніякай патрэбы ў іх спагадзе. Я прыняў свае лекі і трымаўся бадзёра і незалежна.
Хюбэр пераадзеўся ў звычайны касцюм, а Жэнеўева захуталася ў стары матчын халат. «У мяне няма нічога чорнага, няма ў што і апрануцца…» Яны селі насупраць мяне, і пасля некалькіх звычайных фраз, якія гавораць, пахаваўшы нябожчыка, Хюбэр пачаў:
— Я многа перадумаў.
Ён старанна падрыхтаваў сваю прамову. Гаварыў так урачыста, нібы звяртаўся да сходу акцыянераў: кожнае слова — узважана, ніякіх адступленняў, ніякіх перабольшанняў…
— Ля мамінага ўзгалоўя я праверыў сваё сумленне. Я паспрабаваў зірнуць іначай на наш разлад і паставіць сябе на тваё месца. Мы бачылі ў табе бацьку, які як можа стараецца пазбавіць спадчыны сваіх родных дзяцей, і гэта, па-мойму, робіць законнымі ўсе нашы дзеянні і ўчынкі. Прынамсі, кожны чалавек іх зразумее і прабачыць. Мы далі табе маральную перавагу над намі сваёй бязлітаснай барацьбой і сваёй…
Тут ён запнуўся, шукаў патрэбнага слова — а я ціхенька падказаў: