Я чуў, як Хюбэр гаварыў сястры:
— Неверагодна!.. Неверагодна!.. Такое багацце!..
Потым яны пашапталіся трохі, і раптам Жэнеўева заявіла, што яны не могуць прыняць такой ахвяры, не хочуць, каб я пазбаўляў сябе ўсяго дзеля іх.
Дзіўна гучалі для мяне словы: «ахвяры», «пазбаўляў сябе…». Хюбэр настойваў:
— Ты вельмі стаміўся, перахваляваўся за сёння і таму, можа, усё так паспешліва вырашаеш. Не такі ты ўжо хворы, як табе здаецца. Табе яшчэ і сямідзесяці няма, а з грудной жабай людзі да ста дажываюць. Праз нейкі час ты пашкадуеш аб сваім сённяшнім рашэнні. Калі ты хочаш, я вызвалю цябе ад усіх матэрыяльных клопатаў. Але жыві сабе спакойна і валодай усім, што табе належыць. Мы заўсёды хацелі толькі справядлівасці…
Мяне апаноўвала страшэнная стома. Ад бяссонніцы зліпаліся вочы. Я сказаў, што рашэнне маё канчатковае і больш абмяркоўваць я нічога не хачу да прыходу натарыуса.
Яны пайшлі да дзвярэй. Не паварочваючы галавы, я кінуў услед ім:
— Забыўся вас папярэдзіць: я прызначыў штомесячную рэнту ў паўтары тысячы франкаў свайму сыну Рабэру, — я абяцаў яму. Напомні мне пра гэта, Хюбэр, калі мы будзем падпісваць акт.
Хюбэр пачырванеў. Такой стралы ён не чакаў. А Жэнеўева не заўважыла тут ніякага падвоху. Толькі вочы яе сталі круглыя ад здзіўлення. Яна хутка ўсё падлічыла:
— Васемнаццаць тысяч у год! А табе не здаецца, што гэта мнагавата?..
XVIII
Луг сёння святлейшы за неба. Ад мокрай зямлі падымаецца дымок. У лужынах адлюстроўваецца няясны нябесны блакіт. Да ўсяго ў мяне сёння жывая цікавасць, як і ў тыя часы, калі я сам быў гаспадаром у Калезе. А цяпер усё тут ужо не маё, але сваёй беднасці я не адчуваю. Льюць дажджы. У бяссонныя ночы я чую, як цяжкія кроплі б'юць па чарапіцы, ведаю, што будзе бяда: пагніе вінаград, і перажываю, як і тады, калі вінаграднікі былі мае. Цяпер толькі я зразумеў, што не ўласнік, не сквапны багацей жыў ува мне, а селянін з яго спрадвечнай любасцю да зямлі. Так, так — селянін, нашчадак тых, каму зямля была храмам і майстроўняй, бядой і ўцехай. Для дзядоў, прадзедаў маіх кожны дзень пачынаўся з таго, што з трывогай і надзеяй углядаліся яны ў небасхіл, спрабуючы адгадаць, чаго сёння чакаць: буры ці пагоды…
Мая рэнта будзе накоплівацца ў натарыуса: мне пакуль што нічога не трэба. А зрэшты, калі мне чаго бракавала?!. Усё жыццё я ішоў не да сваёй мэты… Усё жыццё ганяўся за грашыма, эканоміў, дрыжаў над кожным сантымам, а аказалася, што не патрэбна мне было ні золата, ні багацце… Усё жыццё быў палоннікам страсцей, якія на самай справе мной не валодалі, былі мне чужыя… Як сабака, што брэша на месяц, быў я загіпнатызаваны халодным бляскам прагі і сквапнасці… Божа! Прачнуцца ў шэсцьдзесят восем гадоў! Адрадзіцца перад самай смерцю! Божа, дай жа мне пажыць яшчэ хоць некалькі месяцаў, хоць некалькі тыдняў!..
Сядзелку ўжо адправілі назад у горад, — я адчуваю сябе намнога лепш. Са мной засталіся Эрнэст і Амелія. Уколы рабіць яны ўмеюць; служылі яшчэ пры Ізе. У мяне пад рукой самыя неабходныя лякарствы: ампулы марфіну і нітрыту. Сын і дачка — у горадзе. Яны ўсё яшчэ занятыя падзелам маёмасці. Сюды прыязджаюць найчасцей тады, калі трэба параіцца наконт ацэнкі той ці іншай часткі спадчыны. Усё ідзе даволі мірна, без асаблівых спрэчак. Абое баяцца прагадаць і таму знайшлі даволі камічнае выйсце: усё дзяліць папалам, нават камплекты бялізны, наборы чарак і сервізы. Яны гатовы рэзаць папалам і габелен ці дыван, абы толькі ён не дастаўся каму-небудзь аднаму. Ну што ж, яны хочуць, каб усё было па справядлівасці. Вось так разумеюць яны справядлівасць… О, яны ўмеюць падбіраць сваім нікчэмным пачуццям высокія патэтычныя назвы!.. Ды што гэта я? — Не, не, я адмаўляюся ад апошняга сказа, выкрэсліваю яго. Хто ведае, можа, і яны ў палоне тых імкненняў, жаданняў, якія на самай справе не маюць у іх душах глыбокіх каранёў?