І тым не менш адчуваў я небывалы глыбокі душэўны спакой. Пазбаўлены ўсяго: грошай, надзей, дзяцей, пад пастаяннай пагрозай пакутлівай смерці я заставаўся спакойным і ўраўнаважаным. Думкі пра маё сумнае жыццё больш не мучылі мяне. Не адчуваў я грузу пражытых невясёлых гадоў і адзіноты, як быццам і не быў стары і хворы, як быццам наперадзе ў мяне было яшчэ цэлае жыццё.
XX
Ужо месяц, як Яніна жыве ў мяне. Уцякла яна з «псіхіятрычкі» і знайшла прытулак у маім доме. Яна яшчэ не зусім паправілася і лічыць сябе ахвярай змовы: гаворыць, што яе паклалі ў бальніцу за тое, што яна адмовілася пачаць працэс супраць Філі і патрабаваць разводу. Усе дзеці і сваякі лічаць, што гэта я ўбіваю ёй такія думкі, я настройваю яе супраць усіх. Але хіба ж гэта так?! Ведалі б яны ўсе, што цэлымі днямі (а ў вёсцы яны доўга, бясконца доўга цягнуцца) я толькі тое і раблю, што змагаюся з яе ілюзіямі і хімерамі. Надвор'е зусім сапсавалася: дождж, дождж і дождж… Усюды гразь, балота. Валяецца гнілое лісце. Па двары, пасыпаным жвірам, тупаюць людзі ў цяжкіх ботах. Вунь хтосьці ідзе, накінуўшы мяшок на галаву. Восень агаліла дрэвы, і нічога не хавае цяпер тых убогіх хітрыкаў, якія павінны былі надаваць саду «маляўнічасць»: каркасы альтанак, чорныя лаўкі, дэкаратыўныя расліны…
У спальнях такая сырасць, што вечарамі нам з Янінай не хапае мужнасці развітацца з утульнай гасцінай, і мы доўга сядзім перад камінам. Стары гадзіннік б'е поўнач, а разыходзіцца, падымацца на другі паверх усё не хочацца… Зноў і зноў пераконваю я ўнучку, што ніхто: ні яе бацькі, ні брат, ні Хюбэр не хоча ёй благога. Як магу, стараюся, каб не ўспамінала яна пра бальніцу. А вось ад успамінаў пра мужа ніяк нельга яе адарваць, і мы ўвесь час гаворым пра Філі: «Вы сабе ўявіць не можаце, што гэта за чалавек!.. Вы проста не ведаеце яго!..» А за гэтымі словамі ідуць то абвінавачванні, то дыфірамбы — і толькі па інтанацыі Яніны магу я ўлавіць, будзе яна яго хваліць ці лаяць на чым свет стаіць. Але факты, якія яна прыводзіць, здаюцца мне малазначнымі. У Яніны небагатая фантазія, але каханне дало ёй выдатную здольнасць усё скажаць, перакручваць, перабольшваць. Ды ведаю я твайго Філі! Нікчэмнасць ён, і толькі хуткаплынная маладосць дакранулася да яго красой сваіх промняў. Ты прыпісваеш гэтаму распешчанаму хлапчуку, які жыве на ўсім гатовенькім, то высокія тонкія пачуцці, то вераломныя намеры, а на самай справе думак у яго ніякіх няма, жыве ён аднымі рэфлексамі.
Ты і твае бацькі не разумелі, што яму хацелася адчуваць сябе мацнейшым за вас, быць незалежным, што ён задыхаўся ў гэтай рабскай атмасферы. Навошта вы так высока трымалі падачкі і прымушалі яго падскокваць? Ён з той пароды сабак, якія не паддаюцца такой дрэсіроўцы і ўцякаюць туды, дзе косці кідаюць проста пад нос.
Бедная Яніна! Зусім ты не ведаеш свайго Філі!.. Ды што яна можа бачыць, калі ўсё засланіла нуда, рэўнасць, патрэба чуць, бачыць яго, цешыцца яго ласкамі… Усё засланіў жах ад таго, што яна страціла свайго каханага… І вось аслепленая сваім каханнем утрапёна бяжыць яна за сваёй здабычай і сама не ведае, хто ён такі, за кім яна гоніцца… Людзі кажуць: бацькоўская любоў сляпая. Яніна мне ўнучка, але калі б яна была маёй дачкою, я бачыў бы яе такой, якая яна ёсць. Нічога ў ёй няма абаяльнага. Рысы твару правільныя, але фігура няўклюдная, голас нейкі пісклявы, вочы пустыя… На такіх мужчыны не надта заглядаюцца… І ўсё ж у гэтыя доўгія вечары яна здавалася мне прыгожай. Была ў яе тая асаблівая прыгажосць, якую надае жанчыне любоўны адчай. Хто ведае, можа, і знойдзецца мужчына, якога прыцягне да сябе гэты пажар… Але няшчасная гарыць у змроку, у адзіноце, і толькі я адзіны сведка яе пакут…
Шкада мне Яніны, і я цярпліва слухаю яе бясконцыя ўспаміны пра гэтага незвычайнага Філі. А што ў ім незвычайнага? — Мільёны такіх… Але я слухаю і не магу надзівіцца, як распаліў гэты Філі такое пачуццё ў маёй унучцы. Гэта ж трэба: свету белага не бачыць! Усё перастала існаваць, акрамя яе мужа, акрамя гэтага маладога самца, які любіць прыкладацца да чаркі, а на каханне глядзіць як на работу, на цяжкую павіннасць… Якое ўбоства!
Яніна амаль не заўважае дачкі, якая ўпоцемку прашмыгнула да нас у гасціную. Маці, не гледзячы, датыкаецца губамі да яе кучаравенькай галоўкі. Не скажу, каб гэтае малое не адыгрывала ніякай ролі ў жыцці Яніны: толькі дзякуючы гэтай дзяўчынцы перамагла яна ў сабе жаданне кінуцца ў пагоню за Філі (а магла б яна і пагнацца, і ўпрошваць яго, і лаяць, і рабіць сцэны на людзях). Не, не змог бы я яе адзін утрымаць. Дома яна засталася толькі дзеля дзіцяці, але вялікай уцехі ў ім не знаходзіла. Малая нібы адчувала гэта і вечарам, калі мы чакалі, пакуль пададуць на стол, спяшалася залезці да дзеда на калені, нібы шукала ў мяне прытулку. Валаскі ў яе былі мякенькія, як пух, пахла ад іх цёплым птушыным гняздзечкам, і мне ўспаміналася тады Мары. Я заплюшчваў вочы і, прытуліўшыся губамі да яе шчочкі, ціхенька сядзеў, ледзьве стрымліваючы сябе, каб моцна-моцна не абняць гэтае маленькае цельца. У такія моманты мне здавалася, што гэта Мары або Люк. Часам цалуеш яе, калі яна разгуляецца, і адчуваеш, што шчочкі ў яе чуць-чуць салёненькія, як у маленькага Люка ў дні летніх вакацый, калі ён, бывала, так набегаецца за дзень, што возьме ды засне проста за сталом. Не мог ён дачакацца дэсерту і падстаўляў усім свой сонны стомлены тварык для развітальнага пацалунку.