Выбрать главу

— Ты стамляеш тату, Жэнеўева…

Хюбэр думаў, што сястра сваёй балбатнёй б'е па маім самалюбстве і можа «ўсё сапсаваць». Ён убачыў прыкметы крыўды і болю на маім твары. Але адкуль яму было ведаць, што Жэнеўева развярэдзіла маю старую рану… Я ўздыхнуў: «Шчасліўчык гэты Філі!»

Хюбэр і Жэнеўева ашаломлена пераглянуліся. Яны ніколі не сумняваліся, што я прыдуркаваты, і, відаць, з чыстым сумленнем адправілі б мяне ў вар'яцкі дом.

— Падлюга ён, распуснік! — прабурчаў Хюбэр. — А мы ў яго ў руках…

— Яго цесць не такі жорсткі, як ты, — сказаў я. — Альфрэд не раз вунь гаварыў, што не такі ўжо Філі і распуснік…

Жэнеўева не вытрымала:

— Ён і Альфрэда за сабой цягне: зяць разбэсціў цесця, усе пра гэта ведаюць у горадзе: разам да прастытутак ходзяць — колькі разоў бачылі!.. Божа! Які сорам! Якая ганьба!.. Гэтае гора так грызла маму…

Жэнеўева выцерла слёзы. Хюбэр вырашыў, што я хачу адхіліць іх ад галоўнага.

— Ды не ў гэтым цяпер справа, Жэнеўева, — злосна сказаў ён. — Можна падумаць, што свет клінам сышоўся на табе і тваёй сям'і.

Разгневаная Жэнеўева адказала, што яшчэ невядома, хто з іх большы эгаіст — яна ці Хюбэр, і дадала:

— Канешне, кожны думае перш-наперш пра сваіх дзяцей. Я ўсё, усё, што толькі магла, рабіла для Яніны і ганаруся гэтым. А хіба наша мама для нас усяго не рабіла?! За дачку я хоць у агонь…

З'едлівым тонам (вось дзе мая кроў!) Хюбэр прагугнявіў, што яна «не толькі сама ў агонь пайшла б, але і ўсіх за сабой пацягнула б».

О! Як пацешыла б мяне такая сварка ў былыя часы!.. Гэта ж такое радаснае прадвесце будучай бязлітаснай бойкі за тыя рэшткі спадчыны, якія я не паспеў бы знішчыць. А цяпер мне брыдка і сумна слухаць усё гэта… Што ж, трэба раз і назаўсёды вырашыць грашовае пытанне. Няхай дадуць мне памерці спакойна.

— Дзіўна, дзеці мае! — сказаў я. — Як дзіўна, што я ўрэшце зраблю менавіта тое, што здавалася мне несусветным вар'яцтвам…

Ну вось! Спрэчкі як не было… Абодва праціўнікі з'ядалі мяне сваімі прагнымі, недаверлівымі вачыма. Яны чакалі. Як яны насцярожыліся!..

— Я добра памятаў і ўсё жыццё баяўся таго, што здарылася з тым старым селянінам, які арандаваў у нас хутар. Ён аддаў дзецям усё, што меў, а тыя, абабраўшы бацьку, зрабілі ўсё, каб ён памёр з голаду… А яшчэ і так бывае: доўга хварэе, не хоча паміраць стары, — дзеткі дапамогуць яму: пакладуць дзве падушкі на галаву ды прыціснуць трохі…

— Тата, не трэба!

І ў голасе, і на твары адчуваўся непрытворны жах. Я рэзка памяняў тон:

— У цябе, Хюбэр, будзе многа клопату. Падзел будзе няпросты. Мае ўклады ў некалькіх банках. І тут, і ў Парыжы, і за граніцай. А яшчэ ж будынкі, землі, лес.

З кожным маім словам вочы іх большалі, але абое не адважваліся верыць. Я заўважыў, як нервова дрыжалі тонкія сынавы рукі.

— Я хачу, каб усё было скончана да маёй смерці. Трэба адразу падзяліць і тое, што вы атрымалі ад нябожчыцы маці. Пакуль буду жыць, сабе пакідаю Калез — дом і парк. Утрыманне і рамонт — за ваш кошт. Пра вінаграднікі я больш і слухаць не хачу. Забірайце сабе, а мне будзеце плаціць штомесячную рэнту, — трэба толькі вызначыць яе памер… Падай мне кашалёк, там… у пінжаку, у левай кішэні.

З дрыготкіх рук Хюбэра я ўзяў кашалёк. Дастаў адтуль канверт.

— Вось тут некаторыя звесткі пра стан і памеры маёмасці. Можаш занесці гэты канверт натарыусу Аркаму… Або пачакай, лепш патэлефануй, скажы, каб ён зайшоў да мяне. Я сам аддам гэты дакумент і пры табе засведчу яму сваю волю.

Хюбэр узяў канверт і з трывогай спытаўся:

— Ты не смяешся з нас? Не?

- Ідзі, тэлефануй натарыусу і тады ўбачыш, смяюся я ці не.

Ён кінуўся да дзвярэй, а потым спахапіўся:

— Не… сёння няёмка… Трэба пачакаць хоць з тыдзень.

І ён правёў рукой па вачах. Яму, напэўна, было сорамна, ён хацеў прымусіць сябе думаць пра маці. У руках быў канверт…

— Ну што ж, — падахвоціў я. — Адкрывай і чытай. Я дазваляю.

Ён хуценька падышоў да акна і адкрыў канверт. Ён не чытаў, а еў вачыма гэтую паперу. Не вытрымала і Жэнеўева: устала, падбегла да брата і з прагнасцю ўпілася ў вопіс маёмасці.

Я глядзеў на сваіх дзяцей… Брат і сястра… Нічога страшнага ў іх няма. Хюбэр — дзелавы чалавек, бацька сям'і, апынуўся ў катастрафічным становішчы… Жэнеўева — маці сям'і, гаспадыня… І вось — у руках мільёны, якія яны лічылі страчанымі… Папраўдзе, я нічога не бачыў у іх страшнага. А вось мая ўласная абыякавасць мяне дзівіла. Я быў падобны да чалавека, якому зрабілі аперацыю: ён прачынаецца і гаворыць, што нічога не чуў. Я адкінуў ад сябе тое, да чаго быў прыкаваны моцна, думаў — навек. І адчуваў я толькі фізічную палёгку, стала вальней дыхаць. А па сутнасці ўсе гэтыя гады я тое і рабіў, што спрабаваў вызваліцца ад свайго багацця, надзяліць ім каго-небудзь, абы толькі ён быў не з маёй сям'і. Я заўсёды памыляўся, не ведаў сам, чаго хачу. О, мы рэдка ведаем, чаго хочам, і зусім не любім тое, без чаго, здаецца, жыць не зможам!..